Полезное

Канфлікт Расіі і NATO можа пачацца за 35 км ад Гродна. Што гэта за месца і чаму яго ўжо назвалі самым небяспечным у свеце (6 картак)

У НАТА чакаюць, што самай гарачай кропкай у магчымым канфлікце з Расіяй стане Сувалкскі калідор. Ён знаходзіцца ўсяго ў 35 кіламетрах ад Гродна. Амерыканскі часопіс Politico назваў гэта месца самым небяспечным на планеце. Палітычная сітуацыя ў рэгіёне абвастрылася пасля забароны Літвы на транзіт расійскіх тавараў у Калінінградскую вобласць. Чаму Сувалкскі калідор лічыцца галоўнай ваеннай мэтай Расіі ў Балтыі? Ці варта гродзенцам турбавацца праз гэта? Hrodna.life разабраўся.

1. Сувалкскі калідор — гэта што такое і дзе?

Гэта ўчастак уздоўж польска-літоўскай мяжы, размешчаны паміж Беларуссю і Калінінградскай вобласцю. Атрымаў такую назву, бо ў цэнтры гэтай тэрыторыі знаходзіцца польскі горад Сувалкі. Гіпатэтычна Сувалкскі калідор можа забяспечыць Расіі самы кароткі сухапутны шлях у Калінінград праз тэрыторыю ЕЗ. Адлегласць паміж Расеяй і Беларуссю на гэтым участку складае каля 100 км уздоўж лініі мяжы і каля 70 км — па прамой.

З боку Беларусі бліжэйшы да Сувалкскага калідора буйны населены пункт — гэта Гродна. Адлегласць ад нашага горада да крайняй паўднёва-ўсходняй кропкі калідора — 35 км.

Сувалкскі калідор. Ілюстрацыя: Brateevsky, Wikimedia Commons

2. Чаму гэты ўчастак такі важны для Расіі і НАТА?

Сувалкскі калідор лічыцца адной з галоўных мэтаў Расіі ў выпадку магчымага нападу на краіны Балтыі. Кантроль над гэтай тэрыторыяй, з аднаго боку, дазволіць наладзіць наземнае спалучэнне з Калінінградскай вобласцю (важнай для Расіі ў тым ліку і як вайсковая база) і не дапусціць яе блакавання. З іншага боку, Расія, захапіўшы гэты ўчастак, зможа адрэзаць Літву, Латвію і Эстонію ад астатніх краін NATO.

На сёння, пакуль Фінляндыя і Швецыя не ўступілі ў альянс, краіны Балтыі знаходзяцца на перыферыі блока. Праз Сувалкскі калідор праходзіць адзіны наземны шлях, які злучае іх з саюзнікамі.

3. Гэта праўда, што тут — самае слабае месца NATO на ўсходнім флангу?

Так, гэта так. Сувалкскі калідор яшчэ называюць ахілесавай пятой НАТА. Справа ў тым, што ён практычна цалкам дасяжны для артылерыі і сістэм СПА Расіі і Беларусі. Расійскае войска мае тут магчымасць наступаць адразу з двух кірункаў - з Калінградскай вобласці і з Беларусі. Пры гэтым праз невялікую працягласць калідора і недастатковую інфраструктуру для NATO будзе праблематычна хутка перакінуць войскі і тэхніку на тэрыторыю Літвы ў выпадку расейскай агрэсіі.

Чытайце таксама: Жители Литвы за три дня собрали 5 млн евро на беспилотник для Украины

4. NATO наогул зможа тут абараніць Літву ад Расіі?

Пакуль ёсць сумневы. Проста зараз, паводле ацэнак Politico, у Літве недастаткова сілаў, каб супрацьстаяць нападу. Літоўскія ўлады не раз звярталіся да альянсу з просьбай пашырыць прысутнасць у краіне. Усяго ў краінах Балтыі цяпер знаходзіцца блізу 5000 вайскоўцаў NATO, іх колькасць заклікаюць павялічыць да 50 000, паведамляе Reuters. Гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца ў канцы чэрвеня на бліжэйшым саміце НАТА ў Мадрыдзе.

У той жа час НАТА пачынаючы з 2014 года паступова павялічвае сваю прысутнасць у рэгіёне. У раёне Сувалкскага калідора на тэрыторыі Польшчы, паводле звестак газета.ru, засяроджана каля 6000 вайскоўцаў. Зараз для дапамогі Літве фарміруецца спецыяльнае падраздзяленне ў Германіі. Галоўная праблема ў тым, што гэтыя сілы знаходзяцца па-за межамі балтыйскіх краін.

Расія мае ў Калінінградскай вобласці моцную ваенную інфраструктуру — штаб і найбуйнейшую базу Балтыйскага флоту, ядзерную зброю, дзесяткі тысяч салдат. Проста цяпер тут праходзяць ваенныя вучэнні.

Салдаты літоўскай арміі бяруць удзел у вучэннях па абароне Сувалкскага калідора ў 2017 годзе. Фота: Інтс Калныньш/Reuters

5. Сувалкскі калідор назвалі самым небяспечным месцам планеты. Там што, больш небяспечна, чым ва Украіне?

Імаверна, так, калі глядзець з пункту гледжання патэнцыйнай магчымасці пачатку міжнароднага ваеннага канфлікту. Такія рызыкі павялічылася пасля таго, як Літва абмежавала транзіт у Калінінградскую вобласць. З 18 чэрвеня 2022 года Расія не можа правозіць тавары, якія трапілі пад еўрапейскія санкцыі: металы, дрэва, нафтапрадукты, транспартныя сродкі і запчасткі, бытавую тэхніку, адзенне, парфумерыю, цыгарэты і многія іншыя важныя рэчы. З 10 ліпеня забарона закране цэмент, алкаголь і іншыя прадукты, з 10 жніўня — вугаль і іншае цвёрдае выкапнёвае паліва, з 5 снежня — расейскую нафту.

У Расіі вельмі рэзка адрэагавалі на «блакаду» Калінінграда. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў назваў дзеянні Літвы «беспрэцэдэнтнымі» і «незаконнымі». У МЗС заявілі, што калі транзіт у Калініградскую вобласць не будзе адноўлены, Расія «пакідае за сабой права на дзеянні па абароне сваіх нацыянальных інтарэсаў».

У адказ на гэта Еўропа заявіла пра падтрымку пазіцыі Літвы. А ў Дзярждэпартаменце ЗША нагадалі, што гатовыя выконваць абавязацельствы ў адпаведнасці з 5 артыкулам Севераатлантычнай дамовы. Гэты артыкул гарантуе краінам НАТА абарону з боку саюзнікаў у выпадку нападу.

Чытайце таксама: Латвия конфискует у Беларуси санаторий в Юрмале. В нем хотят разместить беженцев из Украины

6. Так што, усё-ткі чакаць вайны?

Цяжка сказаць. Кіраўніцтва Польшчы і Літвы лічыць, што ў дадзены момант пагроза ваеннага канфлікту невялікая. Большасць экспертаў ацэньваюць магчымасць ўварвання Расіі як малаверагоднае па двух прычынах. Па-першае, цяпер асноўныя сілы сканцэнтраваны на Украіне, а адкрыццё другога фронту можа аслабіць пазіцыі. Па-другое, апошнія заявы расійскіх спікераў даюць падставы думаць, што адказ Расіі на дзеянні Літвы будзе, хутчэй, эканамічным. Афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава заявіла 22 чэрвеня, што меры ў адказ «будуць не ў дыпламатычнай, а ў практычнай плоскасці». Сакратар расійскай Рады бяспекі Мікалай Патрушаў днём раней паведамляў, што гэтыя меры акажуць «сур'ёзны негатыўны ўплыў на насельніцтва Літвы».

У той жа час многія аналітыкі адзначаюць, што ўсе прагнозы адносна паводзінаў Расіі павінны ўлічваць ірацыянальны сцэнар. Гінтаўтас Мажэйкіс, прафесар Каўнаскага ўніверсітэта імя Вітаўта Вялікага, піша, што ад Расіі можна чакаць не толькі абвастрэння ў зоне Сувалкскага калідора. Сярод сцэнарыяў ён называе адкліканне прызнання незалежнасці Літвы з наступным захопам Клайпеды і іншых тэрыторый.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024