Імя Уладзіміра Бачкова ў Гродне ведалі як мінімум тыя, хто цікавіўся аднаўленнем гістарычнай архітэктурнай спадчыны Гродна і лёсам Старога Замка ў прыватнасці. 9 жніўня на 77 годзе жыцця Уладзімір Бачкоў памёр. 10 жніўня пройдзе развітанне.

Гісторык і культурны антраполаг Сцяпан Стурэйка, старшыня праўлення Беларускага камітэта ICOMOS, распавёў для Hrodna.life пра рэстаўратара, яго працу і повязь з Гродна.

«Сыходзяць зубры беларускай рэстаўрацыі»

Такі выраз напісаў Сцяпан Стурэйка пра смерць Бачкова на сваёй старонцы ў Facebook.

«Ён належаў да старога пакалення прафесіяналаў, можна сказаць, да першага прафесійнага пакалення беларускіх рэстаўратараў. Усе ягоныя сталыя калегі, з якімі мне даводзілася гутарыць, адгукаліся аб ім, як аб надзвычай моцным, датошным даследчыку. Да таго ж, такім, які меў спрыт і моц прасоўваць сапраўды вялікія праекты.

Чытайце таксама:«Спадчына — не проста старыя камяні і фальклор». Сцяпан Стурэйка пра вынік 10 гадоў працы

Бачкоў стаяў ля вытокаў рэстаўрацыі Нясвіжскага замка, займаўся гісторыка-архітэктурным абгрунтаваннем рэгенерацыі гістарычнай забудовы Гродна ў 1980-я гг.

«На падставе той працы ў БелНДІгорадабудаўніцтва распрацоўвалі Праект дэтальнай планіроўкі цэнтра — той, які сёння гісторыкі лічаць найбольш спрыяльным у сэнсе аднаўлення гістарычнага асяроддзя», — распавёў Стурэйка для Hrodna.life.

Яго кумірам быў Санці Гучы

Сцяпан узгадаў таксама, што калі Бачкоў заняўся Старым замкам, то пераехаў жыць у Гродна. «Гэта шмат кажа пра яго і як пра асобу», — мяркуе Стурэйка.

«Ён належаў да такога тыпу рэстаўратараў, якія імкнуцца пераўвасобіцца ў творцаў, аб’ектамі якіх займаюцца. У гэтым сэнсе Санці Гучы быў ягоным кумірам аж настолькі, што, кажуць, нават адрас электроннай пошты яго быў на імя Гучы».

Такі тып рэстаўратараў, паводле Стурэйкі, давалі распаўсюджаны: «Такі сабе Віяле-ле-Дзюк, які перастварае помнікі не столькі такімі, якімі яны былі, колькі такімі, якімі яны маглі і павінны былі быць. Гэта адна з распаўсюджаных рэстаўрацыйных ідэалогій. Дарэчы, хто б што не казаў, а менавіта яна і ёсць квінтэсенцыя навуковай рэстаўрацыі, дзе галоўная стаўка робіцца на гіпотэзу».

Чытайце таксама: «Рэстаўрацыя — не аднаўленне як было». Сцяпан Стурэйка пра спрэчкі вакол Старога замка

Шанцавала і не шанцавала адначасова

Сцяпан Стурэйка распавёў Hrodna.life, што Бачкову і шанцавала, і не шанцавала адначасова: «Шанцавала ў тым, што яму даставаліся самыя крутыя аб’екты. А вы паспрабуйце быць настолькі паспяховым! А не шанцавала ў тым, што яны патрабуюць надта шмат часу і рэсурсаў на рэалізацыю. За гэты час непазбежна прыходзяць новыя пакаленні даследчыкаў, якія пачынаюць глядзець на тыя аб’екты пад іншым вуглом. Натуральна, пачынаюцца спрэчкі, патрабаванні пачынаць усё з пачатку…»

«Так не толькі ў Беларусі, дарэчы. Паўсюль так. Пра спрэчкі ў рэстаўрацыі кракаўскага Вавеля цэлыя кнігі напісаныя. Рэстаўрацыя наогул надзвычай канфліктагенны працэс».

З ім сыходзіць эпоха

«Так што можна сказаць, што сышла маштабная асоба, чалавек-эпоха, — кажа Стурэйка. — Пра яго будуць помніць хаця б таму, што ягоны галоўны помнік — Стары замак — гэта і яму помнік на стагоддзі».

Чытайце таксама: