Гарадзенскі паэтычны слэм: знаёмцеся з удзельнікамі

|

У слэме прымуць удзел восем паэтаў: пароўну жанчын і мужчын. Пераможцу вызначаць публіка, таму варта ўжо зараз прыгледзецца да паэтаў. Можа, хтосці загадзя выбярэ свайго фаварыта?

 

Ганна Аўчыннікава. Паэтка, нарадзілася ў Гродне. Скончыла філалагічны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы і аспірантуру гэтага ж універсітэта. Цяпер працуе ў палітэхнічным каледжы загадчыцай бібліятэкі і выкладчыцай беларускай мовы. Аўтар кнігі вершаў “Ад зачыненай брамы”, публікацый у часопісах і газетах, а таксама ў калектыўных зборніках.

 

 

align=”left” alt=”Анатоль Брусевіч” >Анатоль Брусевіч. Паэт, перакладнік, літаратуразнаўца. Нарадзіўся 28 верасня ў Гродне. Скончыў філалагічны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы (1999), там жа магістратуру (2000) і аспірантуру (2003) пры кафедры польскай філалогіі.

 

Друкуецца з 1989 года ў беларускіх і замежных выданнях. Аўтар зборніка паэзіі “Дуэль” (1992), “Падаю ў неба” (2006), “Апошні дзень” (2013), манаграфіі “Фактары беларускай культуры ў творчасці Адама Міцкевіча” (2008). Жыве і працуе ў Гродне. Вершы перакладаліся на польскую, рускую, літоўскую, англійскую, грузінскую мовы.

Паэт, дэкадэнт. Пра сябе кажа: “Не люблю фанатаў, рэнегатаў, дэгенератаў”.

 

Артур Камароўскі. 21 год, студэнт V курса філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы. Нарадзіўся ў 1991 годзе ў г.п. Мір, Карэліцкага раёна. Піша пераважна вершы, але ёсць і колькі апавяданняў. Друкаваўся ў польскім часопісе “Termapiły” (Тэрмапілы).

 

Света Карпей. Піша вершы пра Гродна, удзельнічала ў бардаўскім дуэце “Палын” з Валерам Руселікам.

 

Святлана Куль. Гарадзенская паэтка і гісторык, прафесарка кафедры археалогіі і этналогіі ГрДУ. У лістападзе 2012 года прэзентавала сваю першую кнігу вершаў, актыўна працуе над другім зборнікам. Гісторык не толькі па адукацыі, але і па складзе характару. Без Гродна не бачыць сябе ані як чалавека, ані як паэта, ані як беларуску.

 

 

 

Ала Петрушкевіч. Гарадзенская паэтка, належыць да той прыгожай кагорты творцаў аднаго зборніка. Яе паэтычны зборнік “Пярсцёнак” выйшаў у 1997 г. Назву падарыла аўтарка прыгожай прадмовы Данута Бічэль.

А калі больш афіцыёзна:

Дацэнт кафедры беларускай літаратуры, кандыдат філалагічных навук. Нарадзілася ў вёсцы Шчонава Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. У 1981 годзе закончыла беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта, працавала ў школах Шчучынскага і Карэліцкага раёна. У 1992 годзе закончыла аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН, у 1993 – абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму “Паэзія Дануты Бічэль-Загнетавай. Праблема лірычнага героя”. Вучонае званне дацэнта прысвоена ў 2001 г.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працуе з 1992 г. Асноўныя напрамкі навуковых даследаванняў: “Беларуская літаратура нашаніўскай пары”, “Літаратура Гарадзеншчыны”, “Творчасць пісьменнікаў беларускага замежжа”.

Валера Руселік. Нарадзіўся ў Гродне ў 1982 годзе. Сярод іншых сваіх заняткаў найперш вылучае падарожжы, таму сваю творчасць падпісвае як “daroha”. У 2001 годзе босым пілігрымам дайшоў з Гродна да Вострай Брамы ў Вільні. Плаваў у пяці морах і двух акіянах, таптаў зямлю шаснаццаці краін. Медыя-актывіст. Сябра суполкі літаратараў-паўстанцаў “Бункер”.

Творчасцю займаецца з дзяцінства, чаго і ўсім прысутным зычыць таксама. Асобныя творы зрэдчас з’яўляліся ў перыядычным і неперыядычным друку, а таксама выконваюцца пад гітару. Апошнім часам спрабуе свае сілы ў прозе. Паўнавартаснай кніжкі, “каб у руках патрымаць было што”, дагэтуль не мае: раней хацелася, але не маглося, а зараз наадварот – можацца, але не тое каб і моцна хацелася. Адным словам, усім аматарам “шуфляднай творчасці” прысвячаецца!

 

Антон Янкоўскі. Родам з вёскі Нача Воранаўскага раёна, Гродзенскай вобл. У 2008 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Рэжысура народных абрадаў і свят”. Зараз працуе выкладчыкам тэатральных дысцыплін у Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў.

Друкаваўся ў шматлікіх абласных і рэспубліканскіх выданнях, такіх як “Маладосць”, “Літаратура і мастацтва”, “Дзеяслоў”, “Гродзенская праўда”. Аўтар зборнікаў вершаў “Анёл з васільковымі вачыма” (2010) і “Белыя рамонкі” (2012). Піша вершы, прозу, публіцыстыку.

У праграме мерапрыемства, акрамя змагання паэтаў, запланаваны таксама выступ гурта “Раса мечтателей” (глядзі іх відэа ніжэй). Ганаровыя госці слэму, Данута Бічэль і Аляксей Пяткевіч, раскажуць пра традыцыю публічных чытанняў паэзіі ў Гродне.

Арганізатары мерапрыемства: ГА “Цэнтр “Трэці сектар” пры падтрымцы кніжнай серыі “Гарадзенская бібліятэка” і галерэі “Крыга”.

 

Пачатак слэму ў 18.00. Уваход вольны. Запрашаем!

Падзея на Facebook тут.