Свой стаж раварыста гродзенец Андрэй Шавель дзеліць на два перыды: дзіцячы і дарослы. Першы пачаўся ў 3 гады. Другі - у 35. Паміж імі - 18 гадоў перапынку. Зараз ровар стаў для Андрэя асноўным транспартам. Некалькі гадоў таму ён зацікавіўся велатурызмам і пачаў складаць маршруты падарожжаў на ровары па ваколіцах Гродна. У красавіку на выходных ахвотныя могуць далучыцца да гэтых паездак, арганізаваных ГАВ «ВелаГродна» ў межах акцыі «30 дзён на ровары».

Ровар як машына часу

«Першае адчуванне ў мяне было — нібы вярнуўся ў дзяцінства. Сеў на ровар і адразу пазітыўныя эмоцыі з’явіліся, — узгадвае Андрэй пачатак дарослага веладосведу. — А пасля і адчуваць сябе лепш стаў. З той пары 8 гадоў на двух колах».

Ад пабітых каленак да 100 кіламетраў у дзень. Як сесці на ровар пасля 30 і пазнаёміцца з ваколіцамі Гродна на пакатушках

Пачаць ездзіць дарослым было больш цікава і менш траўматычна. Сучасныя ровары «з наваротамі і перадачамі» не ідуць у параўнанне з тымі, на якіх Андрэй вучыўся катацца ў дзяцінстве.

«Першы ровар быў двухкалёсны, на тоўстых шынах і без маленькіх апорных колаў. Такім дастаўся мне ў спадчыну. На двары быў свежы асфальт, толькі што праклалі дарогу каля навабудаў на Урублеўскага. З двара дарога ішла з горачкі, а потым скрыжаванне. Разварочвацца я тады не ўмеў. Тармазіць мог толькі адным спосабам — падаючы. Мама расказвала, што вяртаўся з каленкамі, разбітымі ўшчэнт. Так і вучыўся».

Скарыстацца роварам у дарослым жыцці параіў сябар. А ўслед за Андрэем на ровары перасела ўся яго сям’я, жонка Таццяна і дзве дачкі. «У Тані праблемы былі са здароўем. Адышка мучыла, не магла да крамы дайсці. А зараз па 70−80 кіламетраў за дзень можа праехаць».

Зараз ровар для Андрэя — асноўны сродак перамяшчэння. «За такі час, як на ровары, з Зарыцы нават аўтобусам не дабярэшся. Езджу і зімой, і летам».

Ад пабітых каленак да 100 кіламетраў у дзень. Як сесці на ровар пасля 30 і пазнаёміцца з ваколіцамі Гродна на пакатушках

Аказваецца, на ровары можна падарожнічаць

Задумацца пра турыстычныя маршруты навялі на думку госці з-за мяжы. Да «ВелаГродна» звярнуліся літоўскія велааматары, которыя сабраліся наведать бязвізавую Гродзеншчыну. «У нас правілы для раварыстаў не такія, як у Еўропе. Напрыклад, па дарогах нельга ездзіць. Ды і другіх пытанняў шмат у замежнікаў узнікае».

Так з’явіўся першы распрацаваны Андрэем маршрут. Далучыўшыся да групы, ён, як і ўсе астатнія ўдзельнікі велапаходу, пераадолеў за тыдзень каля 450 кіламетраў. За гэты час наведалі шмат цікавых месцаў ад Ліпічанскай пушчы да крэйдавых кар’ераў пад Ваўкавыскам.

«Зжыліся ўсе за тыдзень, сталі як родныя. А для мяне гэта стала штуршком для роздуму. Калі віленскі велаклуб можа падарожнічаць нават за мяжу, то чаму і нам так не рабіць?»

Зараз «ВелаГродна» рэгулярна запрашае гродзенцаў на пакатушкі. Летась і сёлета каманда ўдзельнічае ў праекце «Белмед», у межах якога арганізавала велашколу для дарослых і дзяцей, а таксама праводзіла «пакатушкі» па ваколіцах горада. «Па 40 — 50 кіламетраў у лёгкім рэжыме можа праехаць любы. І гэта як мінімум аздараўленне сардэчна-сасудзістай сістэмы», — лічыць Андрэй.

На машыне што за кайф? Іншая справа — на ровары!

Ездзіць толькі на працу і дадому можа хутка надакучыць. «У горадзе не заўсёды зручна ездзіць. Тут шмат транспарту, светлафоры, высокія бардзюры. Гэта напружвае. Пакатушкі за горад больш камфортныя і прывабныя».

Ды цікавых месцаў у роваравай дасягальнасці вакол Гродна шмат. «Тут такія адлегласці, што для пешага на выходныя надта далёка, а на машыне не надта і дабярэшся. Ровар — сама тое. Летась мы ездзілі паглядзець Зарачанскі касцёл, наведалі музей чыгункі ў Парэччы, Фарты Першай Сусветнай вайны, заказнік Азёры. Роварам вельмі зручна. Бо па лесе, напрыклад, што за кайф ехаць на машыне? Іншая справа — на ровары!»

Сёлета «ВелаГродна» аднаўляе пакатушкі па ваколіцах горада. Першая з іх пройдзе 6 красавіка. Каманда наведае Парэчча і возера Белае.

Цягам красавіка, у межах акцыі «30 дзён на ровары», выезды будуць арганізоўвацца кожныя выхадныя. Надалей сумесныя пакатушкі з «ВелаГродна» таксама будуць працягвацца. А тыя, хто захочуць пракаціцца на роварах сваёй кампаніяй, могуць скарыстацца ўжо складзенымі і праверанымі маршрутамі.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]