Спадчына

Гісторыя гродзенскага леспарка, у якім жылі маманты, савецкія піянеры і Эліза Ажэшка

Людзі і маманты жылі ў сённяшнім Румлёўскім парку яшчэ да заснавання Гродна. Там бавіла час Ажэшка, быў дзіцячы летнік, але да сёння амаль нічога не захавалася. Telegram-канал Hrodna 11:27 узгадаў гісторыю каштоўнага лесапарка, які атачыла гарадская забудова.

Румлёўскі лесапарк. Від з Румлёўскага моста. Крыніца: pomniki.grodnolib.by

У Румлёва жылі маманты і насарогі

У міжваенныя часы ў Румлёўскім парку размяшчаўся вайсковы лагер. Калі праз яго тэрыторыю пракладалі шашу, археолаг Ян Каханоўскі ў час раскопак міжледніковых пластоў выявіў ікол маманта. Таксама там адшукалі парэшткі шарсцістага насарога.

Падчас археалагічных раскопак 1958−1975 гадоў ва ўсходнім ускрайку вёскі Солы археолагі знайшлі рэшткі старажытных паселішчаў І-га тысячагоддзя да нашай эры. У 1982 годзе знайшлі і апісалі адклады флоры ледавіковага перяду.

Адкуль паходзіць назва «Румлёва»

Часткова парк заклалі недзе ў канцы XVIII ст. У цэнтры паўднёва-усходняй часткі парку размяшчаўся сядзібны дом. Да яго вяла кляновая алея, якой больш за 200 гадоў. Да сёння яна захавалася часткова.

Сцежка ў Румлёўскім парку. Крыніца: pomniki.grodnolib.by

Дакладнае паходжанне назвы застаецца цмяным. Першая версія — назва паходзіць ад імя аднаго з уладальнікаў сядзібы і парку — Якава Румеля. Другая — назва паходзіць ад слова «рум». Так называлі прыстань на беразе ракі для падрыхтоўкі леса да сплаву. Ёсць і трэцяя версія — ад слова «рум», але ў значэнні планіроўкі пагоннага двара, калі жылы дом размешчаны ў адзін шэраг з гаспадарчымі пабудовамі.

Каму належалі гэтыя землі

Паводле плана занёманскай часткі Гродна 1797 года, гэтыя землі належалі Радзівілам. Потым землі перайшлі ў валоданне да гродзенскага віцэ-маршалака, філосафа, масона і публіцыста Ігнацыя Ляхніцкага.

У 1828 годзе ад Ляхніцкага частка зямлі перайшла ва ўладанне памешчыка Якава Румеля. Пасля чаго сядзібу згадвалі ў дакументах пад назваю «Румлёўка», «Румеліоўка» ці «Румеліоўск».

Як Эліза Ажэшка была звязана з паркам

У 1850 годзе Якаў Румель з’ехаў у Пінск, а маёнтак перайшоў ва ўладанне Канстанціна Відацкага — айчыма Элізы Ажэшкі. Таму ў юнацтве Ажэшка бавіла час у Румлёўскім парку і неаднаразова наведвала там маці, Францішку Паўлоўскую, і пазней. Маці пісьменніцы валодала сядзібай пасля смерці свайго другога мужа да 1878 года.

Эліза Ажэшка

Адкуль у Румлёва з’явіліся вайскоўцы

У канцы XIX стагоддзя фальваркам валодаў генерал у адстаўцы, памешчык Сакольскага павету Аляксандр Валькоўскі. Але цікаўнасць да гэтых земляў выказала камандаванне 26-й пяхотнай дывізіі. Васількоўскі і яго жонка актыўна прадавалі вайскоўцам землі побач з маёнткам. Там арганізавалі летнія лагеры расійскіх войскаў. Румлёва стала месцам дыслакацыі вайскоўцаў і перайшло да вайсковага ведамства.

Падмурак былой сядзібы ў Румлёўскім парку. Крыніца: vgr.by

Падчас Першай сусветнай вайны ў Румлёва размяшчалася артылерыйская батарэя царскіх войскаў. Абодва берагі Нёмана сталі полем бою ў жніўні 1915 года, у выніку чаго царскія войскі пакінулі горад і яго акупавалі немцы.

Замест Румлёўскага моста быў іншы

У часы Расійскай імперыі ў раёне вёскі Солы размяшчалася вайсковая паромная пераправа. Таму ў пачатку ХХ стагоддзя асноўны гарадскі мост планавалі пабудаваць там. У першую чаргу патрэбу ў мосце мелі царскія вайскоўцы: каб звязаць казармы на сучаснай вуліцы Чырвонаармейскай і лагеры ў Румлёва. Але грамадскасць абурылася і мост пабудавалі на месцы сённяшняга Старога моста — у цэнтры горада.

Да ідэі будаўніцтва маста ля Румлёва вярнуліся ў 1920-я гады. Праз Нёман пабудавалі драўляны мост і ў сакавіку 1932 года ў лесапарку Румлёва яго ўрачыста адкрылі. Ён атрымаў назву «Чырвоны», бо, паводле ўзгадак старажылаў, быў пафарбаваны ў чырвоны колер. Ён праіснаваў да 1941 года — тады яго ўзарвалі.

Будаўніцтва «Чырвонага моста» у ранё Румлёва. Крыніца: Hrodna.life

Новы мост праз Нёман у раёне Румлёва пачалі будаваць толькі праз 40 гадоў. Яго адкрылі ў 1986 годзе. Гэта быў трэці аўтадарожны мост праз раку, ён атрымаў назву «Румлёўскі».

Лагер для «Юных сяброў Савецкай Арміі»

Падчас нямецкай акупацыі ў часы Другой сусветнай вайны, ў раёне пераправы размяшчаўся лагер для ваеннапалонных чырвонаармейцаў. Пасля вайны там размясцілі дзіцячы лагер адпачынку «Юны сябар Савецкай Арміі». Лагер належаў вайсковаму ведамству і збіраў дзяцей найперш з сем’яў ваенаслужачых. Ён працаваў да пачатку 1990-з гадоў.

Аблічча парка істотна змянілася

У 1970-х гадах лесапарк актыўна атачылі жылой забудовай. Праз пабудову Румлёўскага моста істотна змянілася аблічча парка. Летам 2019 года «Лесапарк „Румлёва“» атрымаў статус помніка прыроды мясцовага значэння. На ўсёй тэрыторыі плошчай больш за 90 гектараў увялі асаблівы рэжым аховы і выкарыстання. Зараз там нельга будаваць новыя аб’екты за выключэннем інжынерных і транспартных камунікацый альбо экалагічных сцежак.

Што захавалася ад парка да сёння

У заходняй частцы парка на краі схілу захавалася воданапорная вежа. Гэта адзіная захаваная пабудова ў Румлёва. Яе пабудавалі ў 1880-х гадах з бутавана каменю, а ў 1930-м годзе яе рэканструявалі польскія вайскоўцы. Каменныя сцены вытрымалі націск часу, але дах не захаваўся. Сёння вежа без дзвярэй, без даху, размалявана графіцістамі.

Фота гродзенцаў на фоне вежы ў Румлёва 1930−1940-я гады. Крыніца: Hrodna.life

У 2020 годзе з былой воданапорнай вежы хацелі зрабіць назіральную пляцоўку, але эколагі і краязнаўцы выказаліся супраць. Маўляў, гэта магло нашкодзіць лесапарку. У выніку ад праекта адмовіліся.

Сучасны выгляд вежы ў Румлёўскім парку. Фота: Hrodna.life

Таксама ў парку можна адшукаць брукаваную сцежку, якая вядзе ўніз да Нёмана. На жаль, яе паступова, год ад году, размывае вада ў час залеваў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024