Спадчына

Выратавалі шмат, але не ўсё: як аднаўлялі палац у Свяцку ў міжваенны час

Гродзенскія ўлады грунтоўна ўзяліся за аднаўленне палацава-паркавага комплексу ў Свяцку ў пачатку 2017 г. Яны мелі годных папярэднікаў: у 1930-я гады палац ужо рэстаўравалі, хоць спачатку і не верылі, што гэта магчыма.

Што здарылася? Чаму палац у аварыйным стане?

Да 2005 г. у палацы знаходзіўся санаторый для хворых на сухоты. Пасля высялення санаторыя палац чатыры гады стаяў пусты. Разбурэнне сістэмы водасцёкаў прывяло да таго, што ў сценах з’явіліся глыбокія прамоіны, знутры сцены пакрыліся плесенню.

Гродзенскія гісторыкі некалькі разоў звярталі ўвагу на стан палаца, прасілі хаця б мінімальнымі сродкамі аднавіць водасцёкі, аднак яны былі адноўлены толькі ў 2010 г., пасля перадачы палаца санаторыю «Азёрны».

Аптымісты з дзяржпрэсы

Пасля было яшчэ некалькі гадоў няспешнага рыхтавання «праекна-сметнай дакументацыі» і аптымістычных публікацый у газетах. Напрыклад, «Гродзенская праўда» яшчэ ў 2013 г. так апісвала перспектывы палаца і ход распрацоўкі праекта рэканструкцыі:

«Галереи с колоннами превратятся в зимний сад. Там, где в санатории был актовый зал, разместится ресторан. В добротных хозпостройках, возведенных в 1841 году, откроются пивоварня и небольшое кафе, разместится конюшня (предполагается, что лошади будут для верховой езды и упряжки в каретах). Будет восстановлен рыбный цех.

Праект аднаўлення палаца ў Свяцку. 2013 г.
У гостей появится возможность понаблюдать за работой кузнеца и увезти подкову на счастье. Огромные валуны с территории оздоровительного комплекса переместят в… музей камней, который появится неподалеку на открытой площадке. Для отдыхающих запланировано поле для крикета и мини-гольфа, пешеходные и велосипедные прогулочные дорожки".

Адновяць да канца года?

Аднак спатрэбіліся яшчэ чатыры гады і ўвядзенне бязвізавага рэжыму каб зразумець — палац у Свяцку трэба аднаўляць як мага хутчэй. Бо нельга ўявіць сабе развіццё гістарычнага турызму ў Гродзенскім раёне без аднаўлення гэтага найкаштоўнейшага помніка архітэктуры, аналагічнага якому няма на абшары ўсёй вобласці.

Гродзенскія ўлады прысягаюць што да канца 2018 г. галоўны будынак палаца ў цэлым будзе адноўлены, мы ж прыгадаем, як 80 гадоў таму палац ужо аднойчы выратавалі рэстаўратары — польскія.

Як палякі адняўлялі Свяцк

Спецыялісты, якія браліся за аднаўленне палаца, спачатку не мелі пэўнасці ў тым, што яго наогул удасца захаваць. Таму была праведзена маштабная работа па фіксацыі ўсіх фрэсак, ляпніны і іншага аздаблення палаца. Аднак работы ўсё ж пачаліся і праходзілі цягам 1930−1933 гг.

Палац у 1928 г.
Палац быў грунтоўна адрэстаўраваны, яму вярнулі страчаны ў ХІХ ст. мансардны дах, зашклілі галерэі-каланады. Рэстаўрацыяй займаліся спецыялісты Інстытута Польскай архітэктуры Варшаўскай палітэхнікі.

Палац у Свяцку пасля рэстаўрацыі. Каля 1933 г.

Да вайны не паспелі

24 мая 1932 г. у Свяцку адбыўся з’езд спецыялістаў, на якім падводзіліся вынікі рэстаўрацыі палаца, быў намечаны далейшы аб’ём работы. Кіраўніком праекта быў Оскар Сасноўскі, вялі работы Ю. Рачынскі і С. Даўкша. Трэба сказаць, што поўнасцю ў Свяцку работы да пачатку Другой сусветнай вайны так і не скончыліся. Насценныя роспісы палаца датрывалі да вайны толькі ў выглядзе часткова закансерваваных.

Інтэр’ер палаца ў 1930-х гг. Бачныя фрэскі, замацаваныя хутчэй за ўсё гіпсам.

Санаторый для наркаманаў

У кастрычніку 1933 г. у палацы адкрылася мужчынская лячэбніца-санаторый «Свяцк» для наркаманаў, алкаголікаў і нярвова хворых людзей. У той час гэта была адзіная ўстанова такога тыпу ў міжваеннай Польшчы.

Лячылі людзей самымі сучаснымі на той момант сродкамі - ад псіхааналізу да гідратэрапіі, сонечных ваннаў і тэрапіі працай. Хворыя жылі ў 1, 2, і 3-х асабовых пакоях, кошт пражывання і лячэння складаў ад 5 да 10 злотых у суткі. Плату трэба было ўносіць за месяц наперад.

Від на палац з бакавой галерэі. 1933 г.

Шэзлонгі для сонечных ваннаў на даху бакавой галерэі палаца. 1933 г.
Палата для хворых у палацы. 1933 г.

Страчаныя фрэскі

У савецкі час рэстаўрацыйныя работы ў Свяцку праводзіліся, але шырока яны не разгарнуліся. У 1960-х-1980-х гг. быў адноўлены дах палаца (пасля пажару), было адноўлена аздабленне трох залаў. Амаль усе роспісы інтэр'ераў палаца былі ў гэтыя гады страчаны. Будзем спадзявацца, што сучасныя рэстаўратары палаца не проста адновяць будынкі, але таксама паспрабуюць адрэстаўраваць і ўнікальныя фрэскі Свяцка.

Фрэскі і ўнутранае аздабленне палаца

З гісторыі палацу

Захавалася вельмі мала фактаў, звязаных з будаўніцтвам палаца ў Свяцку. Лічыцца, што яно пачалося каля 1779 г., калі Антоній Валовіч атрымаў землі Свяцка ад свайго бацькі Юзафа Валовіча. Палац быў запраектаваны каралеўскім архітэктарам Джузэпэ Сака. Вядомы архітэктар працягваў сачыць за аздабленнем палаца аж да сваёй смерці ў 1798 г. — напрыклад, запраектаваў уязную браму. З вялікай доляй верагоднасці можна сказаць, што аўтарамі фрэсак у палацы былі вядомыя мастакі Антоній Смуглевіч і італьянец Тамбары.

Эскіз брамы палаца ў Свяцку, намаляваны Дж. Сака
Пасля смерці Антонія Валовіча палацам валодалі ягоныя сын і ўнук Іахім Юзаф Валовіч і Міхал Валовіч. У самым канцы ХІХ ст. маёнткам валодала дачка Міхала Валовіча Ядвіга Мончынская, якая жыла ў палацы. Маёнтак складаўся з 1750 моргаў ворнай зямлі. У ім было 38 коней, 108 галоў буйной рагатай і 30 дробнай жывёлы.

Напярэдадні Першай сусветнай вайны маёнтак стаў уласнасцю Гумніцкіх, шляхецкага роду з Любліншчыны. Па стане на пачатак 1926 г. палацам у Свяцку (Свяцк Вялікі Валовічаў) і прыкладна 200 гектарамі зямлі валодаў Ігнацы Гумніцкі. Паколькі зямля не апрацоўвалася, то падлягала прымусоваму выкупу ў сувязі з зямельнай рэформай.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Штраф за сцяг, спекуляцыі малаком і сарваны канцэрт — што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з…

5 мая 2024

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024