«Правы Чалавека «на пальцах» прыедуць у Гродна
Даведайцеся 20 красавіка на пашыраным семінары «Правы чалавека на пальцах» у Гародні!
У праграме семінара 20 красавіка (субота): тэорыя і філасофія правоў чалавека, дзеянні ў абарону грамадскіх інтарэсаў і прававыя механізмы абароны правоў чалавека.
Заяўкі прымаем да 18 красавіка (чацвер) ўключна!
Спяшайцеся – колькасць месцаў абмежавана!
Першая частка семінара – гэта дзве гадзіны пра гісторыю і фундаментальныя ідэі, на якіх грунтуюцца Правы чалавека. Пасля – пра метады абароны правоў чалавека («Дзеянні ў абарону грамадскіх інтарэсаў»).
Апошняя частка семінара прысвечана прававым механізмам абароны правоў чалавека і грамадзяніна. Гэта будзе асабліва карысна юрыстам і тым, хто хоча прафесійна абараняць правы чалавека.
Таксама будзе гаворка пра прынцыповую розніцу паміж праваабаронцамі і палітыкамі, талерантнасць, большасць і меншасць, свабоду і пра тое, што Правы Чалавека – гэта не пра ўсё на свеце, а пра вельмі канкрэтныя рэчы.
Вядучыя праграмы – маладыя беларускія праваабаронцы.
Да ўдзелу ў праграме запрашаюцца беларуская моладзь і студэнты, а таксама ўсе ахвочыя незалежна ад узросту, сацыяльнага палажэння, веравызнання і г.д.
Семінар пройдзе ў Гародні 20 красавіка 2013 (субота) арыентыровачна з 11.00 да 17.00. Дакладнае месца правядзення будзе паведамлена адабраным удзельнікам.
Анлайн-заяўку запаўняйце тут.
Увага! Запаўняючы анкету, вы пагаджаецеся з правілам поўнага ўдзелу ў семінары.
Таксама звярніце ўвагу, што мы не маем магчымасці кампенсаваць праезд.
Для тых, хто паспяхова пройдзе дадзены семінар, прадугледжана паглыбленае навучанне, а таксама іншыя прапановы ў галіне адукацыі правам чалавека, стажыроўкі і ўдзел у дзейнасці беларускіх і міжнародных праваабарончых і моладзевых арганізацый.
«Правы Чалавека «на пальцах» – сталая навучальная праграма па Правах Чалавека для пачаткоўцаў. Падчас праграмы задаецца і ўзнікае шмат пытанняў, над якімі прапануецца паразважаць самастойна, а таксама з іншымі ўдзельнікамі і вядучымі. Праграма з’яўляецца часткай Міжнароднай школы Правоў Чалавека і грамадзянскіх дзеянняў.
Семінары арганізуюцца пры падтрымцы Беларускага Хельсінкскага Камітэта, прафсаюзнай групы «Студэнцкая Рада», праваабарончага цэнтру «Вясна», асветніцкай установы «Цэнтр прававой трансфармацыі».
Па ўсіх пытаннях пішыце на [email protected].
Далучайцеся да нас Вконтакте, Facebook, Twitter, Instagram.