Спадчына

Сядзібу ў Радзівілках адкрылі пасля 6 гадоў рэканструкцыі. Згадваем гісторыю маёнтка ад Пуціўлянскіх да Барташэвічаў

Сядзібу Свяцк Гурскіх у вёсцы Радзівілкі ля Аўгустоўскага канала ўрачыста адкрылі пасля рэканструкцыі 26 жніўня. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел сын апошняга ўладальніка маёнтка Юзафа Гурскага — 90-гадовы Ежы, а таксама яго нашчадкі.

Цяперашні ўладальнік Свяцка Гурскіх — гродзенскі прадпрымальнік Віктар Барташэвіч — паабяцаў пераўтварыць маёнтак у турыстычны цэнтр рэгіёна. Набыўшы сядзібу ў 2011 годзе, ён прадаў у Гродне адну краму, другую здаў у арэнду і ўсе грошы ўкладаў у адраджэнне маёнтка. Гэта заняло ў яго шэсць гадоў.

Свяцк Гурскіх у 2017 годзе

Свяцк Гурскіх у 2012 годзе

Што такое Свяцк Гурскіх? Пра яго вядома значна менш, чым пра суседні Свяцк Валовічаў. Hrodna.life разабраўся з гісторыяй мясціны.

Раней Свяцкаў была процьма

Гурскія сталі ўладальнікамі Свяцка толькі ў 19 ст. Да таго і ў Свяцка і ў Радзівілак ужо была доўгая гісторыя. У пачатку 16 ст. усе землі ў ваколіцах будучага Сапоцкіна і Аўгустоўскага канала былі ўласнасцю вялікага князя літоўскага. Акурат тады, у выніку вайны 1501−1503 г. з Маскоўскай дзяржавай наша краіна, Вялікае княства Літоўскае, страціла вялікія тэрыторыі на ўсходзе. Паміж імі быў і невялікі гарадок-крэпасць Пуціўль, які цяпер знаходзіцца ў Сумскай вобласці Украіны. Менавіта на сцяне гэтага горада плакала знакамітая Яраслаўна са «Слова аб палку Ігаравым».

Мясцовыя баяры, якія мелі прозвішча Пуціўляніны або Пуціўлянцы, не захацелі падпарадкоўвацца маскоўскаму князю і засталіся верныя вялікаму князю літоўскаму. За вернасць вялікі князь Аляксандар даў ім маёнтак Свяцк, які і знаходзіўся прыкладна ў раёне сучаснага Свяцка Гурскіх.

Назва Свяцк паходзіць ад ракі Свяціцы, якая працякае і праз Свяцк Валовічаў і праз Свяцк Гурскіх, раней жа такіх Свяцкаў тут была процьма. Гісторык Аляксей Шаланда пералічвае таксама Свяцк Велямоўскіх, Свяцк Гзоўскі, Свяцк Афанасаўскі, Свяцк Асташскі і іншыя.

Ад Пуціўлянінаў да Гурскіх

Шматлікія Пуціўляніны Свяцкія (да старога прозвішча дадалося новае па назве валодання ў Гродзенскім павеце) валодалі Свяцкам амаль два стагоддзі. Цікава, што ў 16 ст. іх валоданні досыць імкліва павялічваліся коштам… мясцовых татар, якія атрымалі тут землі ад вялікіх князёў за верную службу. Апаз Айсатовіч, Ібрагім Яцкавіч, Абрагім Сялемша, Хазбей Яцкавіч — так звалі татарскіх «князёў», якія валодалі сенажацямі і мелі сядзібы на берагах Асташанкі і Чорнай Ганчы.

У 1693 г. Пуціўляне Свяцкія спрадалі свой Свяцк Яну Францішку Корвіну Гасеўскаму, суддзі войскаў ВКЛ, але яшчэ нейкі час жылі там на правах эканомаў.

Да пачатку 19 ст. некалі багаты род Гасеўскіх вымер. У Свяцку жыла Караліна з Солінгераў, удава па апошнім з Гасеўскіх. Яна мела вялікія даўгі і легенда кажа, што надоўга выязджала з маёнтку ў навакольныя палі і лясы, каб яе не маглі застаць дома адвакаты яе крэдыторыў. Але настойлівы шляхціц з ваколіц Візны (знаходзіцца недалёка ад Ломжы) Юзаф Гурскі, які быў у Сапоцкіне міравым суддзёй, заплаціў даўгі Караліны і ажаніўся з ёй. Тое было ў 1826 г., а з 1828 г. Свяцк фігуруе ў дакументах ужо як Свяцк Гурскіх.

Радзівілкі без Радзівілаў

У гэты ж прыкладна час вёска Радзівілкі, на тэрыторыі якой знаходзіцца маёнтак Свяцк Гурскіх, перастала быць уласнасцю манаскага ордэна камедулаў з мясцовасці Вігры. Паводле высновы згаданага тут Аляксея Шаланды, вёска Радзівілкі не мае ніякага дачынення да магнацкага роду Радзівілаў. Яе заснавалі… сяляне з прозвішчам Радзівілка!

Гурскія — дасведчаныя бізнесоўцы

Менавіта з Гурскімі звязана працвітанне Свяцка і бліжэйшых ваколіц. Воляй лёсу Юзаф Гурскі аказаўся найбуйнейшым землеўласнікам Аўгустоўскай (пасля Сувалкаўскай) губерні, але ўдала выкарыстаў свае магчымасці ў адрозненне ад Валовічаў, уладальнікаў недалёкага палаца, маёнтак якіх патроху занепадаў. Каля 1873 г. ён з дапамогай сваяка, будаўнічага па прозвішчы Пранашка, пабудаваў вялікі палац з рамантычным і мадэрністычным паркамі, агародамі і сажалкамі, якія ўтвараюць цудоўны каскад.

Караліна хутка памерла і Юзаф Гурскі ажаніўся з прадстаўніцай роду Дзяконскіх. Іх сын Пётр Гурскі, які жыў у другой палове 19 ст., стварыў у ваколіцах Сапоцкіна крахмальны завод, малачарню з паравым рухавіком і некалькі іншых даволі вялікіх прадпрыемстваў, якія працавалі аж да пачатку 21 ст. і былі пабураныя цягам апошніх дзесяці гадоў.

Пётр Гурскі (1859−1910)
Ён фінансава падтрымліваў некалькі навучальных установаў у Сувалкаўскай губерні, пабудаваў у Сапоцкіне драўляны касцёл пасля таго, як улады дазволілі адрадзіць зачыненую раней каталіцкую парафію. Пётр Гурскі памёр у 1910 г. і пахаваны ў фамільнай капліцы на могілках у Тэаліне.
Крухмальны завод Гурскіх
Пры жыцці ён карыстаўся вялікай любоўю мясцовых сялян, якія нават аплаквалі яго на пахаванні. У ваколіцах адноўленага палаца дасюль стаіць непрацуючы даўно крухмальны завод, а ў дамах збудаваных Пятром Гурскім, жывуць дзясяткі жыхароў Радзівілак.

Свяцк — санаторый

Сын Пятра Гурскага Юзаф, выпускнік Львоўскай палітэхнікі, стаў апошнім уладальнікам Свяцка Гурскіх. Аднавіўшы падупалую ў часе вайны гаспадарку ён пераўтварыў Свяцк у нешта накшталт напалову санаторыя напалову лецішча. Як згадвае гісторык Святлана Куль, з мая па кастрычнік Свяцк Гурскіх прымаў адпачываючых. Тут гулялі ў тэніс, каталіся на брычках, палявалі на качак, каталіся па Аўгустоўскім канале на лодках. У палацы былі 12 пакояў, каналізацыя, ванныя… Гасцей частавалі хатнім віном. Каштаваў адпачынак ад 2 да 4 злотых за суткі.

У 1940 г. Юзафа Гурскага з сям’ёй вывезлі ў Сібір. Праз Іран, Ліван і Італію яму ўдалося дабрацца да Польшчы толькі праз сем гадоў. Апошні ўладальнік Свяцка, нягледзячы на грунтоўную адукацыю, не мог займаць у людовай Польшчы высокія пасады і таму працаваў сціплым чыноўнікам. Памёр ён маючы 81 год у Атвоцку каля Варшавы.

Найноўшая гісторыя

У былым Свяцку Гурскіх доўгія гады знаходзіўся дом састарэлых. Пасля яго зрабілі падсобнай гаспадаркай ААТ «БелТАПАЗ». Панішчаны дом і вакольную тэрыторыю ў 2011 г. прадалі прадпрымальніку Віктару Барташэвічу, які паступова аднавіў і палац і парк.

У цэнтры — Ежы, сын апошняга ўладальніка маёнтка Юзафа Гурскага

Падзяліцца

Апошнія запісы

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024