«У вас бэз свежы, або леташні?» — так я сёння павіталася з Наталляй Дораш у сетцы. Апынулася — бэз архіўны. А глядзіш — быццам цяпер квітнее.

Падчас эпідэміі, на самаізаляцыі, фотографка разбірае фатаграфіі і ўспамінае гісторыі маладосці. Сваёй і сваіх сябровак, жанчын Гродна з 70-х.

«50 гадоў прамільгнула, як адзін дзень прайшоў», — кажа яна.

Гляджу на яе здымкі - якое там усё сапраўднае! Не прыйдзе ў галаву спытаць: «Гэта радасць у вас свежая? А вось у той закаханасці тэрмін захоўвання не выйшаў?» Чытаю Наталліны гісторыі і сама быццам ужо там, на тых здымках. Проста выпадкова мяне закрыў плячом мінак, ці я адбегла на хвілінку носік прыпудрыць.

Калі вам таксама цікава нырнуць у фота-серыял «Пра тое, што было і прайшло» — далучайцеся.

Толькі сумленна. Пяць хвілін сапраўднага адпачынку. Калі глядзіш не адрываючыся, рукам ад кабка з гарбатай цёпла і ўвесь свет пачакае.

Бедная Ліза
і
сапраўдны палкоўнік

Серыя 3

«З якім клёвым мужыком я пазнаёмілася! Палкоўнік, ваенны лётчык, лётае на Паўночны полюс, зарабляе вялікія грошы. Халасты! Запрасіў мяне ў рэстаран. Сказаў, што запрашае разам з сяброўкамі», — захлыналася ад захаплення Лізавета.

Нас, яе сябровак, заінтрыгаваў лётчык-палкоўнік. Былі рады, што Лізавета да сваіх трыццаці гадоў нарэшце сустрэла сваё шчасце. У суботу ў прызначаную гадзіну мы, апранутыя і прыгожыя, пайшлі на спатканне з палкоўнікам.

Жаночы раман часоў пандэміі. Серыя 3. Бедная Ліза і сапраўдны палкоўнік

Уяўляла яго ў мундзіры і з ордэнамі, бо лётаць на Паўночны полюс гэта не жарты. Але прыйшоў палкоўнік у цывільным адзенні і расчараваў сваёй непрыгожасцю. Праўда, ён балакаў і быў вясёлым. «Добра, з твару вады не піць, хай Лізе з ім пашанцуе наладзіць асабістае жыццё», — шапталіся мы.

«Мужчына павінен быць трохі прыгажэйшы за малпу, а зубы мы яму пасля вяселля ўставім», — суцяшала сама сябе Лізавета. У Люды падпаленыя зайздрасцю вочы разгараліся. У яе з’явіўся намер захапіць палкоўніка і адбіць зайздроснага жаніха ў сяброўкі.

Жаночы раман часоў пандэміі. Серыя 3. Бедная Ліза і сапраўдны палкоўнік

На таксі мы пад’ехалі да рэстарана «Вясёлка». У пачатку 70-х гадоў вуліца Урублеўскага на ўскраіне горада лічылася новым мікрараёнам, яшчэ не былі пабудаваныя інтэрната і панэльныя дзевяціпавярховікі, не стаяла паліклініка, слабыя лісточкі пасаджаных чэзлых дрэваў трапяталі на ветры.

Жаночы раман часоў пандэміі. Серыя 3. Бедная Ліза і сапраўдны палкоўнік

У рэстаране гуляла музыка, у зале лунаў цыгарэтны дым і апетытны пах катлет. Палкоўнік дамам замовіў пару бутэлек Савецкага шампанскага, а для сябе «Жыгулёўскае» і графінчык гарэлкі. Выпілі, закусілі, палкоўнік стаў запрашаць на танец то Лізу, то Люду. Астатніх дам ён ігнараваў, і здавалася, што мужчына перад дылемай: якую жанчыну абраць?

Калі ён танцаваў з Людай, Ліза раўнавала і падціскала вусны. «Ліза, не варты гэты мужык тваіх пакут. Можа, ён жанаты і на Паўночным полюсе ў яго растуць пяцёра дзетак», — суцяшалі мы сяброўку. «Ён мне прызнаўся, што ён не лётчык, ён служыць у атрадзе касманаўтаў, — адказвала Ліза, — а касманаўтамі проста так не раскідваюцца».
Палкоўнік пайшоў праводзіць Лізавету, ён зрабіў свой выбар.

Жаночы раман часоў пандэміі. Серыя 3. Бедная Ліза і сапраўдны палкоўнік

У панядзелак на працы мы абмяркоўвалі Лізіна шчасце. Я праявіла адзнятую ў рэстаране фотастужку і надрукавала фатаграфіі. «Якая я шчаслівая! — прызнавалася нам Лізавета. — Праз тыдзень мы з ім ляцім у Нарыльск, у яго там трохпакаёвая кватэра. Ён абяцаў мяне на руках насіць і парушынкі здзімаць».

Жаночы раман часоў пандэміі. Серыя 3. Бедная Ліза і сапраўдны палкоўнік

Але палкоўнік знік, не аб’явіўся ён ні праз тыдзень, ні праз паўгода.

Жаночы раман часоў пандэміі. Серыя 3. Бедная Ліза і сапраўдны палкоўнік

Лізавета яму звязала ваўнянай швэдар, але жаніх не падаваў аб сабе вестачкі. Праз год Лізавета супакоілася і толькі з сумам казала, што шкадуе, што ад палкоўніка дзіцятка не атрымалася.

Бедная, бедная Ліза…

Працяг будзе.

Чытайце папярэднія серыі: