Карыснае

Вартая таго, каб унеслі ў спіс спадчыны. Гісторыя самай старой школы Гродна

Кожную першую нядзелю месяца ў гродзенскім францішканскім касцёле адбываецца працэсія. Вернікі з малітвамі тройчы абыходзяць па колу святыню знутры. Мужчыны апранаюць белыя накідкі - комжы і нясуць харугвы. На адной з іх можна прачытаць напіс на польскай мове: «Эўхарыстычны крыжовы паход. Гродзенскія агульныя школы № 7 і № 10. 1938 год». Гэтая харугва — адзіны напамін пра даваенную гісторыю самай старой існуючай дасюль гродзенскай школы, якая цяпер мае № 6.

У 20-х гадах мінулага стагоддзя Занёманскае прадмесце Гродна імкліва расло. Кварталы адбудаваліся ад знішчэнняў савецка-польскай вайны 1920 г. Народ таксама імкліва пачаў будаваць прыватныя дамы на былых землях маёнтка Аўгустовак. Так паўсталі Мігоўская, Гданьская, Ганёндзкая, Лелявеля, Зана ды многія іншыя…

Сучасная школа на 1000 вучняў

Насельніцтва занямоння імкліва расло, а горад не меў тут аніводнай школы. І толькі ў 1925 годзе пачалося будаўніцтва агульнай школы імя Стэфана Жэромскага, якая атрымала № 7.

Фота школы ў 1940-х
Будавалі школу, уласна як і амаль кожны сацыяльны праект, доўга. Асвячэнне адбылося толькі 7 ліпеня 1930 года. Пакрыты чырвонай дахоўкай жоўты цагляны будынак радаваў вока бацькоў і вучняў. Больш за трыццаць класных кабінетаў, памяшканні для малявання і капліцы, унутраны гімнастычны зал, што ў тыя часы было вялікай рэдкасцю ў школах. Школа магла змесціць аж тысячу вучняў, а на мансардзе былі зроблены памяшканні-кватэры для настаўнікаў.

Фота школы ў 1940-х

Польскі мадэрн

Уся мастацкая выразнасць будынка была перанесена на дах, які каларыстычна вылучаўся керамічнай дахоўкай. Вялікія аркавыя вокны спартыўнага зала і галоўнага ўвахода, а таксама фігурныя шчыты ўвахода і рызаліта надавалі будынку асаблівую параднасць, нягледзячы на аскетычнасць аздобы сцен і вокнаў.

Адным словам, выйшаў цікавы будынак, які спалучаў у сабе традыцыйныя расы даваеннай архітэктуры і пошукі польскімі архітэктарамі свайго ўласнага нацыянальнага стылю. Сёння такі стыль можна назваць польскім мадэрнам.

Школ усё роўна не хапала

Паколькі абшар прадмесця імкліва павялічваўся, то моцна расла і колькасць школьнікаў. У 1938 г. у адносна невялікай школе імя Жэромскага вучылася ўжо 1280 дзяцей і школу нават прыйшлося падзяліць на дзве — № 7 і № 10. Абедзве ўстановы размяшчаліся ў адным будынку, што зусім не задавальняла бацькоў.

У кастрычніку 1938 года жыхары левабярэжжа звярнуліся да гарадскіх уладаў з просьбай пабудаваць на прадмесці яшчэ адну школу. У мемарыяле адзначалася, што насельніцтва прадмесця складае бадай што 1/3 усяго насельніцтва горада, а школа там толькі адна, з-за чаго больш за 500 дзяцей вымушаны штодзень у школу хадзіць праз Нёман. Літаральна праз некалькі дзён уладальнік часткі маёнтка Аўгустова Маўрыцый О’Брыен дэ Ласі выдзеліў пад будаўніцтва новай школы гектар зямлі на вуліцы Ласасянскай. Школу планавалася ўзвесці ў 1939−1940 гг. Ці паспелі пачаць будаўніцтва — мы сёння не ведаем.

Дзяцей эліты вучылася мала

Можна меркаваць, што падзеі верасня 1939 г. не вельмі паўплывалі на вучняў гэтай школы і іх бацькоў. Вучыліся тут галоўным чынам дзеці небагатых гараджан у першым пакаленні - католікаў з навакольных вёсак, якія пабудаваліся на Занямонні ўжо пасля Першай сусветнай вайны. Дзяцей гарадской эліты — павысыланай бальшавікамі ды растралянай немцамі, у гэтай школе вучылася вельмі мала…

Школа №18 у 1940 годзе...
... і цяпер

Савецкія ўлады імкліва распаўсюджвалі на новазанятых тэрыторыях усеагульнае навучанне. Таму ўжо ў пачатку 1940 г. на вуліцы Ліповай, якая да таго часу стала вуліцай Гарнавых, пачалося будаўніцтва так званай «сталінскай» школы, якая пад № 18 паспела адпрацаваць навучальны 1940/41 гг. Цяпер гэта цэнтар дзіцячай творчасці «Прамень».

Хутка — 90-годдзе

У пасляваенныя гады школа № 6 была польскамоўнай, але яе вельмі хутка перавялі на рускую мову навучання. За сем пасляваенных дзесяцігоддзяў праз школу прайшлі тысячы дзяцей з Палестыны, вуліцы Мікалаева, Цітова і іншых недалёкіх раёнаў. Сёння ў гэтай, адной з найменшых школ горада, вучацца хіба праўнукі тых вучняў, якія селі за парты ў гэтых класах восенню 1930 года.

Праз некалькі гадоў школа зможа адсвяткаваць сваё 90-годдзе. Думаецца, будынак яе варты таго, каб быць унесены ў спіс архітэктурнай гісторыка-культурнай спадчыны.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродна ў чамадане: мастак Яраслаў Кірвель стварыў макет горада з 200 вінных коркаў

Калі б давялося здабываць 200 вінных коркаў уласнымі высілкамі, то ні часу, ні грошай не хапіла…

17 мая 2024

Першая сусветная ў Крэўскім замку, вогненны фэст у Лідзе. Што будзе на Ноч музеяў 2024 у Гродзенскай вобласці: праграма

Сёлета на міжнародную акцыю Ноч музеяў у Лідзе рыхтуюць вогненны вечар, а ў сядзібе-музеі Агінскіх…

15 мая 2024

«Разумею, што магу камусьці дапамагчы». Як у Польшчы ўладкавана донарства яйцаклетак

Калі ў вас добры запас яйцаклетак для апладнення, вы можаце дапамагчы зацяжарыць іншым дзяўчатам, якім…

15 мая 2024

«Стаім у чарзе з вясны 2023 года». Беларусы спрабуюць прышчапіцца ад ВПЧ, але вакцыны няма

Доступ да прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека можа выратаваць многіх жанчын ад анкалогіі. У Беларусі…

14 мая 2024

Як атрымаць задавальненне і папулярызаваць беларускую мову размовамі пра гісторыю і сэкс — расказала журналістка з Гродна

Калі ў 2021 годзе некаторыя плакалі ад горычы паразы ці збіралі з аскепкаў разбітага “я”…

14 мая 2024

Хворы выкінуўся праз акно, скарга на асенізатараў, гадавіна смерці Ажэшкі: чым жыў Гродна 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты…

12 мая 2024