Горад

У Гродне зноў гавораць пра рэканструкцыю «тэкстылёў». Узгадваем гісторыю савецкага навабуда ў гістарычным цэнтры

Мясцовыя ўлады ў Гродне зноў звярнулі ўвагу на палац тэкстыльшчыкаў - вялікі будынак у самым цэнтры, які пустуе. На нядаўняй нарадзе, прысвечанай развіццю турызму, старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў даручыў да канца года распрацаваць праекта адбудовы палаца. Краўцоў хоча, каб у маі 2020 года палац у абноўленым выглядзе сустракаў гасцей чарговага Фестываля нацыянальных культур.

Тэкстыльнага камбіната даўно няма ў Гродне. Палац збіраліся аднавіць ужо не адзін раз. Узгадаем гісторыю яго будаўніцтва.

Што было тут раней

Летам 1944 г., калі савецкія войскі ўваходзілі ў Гродна, ваколіцы цяперашняй Савецкай плошчы (раней плошча Стэфана Баторыя) ляжалі ў руінах. Дамы, на месцы якіх знаходзіцца палац тэкстыльшчыкаў, згарэлі ў час нямецкай бамбардзіроўкі ў чэрвені 1941 г. Яшчэ год яны прастаялі пагарэлыя з пустымі сценамі, а пасля немцы сталі выганяць на разборку руін вязняў гродзенскага гета. Да пачатку 1943 г. ад большасці велічнай забудовы Савецкай плошчы засталіся толькі кучкі бітай цэглы.

Месца палаца тэкстыльшчыкаў летам 1944 г.
Раней тут было на што паглядзець. На куце Савецкай плошчы і Замкавай вуліцы стаяў так званы Замкавы двор, трохпавяховы будынак закладзены недзе ў 16 ст. Менавіта тут жыў Стэфан Баторый, пакуль для яго будаваўся-рэканструяваўся Стары замак.

Злева жоўты будынак - замкавы двор на месцы палаца тэкстыльшчыкаў. 1860-я гг.
Цяпер на месцы гэтых будынкаў калоны палаца тэкстыльшчыкаў. 1930-я гг.
Цяпер на месцы гэтых будынкаў калоны палаца тэкстыльшчыкаў. 1930-я гг.
Забудова на месцы палаца збоку Замкавай вуліцы, 1941 г.

Далей у бок тытунёвай фабрыкі (цяпер пальчаткавая фабрыка) ішлі камяніцы 17 — 18 ст. з прыгожымі аркамі, пад якімі знаходзіліся крамы.

Без «архитектурных излишеств»

Савецкія архітэктары хацелі ўзвесці на пустой амаль плошчы нешта грандыёзнае. І палац культуры тэкстыльшчыкаў мусіў стаць толькі пачаткам. Завяршаць забудову плошчы мусіў палац саветаў са шпілем з зоркай.

Праект пабудовы палаца
Сам палац тэкстыльшчыкаў - гэта тыпавы праект клуба на 450 месцаў, які рэалізаваны ў досыць многіх гарадах былога СССР. Цікавасць нашага палаца ў тым, што на ім часткова рэалізаваны дэкор у стылі сталінскага ампіру — найперш порцік з карынфскімі калонамі. Аднак поўнасцю аздобіць будынак бетоннымі сцягамі, гербамі і сярпамі-молатамі ўжо не ўдалося, бо маскоўскія ўлады акурат забаранілі «архитектурные излишества» на будынках на карысць будовы як мага большай колькасці хрушчовак.
Палац будуецца

500 аўтамабіляў «Перамога»

Праўда і без гэтага палац абыйшоўся дзяржаве ў 12 мільёнаў рублёў. Гэта не так і дорага — ўсяго крыху больш чым 500 аўтамабіляў «Перамога» па тагачасных коштах. Будова палаца тэкстыльшчыкаў цягнулася некалькі гадоў. Сам будынак узводзілі з цэглы, але перакрыцці ўнутры ўжо былі зроблены з цэменту.

Будоўля палаца з боку Замкавай вуліцы
Будынак урачыста адкрылі на дзень кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1959 г. і наступныя амаль сорак гадоў палац тэсктыльшчыкаў быў адным з цэнтраў гарадскога жыцця. Гурткі самадзейнасці для рабочых і пенсіянераў, канцэрты, спектаклі, пасля дыскатэкі. Усё гэта адбывалася тут. Нават некаторыя з будучых салістаў «Песняроў» пачыналі сваю кар’еру ў гэтым будынку.

Урачыстае адкрыццё палаца. 1959 г.
Палац і Фара Вітаўта. 1960 - 1961 гг.
Палац і Фара Вітаўта. 1960 - 1961 гг.

Ці паспеюць з рамонтам?

Апошнія гады існавання палацу ўжо былі не такія вясёлкавыя. Ужо гадоў з 10 у газетах публікуюцца праекты перабудовы палацу то пад кінатэатар, то пад нейкую ўстанову з рэстаранам, то яшчэ пад нешта.

Праекты перабудовы палаца сярэдзіны 2000-х
Праекты перабудовы палаца сярэдзіны 2000-х

Цяпер справа ягонай перабудовы павінна рушыць хутка. Праўда, ці хопіць грошай і часу на тое, каб крыху больш чым за год капітальна адрамантаваць гэты будынак — пакажа толькі сам час.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024