Мастака Уладзіміра Сколышава затрымалі 20 верасня каля 16.00 на вул. Горкага каля крамы «Мока». Ён выкрыкваў відавочцам свае дадзеныя, прасіў паведаміць аб затрыманні праваабарончаму цэнтру «Вясна» і крычаў, што яго душаць, хоць ён не супраціўляецца. У УУС Гродзенскага аблвыканкама свая версія: Уладзімір адмовіўся прад’яўляць дакументы і канфліктаваў з міліцыянтам. «Хутчэй за ўсё, ён проста прыцягнуў увагу [падчас удзелу ў пратэстах]», — распавёў Hrodna.life сваяк затрыманага.

Уладзіміру Сколышаву 32 гады, ён — мастак. Піша карціны ў стылі абстракцыянізму. Працуе як фрылансер, малюе на продаж. Даглядае паралізаванага 70-гадовага дзеда, дапамагае іншым сваякам, у якіх ёсць праблемы са здароўем. Пра гэта Hrodna.life распавяла маці затрыманага Аксана.

Чытайце таксама: Наступили коленом на шею и душили. Как выглядели задержания в Гродно 20 сентября

У час затрымання каля 16.00 20 верасня на вул. Горкага каля крамы «Мока» супрацоўнік АМАП наступіў Уладзіміру Сколышаву каленам на шыю, гэта бачна на відэа. Уладзімір крычаў, што яго душаць, хоць ён не супраціўляецца.

Міліцыя: адмовіўся прад’яўляць дакументы, канфліктаваў з міліцыянтам

«На вуліцы Замкавая гродзенец 1987 года нараджэння ўцёк ад супрацоўнікаў ДАІ. Кіроўца аўтамабіля Fiat быў спынены інспектарам Дзяржаўтаінспекцыі, грамадзянін адмовіўся прад’яўляць дакументы, канфліктаваў з міліцыянтам, а пасля хутка з’ехаў у бок вуліцы Горкага.

Мужчына быў затрыманы ў раёне гандлёвага цэнтра «Мока» і дастаўлены ў Ленінскі РАУС. Яго дзеянням будзе дадзена прававая ацэнка", — пракаментавалі ў прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Відавочцы: ён паказаў знак «перамога»

«Ён нібыта пасварыўся з ГАІшнікам і ўцёк ад іх. Я ведаю Вову, ён не будзе сябе так паводзіць. Ён спакойны, разважлівы і памяркоўны хлопец. Ён бы так не паступіў. Хутчэй за ўсё, ён прыйшоў на акцыю і вырашыў з’ехаць дадому. У гэты прамежак часу яго злавілі, таму што ён быў на кожнай акцыі. Хутчэй за ўсё, ён проста прыцягнуў увагу», — распавёў Hrodna.life Алег, сваяк Уладзіміра.

Відавочцы пісалі ў чатах у Telegram, што Уладзімір, выязджаючы з паркоўкі на вул. Вялікай Траецкай, прыцягнуў да сябе ўвагу ДАІ, паказаўшы ім знак «перамога» (у іншым значэнні — «мір») рукой. Па версіі іншых відавочцаў, гэта быў сярэдні палец. Аўтамабілісты былі незадаволеныя тым, што цэнтр перакрылі з 14.00 да 16.00.

Художник из Гродно, которого душил ОМОН, получил 5 суток ареста

«Знак „перамогі“ мог паказаць. Сярэдні палец — не ведаю. Да Вовы гэта не падобна. Ён досыць культурны чалавек», — кажа яго знаёмы.

Маці Уладзіміра 20 верасня распавяла Hrodna.life, што сын не ўдзельнічаў у акцыі. Яго сяброўка Ірына не абвергла і не пацвердзіла Hrodna.life удзел маладога чалавека ў мірным пратэсце.

У прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама паведамілі, што Уладзіміра раней неаднаразова прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, ён быў судзімы за захоўванне і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў. Сваяк Уладзіміра, з якім размаўляў карэспандэнт Hrodna.life, не ведае пра такія справы.

Гродзенца пакінулі ў ізалятары да суду

Уладзіміра адвезлі 20 верасня ў Ленінскі РАУС. Затрыманыя ў той дзень, якіх выпускалі пасля складання пратаколу, распавялі, што бачылі кроў на яго твары. Маці затрыманага Аксана, цётка і сяброўка прыехалі да РАУС, як толькі даведаліся пра затрыманне і знаходзіліся там да 20.30. Маці плакала, падала на калені перад супрацоўнікамі РАУС і паўтарала «Вярніце сына!».

Каля 20.00 20 верасня супрацоўнікі РАУС паведамілі сваякам, што Уладзіміра пакінуць у ізалятары часовага ўтрымання Кастрычніцкага РАУС да суда. На вечар 21 верасня ён знаходзіўся там. Па якім артыкуле будзе суд, пакуль невядома. Больш падрабязную інфармацыю пра гэта паведамяць пасля 10.00 у аўторак, 22 верасня.