Гродна. Пачатак красавіка 1991 года. Некалькі сотняў працоўных перакрылі вуліцу Курчатава ў раёне завода аўтаагрэгатаў. Людзі ў спецвопратцы на праезнай частцы, на агароджах, на ходніках. Тут жа — кіраўніцтва завода, горада, вобласці.

Гэта была забастоўка.

Упершыню за ўвесь час існавання СССР гродзенскія працоўныя выйшлі са сваімі патрабаваннямі. Такога павароту не чакаў ніхто.

Пра падзеі 30-гадовай даўніны для Hrodna.life распавялі Анатоль Хацько і Аляксандр Мілінкевіч. Анатоль у 1991 годзе быў адным з лідараў забастоўкі. Аляксандр — намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама.

Як усё пачыналася

«Любая акцыя — гэта іскра, успышка, — кажа Хацько — Каб людзі выйшлі на вуліцу, патрэбныя вельмі важкія прычыны».

Да красавіка 1991 прычын сабралася дастаткова. За апошнія 10 гадоў тройчы змянілася кіраўніцтва краіны, кожны раз нанова вызначаючы курс развіцця. Эканоміка памірала. Перабудова і галоснасць дадалі драматызму да карціны развалу Саюза.

Апошняй кропляй для гродзенскіх рабочых стала абвешчанае ўрадам павышэнне коштаў.

Цана ялавічыны вырасла ў чатыры разы, хлеб і малако падаражэлі ў тры разы, школьнае харчаванне — у два з паловай разы. Улады абяцалі загадзя правесці «папераджальную кампенсацыю». На заводзе аўтаагрэгатаў такія выплаты не зрабілі.

Спускавы кручок страйкаў - грашовая рэформа

Падаражанне красавіка 1991 года было другім этапам саюзнай фінансавай рэформы. На першым правялі абмен грошай. Усе 50- і 100-рублёвыя купюры ўзору 1961 года трэба было за тры дні абмяняць на грошы новага ўзору. Аднаму чалавеку можна было абмяняць не больш за 1000 рублёў. Астатнія назапашванні абнуляліся.

"Тады была свабода". Як у 1991 годзе ў Гродне працоўныя зладзілі страйк і дамагліся свайго
Савецкія ашчадныя кніжкі. Грашовая рэформа пачатку 1990-х абнуліла назапашванні грамадзян. Фота: Ірына Новік

«Пратэсты пачаліся як эканамічныя, — кажа Аляксандр Мілінкевіч. — Урад Гарбачова няўдала пачаў рынкавую рэформу. Людзі не зусім разумелі, куды ідзе краіна. Таму выйшлі на вуліцы, патрабавалі павысіць заробкі і знізіць цэны. У Гродне баставала некалькі тысяч, у Мінску ад 10 да 30 тысяч, далучыліся Салігорск, Орша, Ліда».

«На аўтаагрэгатах забастоўка пачалася праз нявыплачаныя кампенсацыі. Людзі адмовіліся працаваць і выйшлі з цэхаў, — успамінае Анатоль Хацько. Працоўныя выклікалі кіраўніцтва на размову. — А вуліцу перакрылі ўжо праз хамскі адказ. Тады ўжо пачалося раздзяржаўленне, прыватызацыя. Рабочыя згадалі, што трэба і пра наш завод думаць. Дырэктар у рэзкай форме адказаў: «Пры мне такога не будзе. Гаспадар павінны быць адзін».

Забастовка на заводе автоагрегатов в Гродно, апрель 1991. Фото из архива Анатолия Хацько
Красавіцкі страйк працоўных завода аўтаагрэгатаў у Гродна. Людзі перакрылі дарогу ў раёне вуліцы Курчатава. Фота з асабістага архіва Анатоля Хацько

Народ зразумеў - трэба самім сябе ратаваць

Так ад эканамічных патрабаванняў страйкоўцы адразу перайшлі да палітычных — сітуацыя развівалася імкліва. «Людзі адкрылі браму, выйшлі на вуліцу і перакрылі дарогу. Усе разумелі, што цяпер толькі так можна прыцягнуць увагу да сваіх патрабаваньняў», — кажа Хацько.

Паводле яго слоў, рабочыя былі ўжо гатовыя сфармуляваць і выказаць свае прапановы. «Гарбачоўская галоснасць сваю справу зрабіла. Мы чыталі шмат, глядзелі тэлевізар. Больш-менш незалежная прэса ўжо з’явілася. Па Курапатах адкрылі інфармацыю. На сустрэчу з Зянонам Пазняком многія хадзілі».

Яшчэ адной перадумовай для страйку 1991 года стала і тое, што людзі ўсвядомілі - спадзявацца толькі на дзяржаву не варта. Трэба самім выцягваць сябе з складанай эканамічнай сітуацыі. Завадчане з аўтаагрэгатаў, як і многія гродзенцы ў гэты час, пачалі «чаўночыць» — па выхадных вазілі ў Польшчу і Літву тавары, якімі «па бартары» выдавалі зарплату.

«Так, як тады народ дапамог дзяржаве, ніхто б не дапамог. Вывезлі ўсе неліквіды, што ляжалі на складах. Ад цвікоў да ніжняй бялізны. Золата, тэлевізары, электрабытавую тэхніку. Адтуль прывезлі валюту. Дзяржава не магла арганізаваць гандаль і рэалізацыю, а людзі змаглі. Самі сябе ратавалі і дзяржаву ратавалі», — успамінае Анатоль Хацько.

На ўчастку тавараў народнага спажывання завода аўтаагрэгатаў у 90-х выпускалі дзіцячыя ровары «Пінгвін» і «Нёман». Іх экспартавалі ва ўсе краіны Савета эканамічнай узаемадапамогі [СЭУ] і нават на Кубу. Атрымаць частку зарплаты роварамі было поспехам. Гродзенскія «велікі» добра бралі на кірмашах блізу мяжы ў Польшчы і Літве.

У пачатку 1990-х усё было па талонах, купонах і картках спажыўца. У СССР спрабавалі стварыць размеркавальную сістэму, якая забяспечыла б кожнага неабходнай колькасцю тавараў і прадуктаў. Але саміх тавараў і прадуктаў катастрафічна не хапала.

"Тады была свабода". Як у 1991 годзе ў Гродне працоўныя зладзілі страйк і дамагліся свайго
Дакументы пачатку 1990-х. Да абавязковай раней працоўнай кніжкі, камсамольскім і прафсаюзным білетаў дадалася «Картка пакупніка». Без такога дакумента ў краме не абслугоўвалі. Фота: Ірына Новік

Гатовыя былі стаяць і далей

«Завод стаяў некалькі гадзін і быў гатовы стаяць далей, — распавядае Хацько. — Прадпрыемства наша старое вельмі. Ужо дынастыі склаліся, традыцыі перадаваліся. Людзі падтрымалі страйк. Перад пачаткам другой змены мне тэлефанавалі працоўныя, казалі, што таксама гатовыя выйсці на вуліцу ў знак салідарнасці з першай. Але гэта было ўжо не патрэбна. Нас пачулі».

Забастовка на заводе автоагрегатов в Гродно, апрель 1991. Фото из архива Анатолия Хацько
Страйкоўцы завода аўтаагрэгатаў на вуліцы Курчатава ў Гродне

Вынікам страйку стала стварэнне стачачнага камітэта прадпрыемства. У яго ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх падраздзяленняў завода. Страйкам адразу ўсталяваў тэрміны для выплаты кампенсацыі і зарплаты, пастанавіў правесці пазачарговую прафсаюзную канферэнцыю, выказалі недавер кіраўніцтву завода.

На прафсаюзнай канферэнцыі сябраў страйкаму ў поўным складзе абралі ў прафсаюзны камітэт прадпрыемства. Старшынёй абралі Анатоля Хацько.

"Тады была свабода". Як у 1991 годзе ў Гродне працоўныя зладзілі страйк і дамагліся свайго
Прафсаюзныя білеты пачатку 1990-х. Фота: Ірына Новік

«На той час прафсаюзы займаліся больш размеркаваннем дэфіцытаў. Дзялілі - каму кватэры, каму інтэрнат, каму мэбля або прадукты з падсобнай гаспадаркі даць. Мы адразу сказалі, што прафсаюз будзе займацца галоўнымі пытаннямі - зарплатай і бяспекай працы», — распавёў Хацько.

«Вельмі хутка да эканамічных патрабаваньняў дадаліся палітычныя, — распавядае Аляксандр Мілінкевіч. — Партыя губляла ўплыў. Людзі патрабавалі дэпалітызацыі кіравання вытворчасцю, казалі пра адстаўку ўрада. Гэта быў удар па прэстыжу ўлады. Мясцовыя тады апраўдваліся: „Мы не вінаватыя. Гэта Масква не прадугледзела“. Але ўсе адчувалі і разумелі - больш нельга не прымаць працоўных сур’ёзна, не лічыць іх за людзей».

"Тады была свабода". Як у 1991 годзе ў Гродне працоўныя зладзілі страйк і дамагліся свайго
Так у 2021 годзе выглядае былая прахадная завода аўтаагрэгатаў. З 2007 года завод далучылі да ААТ «Белкард». Фота: Ірына Новік

«Мы першыя ў горадзе паставілі пытанне аб тым, каб адсунуць партыю ад вытворчасці, вывесці партком за прахадную. Разам з намеснікам дырэктара па кадрах апісвалі маёмасць парткама. Я апячатаў кабінет сваёй прафсаюзнай пячаткай», — распавядае Хацько.

Горад пасля страйку на аўтаагрэгатах таксама «разгайдаўся». Досвед размовы з уладамі на вуліцы паўтарылі ў 1993 годзе. Зімой рабочыя прыйшлі на плошчу праз тое, што ў цэхах не было ацяплення і кіраўніцтва не магло вырашыць гэтую праблему.

Старшыня аблвыканкама Сямён Домаш тады сабраў на пазапланавую сустрэчу кіраўнікоў прадпрыемстваў і чыноўнікаў. Запрасілі і прадстаўнікоў заводаў - Анатоля Хацько з «Аўтаагрэгатаў», Аляксандра Гаркова з «Азоту» і Барыса Галубовіча з «Такарных патронаў».

«На нас спрабавалі ціснуць, але было не страшна. За спінай была цэлая плошча», — кажа Анатоль. Затрыманняў ці рэпрэсій супраць страйкоўцаў і ўдзельнікаў мітынгу таксама не было. «Там таксама былі міліцыянты. І па форме, і „ў плашчыках“. Але ніхто нават не думаў, што за мітынг могуць арыштаваць».

Пазней, калі ў 2001 годзе Сямён Домаш вылучаўся кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах, ён запрасіў Анатоля Хацько стаць сваёй даверанай асобай.

«Тады была свабода»

«Цэны тады „адкацілі“, а Дэкларацыю незалежнасці не прынялі - пабаяліся, — успамінае Аляксандр Мілінкевіч пра вынікі страйкаў 1991 года. — Як рабіць рэформы — ніхто не разумеў».

«На той момант практычна ўсе праблемы на заводзе мы знялі, — кажа Анатоль Хацько. — Пачысцілі завод ад парткама, скарацілі лішніх кіраўнікоў, вырашалі пытанні па калектыўнай дамове. Людзі сталі разумець, што калі прафкам даў дабро, то гэта закон. Наймальнік не мае права яго парушаць».

"Тады была свабода". Як у 1991 годзе ў Гродне працоўныя зладзілі страйк і дамагліся свайго
Анатоль Хацько. Фота: Ірына Новік

Досвед забастоўкі, па яго словах, яшчэ доўга заставаўся «інструментам уздзеяння» на кіраўніцтва завода. Дырэкцыя ведала — калі не дамовіцца па-добраму, людзі зноў выйдуць на вуліцу.

Чаму не атрымалася паўтарыць

Аляксандр Мілінкевіч адзначае, што ў пачатку 1990-х выбары на ўсіх узроўнях былі «нармальнымі, сумленнымі»:

«Мяне выбіралі [старшынёй Гродзенскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў], Домаша таксама выбіралі. Таму ён і сустракаўся з многімі - не было страху. Домаш спакойна да працоўных выходзіў, ён сам быў з тэхнічнай наменклатуры, умеў працаваць з калектывамі. Ды і ўсе разумелі - ад такіх сустрэч будзе карысць».

"Тады была свабода". Як у 1991 годзе ў Гродне працоўныя зладзілі страйк і дамагліся свайго
Аляксандр Мілінкевіч, фота з асабістага архіва

Не было ў пачатку 90-х і татальнага падаўлення іншадумства. Мілінкевіч успамінае, што «самая апазіцыйная газета Гродна, „Пагоня“, мела тады два пакоі ў памяшканні гарвыканкама», — і заключае: «Тады была свабода».

"Тады была свабода". Як у 1991 годзе ў Гродне працоўныя зладзілі страйк і дамагліся свайго
Адзін з мітынгаў жніўня 2020. Фота: Ірына Новік