Мастачка Валянціна Шоба паказала сваю «чарнобыльскую малітву» ў віртуальным зале mamgrodno.com.

Аб праекце «Шматкроп'е»

Праект «Шматкроп'е» з’явіўся пасля таго, як я паехала пад Чарнобыль. Гэта было даўно, думала нагляджу, адчую. Убачыла чорныя плямы на месцы закапаных дамоў у Брагінскім раёне. Гэта ж жудасць, і яна акумулюецца праз мяне. Калі дрэвы не пахнуць, ніводной пчалы няма — усё задушыла зялёная цвіль. Вялізныя павуковыя коканы, з якіх пыл. І пустыя хаты. З іх усё вывезлі, распрадалі. Кавалак смерці табе прадалі, і ты яго пацягнуў ва ўсе куты. Мяне тыркнула. Гэта была рэальнасць іншай планеты. А потым прыязджаюць школьныя аўтобусы, і туды ідуць дзеці - у пустыню, без паху і жыцця.

Пра дамы і домікі

Па сутнасці, уся калекцыя — гэта мой улюбёны від з акна. На ўсіх карцінах адзін і той самы дом, не аднолькавы, але Дом. Гэта ўспаміны пра шчаслівыя моманты, як адкрывала свет. Захацелася аднойчы яшчэ раз іх перажыць.

Іх не існуе больш, гэтых вёсак. Мае домікі стаяць кінутыя, мае домікі ўжо пад зямлёй. Яны жывуць у рэальнасці, у сваім паралельным свеце, і мне хацелася выцягнуць іх і сказаць: вось, мы ёсць… пакуль ёсць.

Пра тое, чаму не піша на замову

Я не абіраю, што рабіць, не ведаю, ці мая гэта творчасць. За некаторыя тэмы ніколі б не бралася, але мне настойліва іх падсоўваюць. Павінна гэта зрабіць, і сядзіш, робіш, пытанняў не задаеш. Таму і на замову не пішу. Няма замовы, толькі ўнутраная патрэба. Проста прыходзіць кавалак пустой прасторы, нельга аднавіць, але трэба запоўніць. Так і з маімі тэхнікамі нерэальна штосьці зрабіць адмыслова. Працы зусім розныя, рукой аднаго чалавека. Гэта залежыць ад патоку энергіі, які праходзіць праз мяне. І тэму не я сабе выбіраю, яна звальваецца, і з яе атрымліваецца нейкі сэнс.

Пра ўсвядомленую бессэнсоўнасць

Жыву з садранай скурай, занадта балючае ўсведамленне бессэнсоўнасці. Спрабую хоць неяк выкіраваць, хаджу сонца сустракаць. Калі не ведаю, што з сабой рабіць, еду на сваю рэчку, на Прыпяць. Ля рэчкі пытаюся. Я не «за», я «супраць» насуперак усяму. Хтосьці ўмее махаць сцягамі, мяне туды пусці, хутчэй памру ад гэтай энергетыкі. Але я раблю сваю працу, і гэта не горш, чым пратэст…

Аб патрабаваннях да жыцця

Я з месяца, не ведаю, каму можна давяраць. Думала, ёсць сяброўства, але гэта сталася мыльная бурбалка. Але, можа, мне такія людзі трапіліся. У мяне няма пытання, што я тут раблю. Сядзі, працуй, калі трэба будзе, забяруць. Патрабаванняў да жыцця ніякіх няма, хіба каб неба на галаву не ўпала.