Гісторыя з пасляваеннымі расстрэламі ў Пышках атрымала працяг. Адразу некалькі чытачоў падзяліліся з Hrodna.life сваёй інфармацыяй. Лакалізаваць месца масавага пахавання забітых у 1946 годзе людзей яшчэ ў канцы 1980-х гадоў спрабаваў краязнаўца Мікалай Таранда, які тады прадстаўляў гісторыка-культурнае таварыства «Паходня». Але і тады, і праз 30 гадоў, зрабіць гэта не так проста.

Сёння пра расстрэлы людзей у Пышках ведаюць нямногія гродзенцы. Больш за ўсё інфармацыі было ў жыхароў вёскі Пяреселка. Але на месцы вёскі яшчэ ў савецкія гады пабудавалі шматпавярхоўкі, куды ў асноўным і засялілі мясцовых.

Каля ямы быў 41 стрэл

Знайсці жывых сведак расстрэлаў складана. Аліцыі Кізюкевіч, якая распавяла пра забойствы Hrodna.life, сёння 85 гадоў. У 1946 годзе ёй было 12 гадоў. За савецкім часам яна і іншыя жыхары вёскі Пярэселка хадзілі ў Пышкі і насілі на месца расстрэлаў кветкі. Гэта працягвалася некалькі дзесяцігоддзяў, пакуль не знеслі вёску. Для вяскоўцаў месца расстрэлаў было святым.

«У нас у Пышках ёсць малады лясок і там расстрэльвалі людзей. Гэта я добра ведаю, бо насіла з бабуляй туды кветкі і камяні. Гэта было летам 1946 года. Праз нашу Переселку пачала ездзіць машына-палутарка з падазронымі людзьмі, а ў вёсцы гэта была рэдкасць. Пастухі, якія пасвілі кароў на палях, заўважылі, што на ўскрайку капаюць яму. Казалі, калі капаюць — значыць будзе расстрэл.

Вяскоўцы сталі сачыць і мой бацька ў тым ліку. Аднойчы раніцай зноў ехала машына, шмат людзей і ўсе стоячы ў кузаве. Бацька там убачыў чалавека ў сутане, гэта быў нейкі ксёндз. Бацька падняўся на горку і сачыў за транспартам. Іншыя суседзі пабеглі па палях за машынай. Яны і выйшлі да ямы, а там патруль. Хацелі расстраляць і гэтых вяскоўцаў, але мужыкі сталі казаць, што заблукалі і ішлі на загатоўку скаціны. Неяк удалося ім дамовіцца, іх адпусцілі.

Бацька мой працягваў сядзець у хованцы і назіраў. У выніку ён налічыў 41 стрэл. Тры дні там стаяла ахова, пастухам забаранялі пасвіць побач кароў. Нават калі з’ехала ахова, зямля яшчэ «дыхала». Праз некаторы час на месцы расстрэлаў мы з бабуляй выклалі крыж і там заўсёды для вяскоўцаў было святое месца. Зараз там усё зарасло і месца знайсці будзе складаней".

«Павінен быць хоць нейкі крыж». Гродзенцы збіраюць інфармацыю пра расстрэлы ў Пышках
Аліцыя Кізюкевіч распавядае пра расстрэлы ў Пышках

Месца расстрэлу спрабавалі знайсці

Паказаць, дзе расстрэльвалі людзей, жанчына не можа з-за хваробы ног. Але яна паспрабавала растлумачыць, куды трэба ісці. Да пошукаў далучыўся і гродзенскі краязнаўца Мікалай Таранда, які ў канцы 1980-х гадоў спрабаваў адшукаць месца расстрэлаў з былым жыхаром вёскі Пярэселка.

«У 1989 годзе да нас у «Паходню» [гісторыка-культурнае таварыства ў Гродне — рэд.] прыйшоў мужчына, які распавёў, што аднойчы ў пасляваенныя гады з горада ехала машына поўная людзей і заехала ў Пышкі. Ён тады быў хлапчуком і пасвіў кароў у полі. Ён пачуў стрэлы. З яго слоў, атрымалася так, што забітых адразу не закапалі, і пакінулі ў яме. Казаў, што забылі лапаты і паехалі за імі. Тады хлапчук падышоў да месца расстрэлаў і ўбачыў святара, які ляжаў зверху. На ім быў крыж.

Гэты чалавек быў моцна перакананы, што мы знойдзем гэтае месца ў лесе, але прыйшоўшы туды — нічога не знайшлі. Ён казаў, што расстрэлы былі на мяжы старога і маладога лесу".

«Павінен быць хоць нейкі крыж». Гродзенцы збіраюць інфармацыю пра расстрэлы ў Пышках
Мікалай Таранда паказвае прыблізнае месца ў Пышках, дзе маглі закапаць людзей пасля расстрэлу. Гэта месца выглядае як роў.
Краязнаўца распавядае, што малады лес у Пышках высаджвалі ў пасляваенныя гады. За 70 гадоў дрэвы моцна выраслі і адрозніць стары лес ад маладога ў некаторых месцах проста немагчыма.

«Калі мужчына не змог зарыентавацца, а ён там пасвіў кароў, то жанчыне, магчыма, будзе складаней адшукаць гэтае месца», — дадаў Мікалай Таранда.

Павінен быць хоць нейкі крыж

У меркаваным месцы расстрэлаў сёння часта адпачываюць гродзенцы, у радыусе 100 метраў шмат смецця і бутэлек з-пад алкаголю.

Гродзенскі журналіст Анджэй Пачобут шмат гадоў займаецца пошукам гісторый і месцаў, звязаных з расстрэламі ў Гродне. Пра расстрэлы ў Пышках ён чуў раней, але не ведаў дакладнага месца.

«Гісторыя вельмі цікавая, але каб нешта знайсці, трэба ведаць дакладнае месца, — распавядае журналіст. — Трэба везці Аліцыю ў лес. Але тут усё змянілася і зарыентавацца ёй будзе вельмі складана. Сёння яна, магчыма, адзіная, хто можа паказаць дакладнае месца расстрэлаў. Крэйдавыя горы, Сабачая горка, лес „Сакрэт“ згадваюцца, як месцы расстрэлаў у Гродне. Тыя падзеі былі ў 1939 годзе і тады, па гарачых слядах, мясцовыя лакалізавалі гэтыя месцы. Пасля вайны таксама маглі расстрэльваць, бо прысуды выносіліся, але пра месцы пахаванняў не было ніякіх дадзеных — людзі баяліся гаварыць. У тыя гады стралялі тых, хто быў звязаны з калабарацыянізмам у гады вайны, і тых, хто быў звязаны з антысавецкім супрацівам, маглі там быць і святары. Трэба шукаць, гэта загінулыя людзі. Паводле хрысціянскіх традыцый там прынамсі павінен быць хоць нейкі крыж. Людзі, у якіх стралялі, напэўна думалі перад смерць, што іх калі-небудзь знойдуць і перапахаваюць».

Працяг будзе.

«Павінен быць хоць нейкі крыж». Гродзенцы збіраюць інфармацыю пра расстрэлы ў Пышках
«Павінен быць хоць нейкі крыж». Гродзенцы збіраюць інфармацыю пра расстрэлы ў Пышках
«Павінен быць хоць нейкі крыж». Гродзенцы збіраюць інфармацыю пра расстрэлы ў Пышках

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]