Ужо амаль два гады ў Гродна і Гродзенскі раён замежнікі з 80 краін могуць прыехаць без візы. Натоўпы турыстаў, мноства аўтобусаў, самыя розныя мовы — усё гэта стала ў горадзе нормай. Але як дакладна працуе бязвіз, ведае мала хто з гродзенцаў.

Што рабіць, калі хочаш запрасіць у госці сяброў, сваякоў ці проста добрых знаёмых з-за мяжы? Куды звяртацца і колькі гэта будзе каштаваць? Пра дэталі Hrodna.life распавялі ў турагенцтве «ЗлатТур».

Чым бязвіз карысны для шэраговых гродзенцаў, або Як запрасіць у госці замежнікаў

Не пазней за 48 гадзін

Перад тым, як вашы сябры ці сваякі адправяцца ў дарогу, ім трэба звярнуцца да тураператара. Зрабіць гэта трэба не пазней за 48 гадзін да меркаванага часу паездкі.

Таксама гасцям трэба памятаць, што тэрмін дзеяння ўязнога дакумента (звычайна гэта пашпарт) павінен быць не меншым за 90 дзён ад дня запланаванага выезду з Беларусі.

Толькі па раёне

Патрапіць у Гродна без візы на аўто можна праз памежныя пераходы «Брузгі» (Польшча) і «Прывалка» (Літва). Таксама можна прыехаць цягніком праз Кузніцу — зараз ходзіць толькі адзін такі цягнік «Кракаў-Гродна».

Не абавязкова ўязджаць і выязджаць праз адзін пункт пропуску. Бязвізавы турыст можа прыехаць у Беларусь з Польшчы, а потым накіравацца ў Літву. Галоўнае рабіць гэта толькі праз пазначаныя вышэй пункты пропуску, адзначае дырэктарка «ЗлатТур» Яніна Чарняўская.

«Калі вашы госці прыедуць да вас па бязвізу, не забывайцеся, што паказваць славутасці нашай краіны можна толькі ў межах Гродна і Гродзенскага раёну», — кажа спадарыня Яніна.

Дзве паслугі мінімум

Галоўная мэта бязвізу — прыцягненне турыстаў і прамоцыя паслугаў для іх. Таму вашым гасцям трэба будзе набыць у аператара мінімум дзве турыстычныя паслугі.

Напрыклад, можна загадзя купіць білеты ў адзін з многіх гродзенскіх музеяў. У «ЗлатТур» раяць, асабліва гасцям з Польшчы, наведаць дом Элізы Ажэшкі, дзе ёсць экспазіцыя пра пісьменніцу.

«У ім папулярная пісьменніца пражыла апошнія гады жыцця, а зараз тут экспазіцыя пра жыццё і творчасць Ажэшкі», — расказвае Яніна Чарняўская.

Таксама ў турфірме раяць наведаць каталіцкую катэдру — касцёл св. Францішка Ксаверыя: «Гэта выбітны помнік архітэктуры барока і галоўны каталіцкі храм горада».

Вартыя ўвагі і будынкі, што засталіся ад комплекса Гарадніцы Антонія Тызенгаўза — на плошчы яго імя і ля вуліцы Ажэшкі: «Гэта адзін з самых значых прыкладаў шырокамаштабнага гарадскога будаўніцтва ва Усходняй Еўропе 18 стагоддзя».

Абавязковыя дзве паслугі могуць быць абсалютна любымі - гэта можа быць браніраванне жылля, харчаванне, экскурсіі, транспарт і г. д. Выбірайце тое, чым рэальна будзеце карыстацца.

Дарэчы, пражыванне не абавязкова арганізоўваць праз турфірму — вы можаце і самі заказаць апартаменты, гатэль ці хостэл. А ў фірме — яшчэ дзве іншыя паслугі.

Рэгістрацыя патрэбна, але не ўсім

Калі вашы госці плануюць затрымацца больш чым на 5 дзён (акрамя нядзелі і святаў), ім спатрэбіцца рэгістрацыя ў міграцыйнай службе. Выключэнне — жыхары трох прыбалтыйскіх краін: Літвы, Латвіі і Эстоніі. Ім рэгістрацыя не патрэбна ажно да 30 дзён.

Страхоўка — абавязкова

Бязвізавым гасцям Гродна абявязкова трэба мець медыцынскую страхоўку. Аформіць яе таксама можна з дапамогай турыстычнай кампані. «ЗлатТур» прапануе медыцынскі страхавы поліс на суму не менш 10 000 евро, які дзейнічае ў Беларусі цягам усяго часу побыту.

Колькі браць грошай

Паводле «Правіл знаходжання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь» замежнікі павінны мець «сродкі ў суме эквівалентнай не менш за 2 базавыя велічыні» на кожны дзень побыту. Гэта сума прыблізна адпавядае 23 еўра ў дзень. З такімі грашыма можна перасякаць мяжу. Але каб добра правесці 5 ці 10 бязвізавых дзён, напэўна, спатрэбіцца трохі больш.

Па статыстыцы 2017 года сярэдні замежны турыст пакідаў у Гродне каля 50 еўра ў дзень.


Чым бязвіз карысны для шэраговых гродзенцаў, або Як запрасіць у госці замежнікаў

Турыстычная кампанія «ЗлатТур» створана ў 2008 годзе. Кіраўніцтва кампаніі працуе ў турыстычным бізнесе больш за 15 гадоў. За гэтыя гады мы набылі багаты вопыт работы па многіх напрамках.

Мы падбярэм для Вас індывідуальны тур рознай ступені складанасці, забраніруем гатэль, падрыхтуем дзелавую паездку, арганізуем тур выхаднога дня.

Калі вы вырашылі зрабіць падарунак вашай сям'і, то ў нас вы знойдзеце шырокі спектр турыстычных прапаноў, уключаючы экскурсійныя праграмы для дзяцей і для ўсёй сям'і.

Мы заўсёды памятаем пра тое, што турыст давярае толькі таму, што з’яўляецца абсалютна ясным і зразумелым. Таму мы расказваем пра нашыя туры і паслугм проста, ясна, з падрабязным апісаннем і лічбамі.

Мы штогод пашыраем спектр нашых паслуг, але місія нашай кампаніі застанецца нязменнай: працаваць, каб дапамагчы людзям спазнаць свет!


ЧСУП «ЗлатТур»

УНП 590 830 357