«Ад суседзяў засталася толькі скрыпка». Гісторыя дома, які рыхтавалі да прыезду Лукашэнкі

Драўляныя дамы на рагу вуліц Міцкевіча і Горкага ў Гродне сталі нядаўна вядомыя на ўсю краіну: іх, даўно пустуючыя, імгненна абнавілі перад прыездам Аляксандра Лукашэнкі. Расказваем гісторыю дома па Горкага, 13, ад уладальнікаў якога засталася сёння толькі скрыпка.

Рамонт перад прыездам Лукашэнкі

У пачатку кастрычніка ў раёне вуліц Міцкевіча і Горкага, так званым Новым свеце, можна было ўбачыць спецыялістаў розных гарадскіх службаў, якія замяралі закінутыя пабудовы і прылеглую да іх тэрыторыю. Жыхарам суседніх дамоў спецыялісты казалі, што вывучаюць аб’екты для будучага будаўніцтва.

«Пад знос ідуць дома з гісторыяй у цэлае стагоддзе, — распавядае жыхарка вуліцы Горкага Надзея Касьянава. — Пабудовы руйнуюцца, а людзі там ужо не жывуць па некалькі гадоў. Мы, як карэнныя жыхары Новага свету, засмучаныя навіной аб зносе. Гэта цэлая гісторыя. Гісторыя, якую ў нас не шануюць».

Але перад прыездам прэзідэнта да адселеных дамоў прыехала будаўнічая тэхніка і брыгада рабочых.

«Пачаўся сапраўдны рамонт, — дадае Надзея. — У дамах устаўлялі вокны і фарбавалі фасады. Як аказалася, рабілі гэта толькі з-за прыезду Лукашэнкі. Прэзідэнт праехаў па вуліцы, а дамы так і засталіся стаяць».

Дом №13 да рамонту. Замест шыбаў у вокнах стаіць фанера
Дом №13 падчас рамонту. Рабочыя ўстаўляюць у вокны шыбы
Дом №13 пасля рамонту. Рабочыя павесілі ў вокны фіранкі

Падарунак ад суседзяў

Выкарыстоўваючы магчымасць, Надзея распавяла гісторыю закінутага суседскага дома, а дакладней яго ўладальнікаў, ад якіх засталася сёння толькі скрыпка.

«У доме № 13 да вайны жыў багаты габрэй са сваёй сям’ёй. У іх быў свой магазін, — распавядае жанчына. — У 1941 годзе, калі прыйшлі немцы ў Гродна, пачаўся хаос. Бацька ўспамінаў, што акупанты прыйшлі за суседзямі толькі ў лістападзе 1942 года. На збор рэчаў ім далі лічаныя хвіліны. Казалі браць толькі самае каштоўнае».

Надзея кажа, што немцы акружылі дом, каб ніхто не ўцёк, але адзін з дзяцей здолеў перадаць суседзям адну каштоўную рэч. Гэта была скрыпка.

«Дзевяцігадовы хлопчык — аднагодак майго бацькі - у мітусні паспеў праз немцаў пралезці і сказаць: „Влодэк, бацька сказаў, каб я перадаў табе скрыпку — ты павінен граць“. Сям’я ў нас была музычная і мела патрэбу ў такім інструменце. Бацька скрыпку прынёс дадому, яе паглядзелі і пакінулі на час».

Скрыпка ад габрэйскіх суседзяў, якіх забралі ў лістападзе 1942 году

Скрыпку скралі падчас налёту

У 1944 годзе скрыпку з хаты скралі. Па ўспамінах бацькі Надзеі, калі пачаўся налёт яго сям’я хавалася ў зямлянцы, а іх сусед тым часам бегаў па кватэрах і забіраў самае каштоўнае.

«Пры такіх вось абставінах і знікла скрыпка. Гэта адзіная рэч, якая нагадвала майму бацьку і яго бацькам пра суседзяў, якіх забралі ў гета. Верагодна, яны ўсё загінулі, бо ніхто з іх не вярнуўся ў свой дом».

У 1985 годзе, калі памёр сусед, бацькі Надзеі выпадкова выявілі музычны інструмент, пра які ўжо паспелі забыцца.

«44 гады мінула з той бамбёжкі, а скрыпка ўвесь час была ў суседа. А калі ў яго пыталіся, ён рабіў выгляд, што нічога не ведае. Калі ён памёр, рэчы з яго кватэры пачаў вывозіць нейкі поп. Тады мае бацькі і ўбачылі тую самую скрыпку. Мама ў мяне была баявая і папа прыціснула да сценкі: „Скрыпку вяртай або мы пойдзем куды трэба і паведамім, колькі ты золата вывез ужо з гэтай кватэры“. Скрыпку ў выніку ён прывёз, але спачатку не тую. Праз некалькі дзён ён вярнуў суседскую скрыпку і я яе тады ўпершыню ўбачыла».

Сямейная рэліквія

З тых часоў яўрэйская скрыпка стала сапраўднай рэліквіяй у сям'і Надзеі. Жанчына сама грае на музычных інструментах, але на суседскай скрыпцы яна ніколі не грала.

«Сёння, калі збіраюцца зносіць гэты дом, я са слязамі на вачах узгадваю гісторыю скрыпкі, гісторыю суседзяў і цэлай гродзенскай сям'і. Мы нават не ведаем іх прозвішча, але мы памятаем».

Скрыпка сёння ў сям'і Надзеі Касьянавай — сапраўдная сямейная рэліквія
Надзея хоча верыць, што калі-небудзь да яе дому прыедуць сваякі тых самых суседзяў і яна зможа перадаць ім скрыпку.

Вядома, што пасля вайны ў доме № 13 па вуліцы Горкага пасяліўся супрацоўнік НКУС Ананьеў. З цягам часу яго сям’я раз’ехалася, а ў дом засялялі звычайных гродзенцаў. Жылі яны там да 2015 года.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Усё, што заўгодна, каб выратаваць чалавечыя жыцці». Музыкі гурта Irdorath далі першае інтэрв'ю пасля вызвалення

Музыкі гурта Irdorath Уладзімір і Надзея Калач далі першае інтэрв'ю пасля свайго вызвалення вясной 2023…

7 мая 2024

Штраф за сцяг, спекуляцыі малаком і сарваны канцэрт — што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з…

5 мая 2024

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024