Святлана Куль-Сяльверстава пра звальненне Вячаслава Шведа: “Не па той цэлі б’юць!”

Вы заяўляеце, што конкурс на пасаду прафесара, які не прайшоў Вячаслаў Швед, праведзены з парушэннямі. У чым яны заключаюцца?


Фармальна ўсё вытрымана быццам бы бездакорна, мяне ж выбіралі па той самай працэдуры. Але лагічна, што калі вынік конкурсу адмоўны для прэтэндэнта, то Рада мусіць задаць пытанні, патлумачыць прэтэнзіі і даць выказацца.

 

Але да Шведа пытанняў і заўваг не было, а вынік абвясцілі ў самым канцы і адразу закрылі паседжанне. Гэта можна лічыць маральным парушэннем.

 

Усе пачалі ўставаць са сваіх месцаў і, як мне падалося, хуценька пабеглі да выхаду. Вячаслаў папрасіў слова, але выказацца яму так і не далі. Потым ён падыйшоў да рэктара на прыватную размову.


Наколькі рэальна цяпер аспрэчыць вынікі конкурса?

 

50/50 – усё цалкам залежыць ад адміністрацыі. Дарэчы, дэкан Данскіх не зусім добра выказаўся пра Шведа, але выключна ў тым кантэксце, што з-за нагрузкі па кіраванні кафедрай ён не меў дастаткова часу для навуковай працы, у тым ліку з аспірантамі.


Як магла б выглядаць працэдура аспрэчвання вынікаў конкурса?

 

Вячаслаў можа сказаць, што мае права на апеляцыю, бо яму не далі выказацца і не прад’явілі прэтэнзій. У сувязі з гэтым ён можа прасіць правесці конкурс паўторна. Але, як я ўжо сказала, далей усё залежыць ад адміністрацыі.


Якія настроі сярод выкладчыкаў? Як успрынялі падзею прысутныя на Радзе?

 

Абурэнне было, безумоўна. Мне дык наогул мову заняло, я сядзела побач са Славай. Калі большасць адразу ўцякла, то групка з 8-10 выкладчыкаў, у тым ліку прафесура, засталася ў зале і гучна абуралася.

 

Гэта ж сапраўдны абсурд! Я ведаю Славу 25 год, мы разам былі ў аднаго навуковага кіраўніка. Ён не палітык, а акадэміст. Ён апантаны навукай і Гарадзеншчынай, ён пагружаны ў навуку. Гэта сэнс яго жыцця і адсюль бярэцца ягоны вялікі аўтарытэт.

 

Таму, магу сказаць адназначна, што не па той цэлі б’юць! Гэтае звальненне – удар не па Шведу ці “Гродназнаўству”, а па ўніверсітэту перадусім.

 

На Славе ляжыць велізарная нагрузка як на прафесары. А цяпер яго аспіранты застануцца без кіраўніка? Хто далей будзе займацца іхнымі тэмамі?

 

Да таго ж, у яго былі вялікія планы па міжнародным супрацоўніцтве: з Польшчай, Латвіяй. Ён паспяхова прыцягваў праекты. І вось хутка прыедуць тыя самыя латышы і захочуць сустрэцца ва ўніверсітэце з кім? Канешне, з прафесарам Шведам!