Эрык — вялікі сабака, чыстакроўны дварняга, трохі падобны да аўчаркі. Раней ён жыў у прытулку. Аднойчы яго ўжо забіралі, але вярнулі. Так цягнулася да той пары, пакуль па Эрыка не прыйшла Наста Лойка. З ёй Эрык застаўся больш чым на пяць гадоў. І не раставаўся б надалей. Але аднойчы прыйшлі па Насту.

Зараз Эрык жыве ў Чэхіі. А што адбывалася, пакуль ён туды патрапіў, для Telegram-канала «Тётя Ира разрешила» расказалі людзі, што шукалі (і знайшлі) гадаванцу Насты Лойкі новы дом.

Эрык зашыфраваўся і стаў «ходскі пес»

Мясцовасць, дзе зараз жыве Эрык, называецца Ходска і знаходзіцца на памежжы з Баварыяй. Для тутэйшых жыхароў найважнейшай справай была абарона межаў. Праз тое сімвалам рэгіёна стаў сабака мясцовага паходжання — ходскі пес.

«Выглядае ён як нямецкая аўчарка на кароткіх лапках. Карацей — выліты Эрык», — расказала Ганка Барадзіна, новая сяброўка сабакі Насты Лойкі. — Ужо некалькі разоў нам казалі на вуліцы, што Эрык красаўчык і сапраўдны ходскі пёс".

Правы сабакі - інструкцыя ад Насты Лойкі

Найбольш «перажывалі» пра адаптацыю Эрыка чэшскія сваякі Ганкі. Бо раптам ён не навучыцца гаўкаць па-чэшску і не паразумеецца з мясцовымі людзьмі і сабакамі. «Насамрэч, добра ўсе паразумеліся. Дапамагае пагладзіць, пакарміць і не парушаць правілаў сабачай ветлівасці», — кажа Ганка Барадзіна.

Ганка Барадзіна разам з Эрыкам - сабакам Насты Лойкі
Ганка Барадзіна разам з Эрыкам

Наста Лойка пакінула для новых сяброў сабакі інструкцыю з пералікам карысных кніг і кантактаў спецыялістаў, што працавалі з Эрыкам. Найбольш уразіла Ганку тое, што ў інструкцыі быў раздзел «Правы сабакі».

«Там не напісана, якія ён каманды ведае, гэта не важна. Важна, што ў яго ёсць правы: права на сон, на адпачынак, на ежу, на дапамогу, на камунікацыю са сваімі сародзічамі, на справядлівы догляд — такі вось падыход. У гэтым уся Наста».

Сабака з праваабарончай «радаслоўнай»

Наста Лойка — праваабаронца. То і сяброўкі ў яе такія ж. Адна з іх — Марфа Рабкова. Менавіта яна і стала «хроснай» Эрыка, бо валанцёрыла ў прытулку, куды патрапіў пёс. Марфа часта публікавала на ўласных старонках у сацсетках здымкі сабак з прытулку. На адным з іх Наста Лойка пабачыла Эрыка і адразу вырашыла забраць.

Праваабаронца Наста Лойка разам з сабакам Эрыкам
Наста Лойка разам з Эрыкам

«Прыязджаем мы ў прытулак, а там процьма сабачак, — расказвае сяброўка Насты, Ірына Арахоўская. — Яны ўсе такія мілыя — скачуць, прыгаюць. І толькі Эр сядзіць і глядзіць на нас з-пад броваў. Думаю: «Ну, яўна яна возьме каго заўгодна, але не гэтага пса. Але Наста ўзяла менавіта яго. Агромнага такога».

праваабаронца Наста Лойка

Наста Лойка — праваабаронца, лаўрэатка Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2022 год у намінацыі «Праваабаронца года». У няволі ад кастрычніка 2022. Яе абвінавачваюць у распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы.

Валанцёры ў прытулку расказалі дзяўчатам гісторыю Эрыка. Яго знайшлі кінутым ля дарогі. Некалькі разоў спрабавалі прыстроіць у добрыя рукі, але новыя гаспадары кожны раз вярталі сабаку. Больш ніхто не хацеў яго браць. «Карацей, Эрык — супертраўмаваны сабачка. Невядома, што з ім рабілі ў дзяцінстве, ці калі забіралі, бо ён вельмі баіцца людзей», — расказала Ірына.

План «А», які рухнуў

«Наста з Эрыкам вельмі шмат займалася, — кажа Ірына Арахоўская. — Шмат кніжак прачытала, працавалі разам з кіналагіняй. Вельмі сур’ёзна падыйшла да справы».

У Ірыны таксама ёсць сабака, забраны з прытулку. Наладзіць з ім стасункі таксама дапамагала Наста. «Яна казала, што праблемы з сабакамі не таму, што сабакі злыя, а таму, што ў нас няправільны падыход».

Летась Ірына мусіла пакінуць краіну. Клопат пра яе сабаку ўзяла на сябе Наста. «Яна зрабіла ўсе прышчэпкі, знайшла перавозчыка і сябра, які ехаў у Польшчу — ўсё арганізавала». Пакінуць без увагі сабаку Насты пасля такога было б немагчыма.

Эрык - сабака Насты Лойкі
Эрык на шляху ў Чэхію

Да таго ж, Наста падрыхтавала для сяброў інструкцыі, як быць у выпадку, калі яе затрымаюць. «Там была і частка пра Эрыка, — расказала Ірына Арахоўская. — Мы загадзя абмеркавалі, калі і як трэба перавозіць Эрыка, у каго ён можа жыць. Але калі стала зразумела, што Наста не выйдзе і магчыма доўга, то ўвесь план абрушыўся. У многіх людзей на той час таксама змяніліся абставіны і ўсё трэба было рабіць спачатку».

«Пашкадавала, што я не Эрык»

Самай вялікай праблемай было знайсці для Эрыка новае месца жыхарства. Аб’яву, што сабака шукае новых гаспадароў, Ірына размясціла ў сацсетках. «Не пісала, чый гэта сабака, але напэўна, многія здагадаліся». Інфармацыю актыўна рэпосцілі, але прапанаваць патрэбную дапамогу амаль ніхто не мог. Бо ў асноўным пісалі тыя, хто самі нядаўна з’ехалі і пакуль не мелі ўмоваў, каб трымаць вялікага сабаку. Часцей адгукаліся проста на эмоцыях, каб хоць цёплымі словамі падтрымаць". Пакуль аднаго для не прыйшло паведамленне з Чэхіі.

Ганка Барадзіна з сабакам Эрыкам на шпацыры
Ганка з Эрыкам на ранішнім шпацыры

«Калі гэтыя людзі напісалі мне пра ўмовы, у якіх будзе жыць Эрык, я пашкадавала, што я не Эрык», — прызнавалася Ірына. — Там прыватны дом, побач ёсць лес, рэчка і поле. Я вельмі баялася, што яны адмовяцца ці нешта пойдзе не так, бо яны выглядалі найлепшымі кандыдатамі. І вельмі шчаслівая, што ўсё склалася".

Беларусь — Польшча — Чэхія

У Мінску Эрыку зрабілі ўсе патрэбныя прышчэпкі і знайшлі перавозку. Але — толькі ў Польшчу. Каб Эрык змог даехаць да Чэхіі, новая сяброўка пса, Ганка Барадзіна, сама прыехала па яго ў Варшаву.

«Эрык не быў джэнтэльменам, — расказвае Ірына Арахоўская пра першую сустрэчу Ганкі з сабакам. — На першым сумесным шпацыры ён цапнуў Ганку за руку. Яна вельмі адважны чалавек — не спужалася і ўзяла сітуацыю ў свае рукі. Праз гадзіну Эрык ужо пайшоў да яе ў машыну, лёг на калені і ўсё было добра. Я проста здзівілася, як так атрымалася».

Уратаваць шэрагоўца Эрыка. Як Пёс Насты Лойкі праехаў 1000 кіламетраў і навучыўся гаўкаць па-чэшску
Ганка і Эрык

«Справа не ў тым, што мы шукалі сабаку»

Ганка расказала, што пост пра Эрыка яны з Янкам пабачылі ў сацсетках і спачатку прапанавалі сваю дапамогу, як план «Б» — спадзяваліся, што знойдзецца нехта бліжэй. «Але доўга ніхто не знаходзіўся і мы вырашылі: калі можам быць планам «Б», то справімся і стаць планам «А».

Пра сабаку яны думалі ад таго часу, як некалькі гадоў таму Ганка пераехала ў Чэхію з Гродна. У Гродне ў яе таксама быў агульны з сяброўкай Вольгай Галецкай сабачка — Коска. Яе таксама забралі з прытулку.

Уратаваць шэрагоўца Эрыка. Як Пёс Насты Лойкі праехаў 1000 кіламетраў і навучыўся гаўкаць па-чэшску
Ганка Барадзіна і Вольга Галецкая з сабачкам Коскай у Гродне. Фота з архіву Hrodna.life

Пазней дзяўчаты раз’ехаліся з Гродна і Коска выправілася з Воляй у Польшчу, а Ганка засталася без сабакі. Эрык стаў нагодай зноў займець пса.

«Справа не ў тым, што мы шукалі сабаку. Гэта выпадак, калі рэальна можам дапамагчы. У нас тут проста санаторый дамашні для пса. Куды ні пайдзі - лес, возера, прырода — ідэальнае месца.»

У любой незразумелай сітуацыі - чашы сабаку

Ужо з практыкі Ганка і Ян зразумелі, што Эрык вельмі любіць гуляць з тэніснымі мячыкамі і гатовы бегаць за імі хоць гадзіну запар. Яшчэ адзін улюбёны занатак — плаваць. Тое, што побач ёсць возера, стала для сабака падарункам. Ян любіць хадзіць у пешыя паходы і ўжо будуе планы, як яны з Эрыкам будуць падарожнічаць.

Уратаваць шэрагоўца Эрыка. Як Пёс Насты Лойкі праехаў 1000 кіламетраў і навучыўся гаўкаць па-чэшску

Знаходзіць агульную мову з сабакам дапамагае і досвед з гродзенскай Коскай. «Гэта — зусім іншы досвед, чым узяць шчанюка ад пачатку. Ведаю, якія памылкі мы рабілі, што можна было б не рабіць. І бачу, колькі сілаў, любові, партнёрства Наста уклала ў адносіны з Эрыкам», — расказвае Ганка. — Мы пазнаеміліся з ім у стрэсавай для яго сітуацыі. Але за той кароткі час, што мы адно аднаго ведаем, ужо ўсталяваўся давер. Сабачка такі мілы, часта прыходзіць абдымацца. А яшчэ ён проста абажае часацца. З ім перадалі тры шчоткі і я вырашыла паспрабаваць. Гэта былі такія танцы! То цяпер у любой незразумелай сітуацыі - чашы сабаку".