Гісторык Андрэй Вашкевіч заклікаў усіх ахвотных далучыцца да збору інфармацыі пра старыя гродзенскія могілкі і біяграфіі пахаваных там людзей. Збор звестак мае быць часткай маштабнай працы, якая наблізіць пазнавальнасць гродзенскага некропаля да ўзроўню гістарычных могілак на віленскіх Росах і львоўскім Лычакаве. На заклік адгукнуўся чытач Hrodna.life Сяргей Кузняцоў.
Хачу распавесці пра помнік, які цікавіў мяне здаўна. Размешчаны пры цэнтральнай алеі каталіцкай часткі могілак ён доўга быў для мяне загадкай. Простая трохі пахілая гарызантальная пліта з чатырма кветкамі па кутках, надпісам на польскай мове «Ядвіга Баранцэвіч, ⴕ 1871» і фрагментам малітвы за памерлых.
Я даўно цікаўлюся гісторыяй Баранцэвічаў, але ніколі не сустракаў звестак пра кагосьці з гэтага роду, хто б жыў у Горадні ў ХІХ стагоддзі. Маглі быць Наваградак, Мір, Нясвіж, Вільня, але не Горадня.
І вось нядаўна адказ ўдалося знайсці. А ўсё дзякуючы амерыканскім мармонам. Прадстаўнікі гэтай рэлігійнай групы дэтальна вывучаюць сваіх продкаў, капіруючы архіўныя дакументы па усім свеце. Сабраныя архівы яны захоўваюць на мікрафільмах у адмысловым сховішчы, змешчаным унутры Гранітнай гары ў амерыканскім штаце Юта. З 1999 года гэтыя зборы адлічбоўваюцца і паступова выкладваюцца ў адкрыты доступ на сайце FamilySearch. З’явіліся на сайце і копіі дакументаў гродзенскіх касцёлаў.
І вось у метрычнай кнізе Фарнага касцёла аб памерлых за 1871 год знайшоўся запіс за 30 сакавіка аб смерці ад сухотаў васемнаццацігадовай Ядвігі, дачкі калежскага сакратара Тэафіла Баранцэвіча і яго жонкі Люцыны. Імёны бацькоў, вядомыя мне і раней, акурат сталі ключом да разгадкі.
Тэафіл Казіміравіч гарадзенцам не быў. Большасць жыцця ён пражыў у бацькавым маёнтку Міронім на Слонімшчыне. Пра яго сям’ю і маёнтак я ў свой час пісаў, расказваючы пра іншую Ядвігу Баранцэвіч — правобраз Ядвісі ў трылогіі «На ростанях» Якуба Коласа. Бацька «коласавай» Ядвісі, Ян, прыходзіўся Тэафілу пляменнікам. Ян стаў правобразам кніжнага «пана падлоўчага», а Міронім — «маёнткам на Гарадзеншчыне», згаданым ў творы класіка.
Што ж рабіў Тэафіл, чыноўнік і памешчык з-пад Слоніма, у Горадні? Чаму яго дачка пахаваная тут? Хутчэй за ўсё, сваякоў у Горадні мела, а можа адсюль і паходзіла, жонка Тэафіла — Люцына са Сташэўскіх. Аднаго дня гарадзенскія метрыкі з-пад Гранітавай гары дазволяць мне гэта пацьвердзіць, або абвергнуць.
А пакуль дазволю сабе яшчэ адну здагадку, праверыць якую наўрадці калі ўдасца. А што калі «пан падлоўчы» Ян Баранцэвіч назваў сваю дачку Ядвігай у памяць аб сваёй заўчасна памерлай стрыечнай сястры? Цікавая б была «нітачка» ад забытага помніка на старых гарадзенскіх могілках да «найпрыгажэйшай кветкі Палесся». Прынамсі, ідучы па галоўнай алеі некропаля, можна пра гэта паразважаць…
Калі б давялося здабываць 200 вінных коркаў уласнымі высілкамі, то ні часу, ні грошай не хапіла…
Сёлета на міжнародную акцыю Ноч музеяў у Лідзе рыхтуюць вогненны вечар, а ў сядзібе-музеі Агінскіх…
Калі ў вас добры запас яйцаклетак для апладнення, вы можаце дапамагчы зацяжарыць іншым дзяўчатам, якім…
Доступ да прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека можа выратаваць многіх жанчын ад анкалогіі. У Беларусі…
Калі ў 2021 годзе некаторыя плакалі ад горычы паразы ці збіралі з аскепкаў разбітага “я”…
Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты…