Шматлікія ціктокі, рылсы і пасты з фразай “газ знаёміцца” — адносна новым мемным заклікам да пошуку сяброў — збіраюць у Беларусі тысячы лайкаў. Гродзенцы не засталіся ўбаку. Але надзейней знаёміцца ў афлайне. Расказваем, як знайсці сяброў у 2026 годзе, калі сказаць “Давай сябраваць!” страшна.

Апошнім часам беларусы старэйшыя за 25 гадоў усё часцей ствараюць у Threads галінкі (асобны пост ці ланцужок паведамленняў — Hrodna.life) аб пошуку сяброў. Не абмінуў гэты “трэнд” і гродзенцаў. Часцей за іх ствараюць жанчыны. Яны ж і атрымліваюць больш водгуку, чым мужчыны.

“Цяпер многія людзі ў свеце адчуваюць адзіноту. Адчуваюць яе па розных прычынах, але часцяком людзі звязваюць адзіноту менавіта з рамантычнымі адносінамі. Аднак, важна таксама мець знаёмых і прыяцеляў у розных сферах жыцця. Важна памятаць, што людзі любяць, калі з імі чымсьці дзеляцца. Ім важна, што хтосьці можа звярнуцца па дапамогу і падтрымку”, – сцвярджае псіхолаг-супервізар Ягор Бурцаў.

Спецыялісты адрозніваюць сацыяльную дэпрывацыю, сацыяльную ізаляцыю і адзіноту. Апошняе ўзнікае ў выпадках, калі існуючыя ўзаемаадносіны не адпавядаюць жаданням або патрэбам чалавека. Пры адзіноце колькасць сувязяў і кантактаў можа быць шырокай, але не задавальняць.

Паводле ацэнак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, кожную гадзіну ад прычын, звязаных з адзінотай, памірае каля ста чалавек, у год — больш за 800 тысяч. У многіх краінах Еўропы адзіноту часцей адчуваюць пажылыя людзі, у ЗША да адзінокіх сябе часцей адносіць моладзь. Пры гэтым адно з нядаўніх даследаванняў у Германіі паказала, 45% маладых немцаў ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў адчуваюць умераную ці моцную адзіноту. Даследаванні, якія вывучалі б стан адзіноты сярод беларусаў, не праводзіліся.

"Чалавеку патрэбны чалавек, жывы і цёплы". Гродзенцы шукаюць сяброў праз сацсеткі - а што з афлайн-знаёмствамі?
Галінкі жыхароў Гродна аб пошуку сяброў у Threads. Некаторыя такія пасты збіраюць мноства каментароў такіх жа гродзенцаў, якія шукаюць сяброў. Фота: Hrodna.Life.life
"Чалавеку патрэбны чалавек, жывы і цёплы". Гродзенцы шукаюць сяброў праз сацсеткі - а што з афлайн-знаёмствамі?
Прыклад галінкі гродзенкі аб пошуку сябровак, які сабраў амаль 300 лайкаў і больш за 150 каментароў. У тым ліку ад іншых гродзенак, якія праводзяць “жаночыя клубы” у горадзе. Фота: Hrodna.Life.life

“Давай сябраваць!”

Псіхолаг лічыць, што знайсці сябра – не такая простая задача, асабліва для дарослага чалавека. Часта здабыццё сяброўства праходзіць праз некалькі этапаў: спачатку гэта незнаёмы чалавек, затым прыяцель, і толькі потым ужо сябар.

У моладзі ў вёсках і ў старэйшага пакалення ў гарадах раней (а, магчыма, дзесьці і цяпер) знаёмствы і сяброўства часцяком завязваліся на банальнай лавачцы каля дома. Механізм пошуку знаёмых-прыяцеляў-сяброў у наш час трансфармаваўся: многія “класічныя” для здабыцця сяброўства месцы часткова або цалкам перайшлі ў онлайн — сярод іх праца і вучоба. Гэта значыць, раней гэты працэс праходзіў больш натуральна – зараз для яго патрэбныя пэўныя намаганні.

Таму гродзенцы шукаюць сяброў у Threads і адначасова заяўляюць пра тое, што падысці да чалавека і сказаць “Давай сябраваць” для іх няпроста. Псіхолаг Ягор Бурцаў прыкмячае, што “прапанова сяброўства — наш галоўны “баг” (дэфект або збой — Hrodna.life)”.

"Чалавеку патрэбны чалавек, жывы і цёплы". Гродзенцы шукаюць сяброў праз сацсеткі - а што з афлайн-знаёмствамі?
Прыклады галінак у Threads аб пошуку сяброў у Гродне. Фота: Hrodna.Life.life

“Можна ўспомніць пра камунікацыю малодшых школьнікаў: хлопчык падыходзіць да дзяўчынкі і кажа “Давай сябраваць!”. На самай справе на прапанову сяброўства могуць адгукнуцца вельмі многія. Таму што многім людзям сапраўды часта гэтага не хапае”, – сцвярджае псіхолаг.

Сяброўства як “праект”, а не натуральная частка жыцця

У інтэрнэт-знаёмстваў ёсць праблема – іх цяжэй перанесці ў рэальнае жыццё, у афлайн.

“У анлайн-прасторы могуць сядзець людзі, якім цяжка з яе выйсці. Галоўная праблема ў тым, што яны могуць не ўмець сфармуляваць гэты выхад у афлайн, цяжка на яго згаджаюцца. Гэта значыць, яны могуць нават не ведаць, як сказаць чалавеку “Пойдзем выйдзем у афлайн, пойдзем пап’ем кавы”. Можа таксама прысутнічаць насцярожанасць – свет поўны небяспек, ці мала хто на тым канцы”, — прыкмячае Ягор Бурцаў.

Эксперт паказвае на тое, што для людзей можа быць вельмі важным адчуваць менавіта жывога чалавека побач, з яго мімікай і жэстамі. “Чалавеку патрэбны чалавек, жывы і цёплы”, — рэзюмуе псіхолаг.

Шукаем сяброў у анлайне для сустрэч у афлайне

Тыя, хто, мабыць, інтуітыўна гэта зразумеў, шукаюць у Threads новых знаёмых для сумеснага ўдзелу ў квізах, настольных гульнях, наведвання курсаў акцёрскага майстэрства. Псіхолаг пацвярджае, што першае, на што варта арыентавацца пры пошуку сяброў — інтарэсы: “Патэнцыйных сяброў можна шукаць на мерапрыемствах у той сферы, якая цікавіць і вас: дзе людзі разам пішуць, рыбачаць, шыюць, ганчараць, і гэтак далей”.

"Чалавеку патрэбны чалавек, жывы і цёплы". Гродзенцы шукаюць сяброў праз сацсеткі - а што з афлайн-знаёмствамі?
Веткі ў Threads з пошукам у Гродне знаёмстваў па інтарэсах. Фота: Hrodna.life

На думку эксперта, наведванне афлайн-мерапрыемстваў і афлайн-прастор — першы і самы важны этап алгарытму пошуку “жывых” сяброў. У якасці прыкладу псіхолаг прыводзіць паходы і бегавыя марафоны.

Ёсць сацыяльныя групы, для якіх сяброўства асабліва важная. Напрыклад, у Threads ёсць пасты маладых мам з Гродна, у якіх яны шукаюць такіх жа бацькоў для пабудовы сяброўства і сумесных прагулак з дзецьмі. Акрамя абмену пазітыўнымі і негатыўнымі момантамі бацькоўства, радасцямі і перажываннямі, для іх можа быць карысна таксама дзяліцца кантактамі лекараў, нянь, і гэтак далей.

"Чалавеку патрэбны чалавек, жывы і цёплы". Гродзенцы шукаюць сяброў праз сацсеткі - а што з афлайн-знаёмствамі?
Пасты маладых мам у дэкрэце, якіх шукаюць такіх жа мам у дэкрэце. Фота: Hrodna.life

Аднак шукаць сяброў у афлайне можна самымі рознымі спосабамі, часам не заўсёды відавочнымі: “Уявім, што вам падабаецца футбол. Можна пайсці ва ўстанову, дзе сядзяць мужчыны, п’юць піва і заўзеюць за вашу любімую каманду. У “запале барацьбы” вы як мінімум сустрэнецеся поглядамі з гэтымі людзьмі, а можа нават і пазнаёміцеся”.

На думку псіхолага, важна не проста пазнаёміцца, некалькі разоў пасядзець і “пазаўзець” разам, а вылучыць нейкага канкрэтнага чалавека ў такой кампаніі: “Вам, да прыкладу, падабаецца, як ён разважае пра футбол, ён можа гэтак жа, як і вы, цікавіцца рыбалкай, быць чымсьці падобным да вас у поглядах. Можна запрасіць гэтага чалавека “на піва” ўдваіх. Пагаварыць пра футбол, рыбалку і пра што заўгодна яшчэ. Вось так, паціху, і можа пачацца гісторыя сяброўства”, – дзеліцца радай спецыяліст.

Манетызацыя пошуку сяброў

Калі самастойна займацца пошукам сяброў складана, гэта зробяць за вас. З траўня гэтага года ў Гродне праходзяць сустрэчы ў фармаце speed friending — у перакладзе з англійскай “хуткія сяброўскія знаёмствы”, алюзія на speed dating – хуткія знаёмствы для рамантычных мэтаў. Яны даюць магчымасць пазнаёміцца ў афлайне адначасова з мноствам людзей. Мэта арганізатараў – каб пасля нейкія з знаёмстваў перараслі ў сяброўства. Наведванне платнае, у сярэднім каля 30 рублёў.

Як правіла, сустрэчы праходзяць наступным чынам: незнаёмыя да гэтага людзі напераменку разбіваюцца на пары і адказваюць на загадзя складзеныя пытанні адзін пра аднаго. На гэта вылучаецца пэўная колькасць раўндаў, пакуль кожны ўдзельнік не пазнаёміцца з усімі астатнімі.

Раней больш за год сустрэчы ў фармаце speed friending праходзілі ў Брэсце, а затым і ў Мінску. На дадзены момант у Гродне адкрыты запіс на дзве бліжэйшыя сустрэчы – адзін для тых, каму ад 18 да 35 гадоў, і адзін для людзей старэйшых за 35.

"Чалавеку патрэбны чалавек, жывы і цёплы". Гродзенцы шукаюць сяброў праз сацсеткі - а што з афлайн-знаёмствамі?
Старонка рэгістрацыі на сустрэчы фармату speed friending у розных гарадах Беларусі. Фота: Hrodna.life

Мяркуючы па фотасправаздачах з сустрэч, фармат карыстаецца папулярнасцю ў беларусаў. Пасты з анонсамі сустрэч у розных гарадах Беларусі збіраюць дзясяткі лайкаў у Instagram.

А што з пошукам сяброў за мяжой?

Нядаўні даклад арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця выявіў у Літве і Польшчы мінімальную сярод 24 краін ЕС долю рэспандэнтаў, якія штодня ўжывую або выдалена маюць зносіны з сябрамі і блізкімі. Асаблівасць гэтых дзвюх краін – наяўнасць у іх буйной беларускай дыяспары.

Эмігранты добра ведаюць адчуванне страты ўсяго напрацаванага гадамі “сацыяльнага капіталу”. У моманты пошуку і нявызначанасці, знаёмства з новай культурай, бытавымі і бюракратычнымі нюансамі, здабыццё сяброўства можа па-асабліваму дапамагчы.

Псіхолаг Ягор Бурцаў раіць пачынаць пошук сяброў у эміграцыі з людзей, якія гавораць на вашай мове. Хадзіць на мерапрыемствы дыяспары, збліжацца з кампаніямі, якія іх наведваюць, і пераходзіць да больш “вузкіх” сустрэч. “Для сяброўства вельмі важным з’яўляецца давер, якое падтрымлівае чалавечае стаўленне. Мова тут можа граць вельмі важную ролю”. Паступова варта пашыраць зносіны на мясцовых жыхароў – гэта дапаможа інтэграцыі.

Псіхолаг упэўнены: нягледзячы на тое, што свет здаецца небяспечным і давяраць іншым можа быць усё складаней, у пошуку сяброў важна спрабаваць і не спыняцца.