Коматава мог напаткаць лёс Хатыні

|

Частка І. Трагедыя, якая не здарылася

 

22 сакавіка споўнілася 70 гадоў, як была спалена вёска Хатынь разам з жыхарамі за дапамогу партызанам. Як вядома, там з 21 на 22 сакавіка 1943 г. начавалі партызаны, а  частка атрада правяла аперацыю на дарозе, дзе быў забіты немец Ганс Отто Вёльке (любімец Гітлера, пераможца Берлінскай алімпіяды 1936 г.).

 

У сувязі з гэтым, туды быў накіраваны карны атрад на чале з начальнікам штаба 118 батальёна ахоўнай паліцыі (складаўся са славян, пераважна ўкраінцаў) Рыгорам Васюрам (былы афіцэр Чырвонай арміі), які кіраваў аперацыяй у Хатыні. Трагедыя адбылася ў 1943 г. Праз год такі самы лёс мог напаткаць в. Коматава ў Гарадзенскім раёне…

 

У Гарадзенскім раёне, у дэльце Котры, якая падзяляе бацьку-Нёмана на верхняе і сярэдняе цячэнне, знаходзіцца старадаўняя вёска Коматава. Марозным ранкам 27 сакавіка 1944 года, здавалася, што нічога не прадвяшчала бяды. А няшчасце быццам падпільнавала.

 

Нечакана ў хаты вяскоўцаў уварваліся ўзброенныя немцы! Яны акружылі вёску Коматава і пачалі выводзіць усё дарослае насельніцтва ў цэнтр населенага пункта, а дзяцей пакінулі ў хатах. Немцы патрабавалі выдачы партызан, якія напярэдадні аказалі ім узброены супраціў і, магчыма, хаваліся ў Коматаве.

 

Большасць людзей была ўпэўнена ў сваёй невінаватасці, бо партызан не бачыла. Некаторыя нават не чулі пра ўчорашні канфлікт на хутары Мар’янаўка. Адну жанчыну фашысты вывелі з хаты ў абіяках (абутак з драўлянай падэшвай) на босу ногу і загадалі стаць у адзін з радоў насупраць нямецкіх кулямётаў, праўда, праз нейкі час, ёй дазволілі адзецца цяплей і вярнуцца на месца. Кулямётчыкі чакалі загада намесніка каменданта Жытамлянскай гміны.

 

А пачыналася гэтая гісторыя так…

 

26 сакавіка 1944 г. на хутары Мар’янаўка, пасля задання па падрыву чыгункі каля Марцынконяў, спакойна адпачывалі партызаны на чале з Віктарам Аляксандравым. У партызанскай групе быў нават мясцовы – Мікалай.

 

Пра хутар Мар’янаўку радня Тулінскіх расказвала, што ў ваколіцах з’явіліся мясцовыя падпольшчыкі і напрыканцы 30-х гг. забілі  некалькі польскіх асаднікаў, а потым на хутары ў склепе трымалі былога эканома гаспадароў маёнтка Мігова. Праз тры дні яго выпусцілі, але цалкам пасівеўшага.

 

Пра бяду, якая магла здарыцца з жыхарамі хутара, пры наведванні іх партызанамі, ніхто сур’ёзна не паклапаціўся і не зрабіў адпаведных захадаў перасцярогі, бо прыкладна ў гэты ж час група немцаў была ў Дзям’яна Сідарчука і вырашыла (па версіі мясцовых жыхароў) заблакаваць хутар ад партызанаў. Магчыма, у немцаў была нейкая інфармацыя пра іх. Але нельга выключыць і іншыя матывы – здраду ці помсту.

 

Пацярпелыя з хутара падазраюць, што немцаў да іх накіраваў Дзям’ян. Фашысты вырашылі зрабіць на хутары ператрус. Партызаны, каб не падстаўляць сям’ю пад растрэл (бегчы ў лес было позна), вымушаны былі схавацца на гарышчы. Адзін з немцаў вырашыў праверыць і там.

 

Завязалася бойка. Хату пачалі абстрэльваць з аўтаматычнай зброі. Партызаны стрэлілі ў адказ. Пасля моцнага выбуху партызанскай гранаты, якая трапіла ў студню, немцы хутка зніклі. Нехта ўбачыў, што з гэтага дома, дзе хавалася група, у напрамку в. Коматава ўцякалі людзі. Гэта былі дзеці – Галіна і Уладзімір Крой, якія ў Коматава знайшлі прытулак на ноч у Дуні Белай.

 

Нюра Шырко ўначы ўладкавала дзяцей у лесе. Раніцай іх забрала маці і яны рухаліся далей праз вёску, але яе ўжо акружылі нямецкія карнікі. Немцы шукалі партызанаў і тых, хто ім мог дапамагчы. Амаль усе ведалі, што за дапамогу партызанам – растрэл, а вёску маглі спаліць. Хутка ацаніўшы сітуацыю, жыхарка Коматава Насця Шырко (па звестках А.Д. Пузыні – Надзея) запрасіла маці з дзецьмі на свой падворак і схавала пад радзюшкамі ў свіране, насыпаўшы зверху зерня. Пазней, яны праз яр і могілкі ўцяклі ў лес.

 

У цэнтры вёскі, перад кулямётамі знаходзілася ўсё насельніцтва. Камандзіру заставалася махнуць белай хусткай, каб кулямёты запрацавалі. Некаторыя дзеці, якія засталіся ў хатах, спрабавалі хавацца, уцякаць з вёскі. Ганне Дзмітраўне Пузыне было 15 гадоў, ёй загадалі быць ў хаце, але яна, наадварот, пайшла са сваімі бацькамі да ўсіх дарослых.

 

Частка жыхароў нават не ўсведамляла таго, што магло з імі адбыцца ў любую хвіліну. У некаторых людзей быў шокавы стан, асабліва ў тых, хто добра ведаў пра “подзвігі” фашыстаў.

 

Перакладчык Корпаль паведамляў мясцоваму насельніцтву загады і словы намесніка камендатуры Жытамлянскай гміны на польскай мове, а святар Іосіф Сямёнавіч Амельяновіч, ведаючы, што старэйшыя па-польску не разумеюць, перакладаў для іх на беларускую.

 

Святар аказаўся сведкам таго, як Корпаль непрафесійна рабіў сваю справу – скажаў пераклад, і тады ён адчуў, што можа адбыцца самае жудаснае – растрэл жыхароў вёскі. Тым больш, нехта сказаў, што ў вёсцы ёсць партызаны.

 

Іосіф Сямёнавіч вырашыў уратаваць сітуацыю і, падышоўшы бліжэй да кіраўніцтва карнага атрада, па-нямецку растлумачыў і даў гарантыю, што ніякіх партызанаў у вёсцы няма. Праверка па хатах пацвердзіла словы святара.

 

Ніякіх слядоў партызан у вёсцы не было знойдзена, і гэта стала нагодай для адмены ранейшых загадаў. Усіх адпусцілі па хатах, акрамя Пятра і Дзмітрыя Шырко, якіх вывезлі ў Нямеччыну. Немцы з вёскі з’ехалі, а жыхары Коматава казалі, што каб кіраваў карнай аперацыяй не намеснік каменданта, а сам камендант, то пазбегчы расстрэлу не ўдалося б. Здаецца, дробныя выпадковасці, але яны вырашылі лёс жыхароў цэлай вёскі.

 

Частка ІІ. Памяць пра Коматава і яе жыхароў

 

Праз нейкі час у памяць аб спасенні жыхароў вёскі быў напісаны Коматаўскі абраз Божай Маці. Ініцыятарам быў святар Іосіф Амельяновіч, які спас жыхароў ад расстрэлу. Стварыў абраз дыякан Барыс Стэфанавіч Вуткін, які стаяў з матуляй Вольгай на марозе ў 1944 г. перад нямецкімі кулямётамі. З таго часу мінула шмат гадоў. Абраз пасля апошняй рэстаўрацыі знаходзіцца ў коматаўскай Праабражэнскай царкве і нагадвае тутэйшым жыхарам пра шчаслівы фінал магчымай трагедыі.

 

Святар Праабражэнскай царквы Амельяновіч Іосіф Сямёнавіч

 

…ХХІ стагоддзе. Некалькі год назад, пераглядаючы сямейны фотаархіў свайго роду па бацькавай лініі, я звярнуў увагу на адзін са здымкаў, дзе было напісана прозвішча і імя маёй роднай цёткі (тады яшчэ школьніцы), а таксама дата 12.06.1935 г. Зрабіў яго электронную копію ў вялікім фармаце. Пачаліся пошукі і вандроўкі ў вёску Коматава.

 

Удалося “расшыфраваць” большасць людзей. Высветлілася, што ў цэнтры фотаздымка знаходзіцца той самы святар, які спас жыхароў Коматава ад расстрэлу. У кнізе да юбілею (500 год) горада Скідзеля таксама ёсць фотаздымак святара Амельяновіча.

 

У 2010 г. А. Д. Пузыня паказала на электронным здымку 1935 года дзяўчынку, якая ўратавала сям’ю з хутара Мар’янаўка і назвала яе імя – Надзея Шырко. Шмат новага пра падзеі 1944 г. дадаў вядомы мясцовы краязнаўца і папулярызатар Коматава Васіль Уладзіміравіч Семко.

 

Ён працаваў у архівах Беларусі, Польшчы, Літвы, каб напісаць  усё, што звязана з гісторыяй Коматаўскага прыхода. Стварыў ГА “Краязнаўчае таварыства “Коматава”, якое займаецца даследаваннямі гісторыі храмаў і будзе садзейнічаць духоўнаму выхаванню  падрастаючага пакалення.

 

Дзякуючы яго настойлівасці і рашучасці будзе захаваны ўнікальны для Беларусі познесярэднявечны могільнік на беразе Нёмана. На месцы перазахавання рэшткаў 302 чалавек, плануецца пабудаваць памятную каплічку, ці паставіць памятны знак.

 

Краязнавец і захавальнік памяці пра Коматава Семко Васіль Уладзіміравіч, 2010 г.

 

У свой час да папулярызацыі гісторыі гэтых нёманскіх мясцін спрычыніліся таксама Ілля Іванавіч Крой і заслужаны настаўнік Беларусі, краязнаўца Апанас Пятровіч Цыхун. У 2010 – 2012 гг. абласное ГА ТБМ імя Ф.Скарыны сумесна з музеем гімназіі №1 у Гродне распрацавалі і апрабавалі турыстычныя маршруты (для аўто, равароў, пехатою) пад агульнай назвай “Шляхамі акадэміка Карскага”.

 

Краязнаўчыя экскурсіі на маршрутах пачынаюцца ў Лашы, на радзіме акадэміка, праходзяць праз знакавыя мястэчкі і вёскі Гродзенскага, Бераставіцкага і Мастоўскага раёнаў: Лаша – Індура – Луцкаўляны – Алекшыцы – Масаляны – Гудзевічы – Лунна – Коматава – Мігова – Александрова – ГЭС – Гродна (музей Я.Карскага).

 

Мае продкі з другой паловы XVIII ст. жылі на тэрыторыі суседняга маёнтка Мігова. Жыхары Мігова і суседніх паселішч звычайна хавалі сваіх родных на могілках у Коматава. Родныя бацькі таксама пахаваны на могілках у Коматава, хоць і большую частку жыцця пражылі ў Гродне. Але малая радзіма была бліжэй да сэрца.

 

Коматава – паселішча старэйшае за Рым, якое шмат гадоў было духоўным цэнтрам суседніх вёсак. Менавіта тут, у XVI ст. была пабудавана царква Святога Спаса на Котры. У ваколіцах Коматава, уздоўж рэк Нёмана і Котры знойдзены старажытныя (11–13 тыс. год) стаянкі людзей. Першыя людзі тут з’явіліся пасля зыходу апошняга ледавіка. Вядома, што тут жылі заходнебалцкія плямёны (яцвягі, дайнова, часткова прусы). Іх продкі звязаны з фармаваннем новай супольнасці – ліцвінаў‑беларусаў. Фундатарам будаўніцтва першай царквы ў Коматава ў 1539 г. быў Вялікі князь і Кароль Польшчы Жыгімонт І.

 

У найпрыгажэйшых нёманскіх мясцінах, якія ў розны час наведвалі вядомыя вучоныя і пісьменнікі, яшчэ пару год назад, у даліне ракі праводзіліся археалагічныя раскопкі буйнейшага познесярэднявечнага могільніка ў Беларусі. Такіх вялікіх раскопаў у сельскай мясцовасці раней не рабілі ў нашай краіне. (“Твой стыль” некалькі разоў пісаў пра раскопкі ў Коматаве, глядзі архіўныя матэрыялы: тут, тут, тут і тутрэд.)

 

Археолагі знайшлі тут больш за трыста камянёў-помнікаў, рэчы матэрыяльнай культуры і знаходкі для антраполагаў. Цікавыя вусныя матэрыялы, якія ў 2000 годзе ўдалося запісаць ад жыхара в. Коматава Аляксандра Апанасавіча Сідарчука, былі падцверджаны архіўнымі крыніцамі, вядомымі гісторыкамі і краязнаўцамі.

 

З яго слоў мы даведаліся, што насупраць Коматава ў XIX ст. рабілі паравыя караблі, якія выкарыстоўвалі ваенныя падчас Першай сусветнай вайны. Гэта было, ці не адзінае такое прадпрыемства XIX ст. на сённяшняй Гарадзеншчыне.

 

Раскопкі старажытнага могільніка. Насупраць раскопак штучны востраў, дзе была “Дэлясава дамба”. На ёй будавалі паравыя караблі. Пасля пабудовы ГЭС знаходзіцца пад вадой.

 

Знойдзены звесткі, у якіх згадваецца (верагодна гэтае) Коматава ў 1254 г., калі вёска была спалена саюзнікамі Галіцка-Валынскага княства ў чацвёртым паходзе супраць яцвягаў. Тады ў першых шэрагах загінуў князь Комат. Сёння, напэўна, не засталося сумненняў у гісторыкаў, што назва вёскі паходзіць ад легендарнага князя-асілка Комата.

 

Паводле сведчання беларускага этнографа Паўла Шпілеўскага, жыхары Гродзенскай і Ковенскай губерній яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. спявалі гістарычныя песні пра паходы ятвяжскага князя Команта (“Комата”), гэта значыць, што памяць пра яго перадавалася пакаленнямі больш за 600 гадоў! Ёсць звесткі, што ў часы князя Тройдзена Комат быў другой асобай у ВКЛ пасля яго. А вядомы паэт і бліжэйшы сябар Адама Міцкевіча Ян Чачот напісаў выдатны верш пра князя Комата.

 

Цікава, што Комат, ці нехта з ягоных сыноў (па замежных крыніцах) з’яўляўся або бацькам, або цесцем Вялікага князя Гедзіміна. Гэтая тэма пра князя Комата чакае беларускіх даследчыкаў, бо нашы суседзі (Літва, Польшча) даўно над ёй працуюць. Нават ангельцы цікавяцца Коматамі і шукаюць іх сляды.

 

З вёскай Коматава звязаны лёсы буйных вучоных-філолагаў XIX – XX стст.: Яўхіма Карскага, будучага рэктара Варшаўскага ўніверсітэта (нарадзіўся ў Лашы ў сям’і святара) і будучага рэктара Юр’еўскага (Тарту) універсітэта Будзіловіча (нарадзіўся ў Коматаве ў сям’і святара).

 

Доўгі час пасля ІІ Сусветнай вайны з вёскай Коматава быў звязаны і лёс выдатнага чалавека, настаўніка і святара, які спас жыхароў у часы ваеннага ліхалецця‑ Іосіфа Амельяновіча. Ён аддана служыў людзям ў Коматаўскай царкве. Але ў часы ваяўнічага атэізму ён, са сваім прыходам, меў шматлікія непрыемнасці.

 

Былі зачынены каплічкі на могілках Коматава, Саволеўкі, Жарослаўкі. Яго высялялі з хаты, знялі з пасады настаяцеля царквы і адправілі на пенсію. Але і тут святар Амельяновіч годна вытрымаў  нечалавечыя выпрабаванні лёсу.

 

Прыхажане паважалі яго і, як маглі, баранілі, ён ім адказваў узаемнасцю. У 1976 г. яго сэрца перастала біцца. Правесці свайго святара ў апошні шлях прыйшлі жыхары Коматава і ваколіц, святары, якія ўспаміналі аб ім з вялікай ласкай і пашанай.

 

Сёння яго прах пакоіцца на Коматаўскіх могілках. Сваім сумленным служэннем людзям ён захаваў добрую і доўгую памяць аб сабе…

 

Амаль у кожнай беларускай вёсцы вы знойдзеце чалавека сталага веку, які раскажа вам гісторыю вёскі, мясцовыя легенды, а таксама пра цікавых асобаў, што тут жылі. Але з кожным годам гэтых людзей становіцца менш. Мне пашчасціла яшчэ пагутарыць з такімі старажыламі, якіх у Коматава было некалькі.

 

Хочацца ўзгадаць добрым словам Аляксандра Апанасавіча Сідарчука, выдатнага пчаляра і захавальніка ведаў пра Коматава. Ён быў вельмі ўзрушаны тым, што да яго прыехалі ў госці і пачалі цікавіцца гісторыяй Коматава і ваколіц. Яго гэта шчыра кранула да слёз.

 

У 2010–2011 гг., абыходзячы з ніжэйпрыведзеным здымкам старэйшых жыхароў Коматава, мне падказалі зайсці да Ганны Дзмітраўны Пузыні (у архіўных дакументах у XIX ст. пісалі Пузына), якая с цяжкасцю рухалася па падворку, але добра захавала ў памяці гады маладосці. Мы з ёю аказаліся далёкімі сваякамі. Дзякуючы ёй, удалося запісаць прозвішчы і месцы жыхарства (на той час) большасці вучняў Коматаўскай школы, якія фатаграфаваліся разам са святаром Амельяновічам ў далёкім 1935г. Праўда, нават выдатная памяць Ганны Дзмітраўны не дазволіла прыгадаць усе прозвішчы і імёны сфатаграфаваных. У канцы 2011 г. яна адышла ў лепшы свет…

 

align=”middle” alt=”вёска Коматава” >

Фота 12.06.1935г. з  сямейнага архіва К. Кроя. Фатограф невядомы.

Насцініце на фота, каб пабачыць у вялікім памеры.

У цэнтры святар Іосіф Сямёнавіч Амельяновіч разам з польскай настаўніцай Ядзвігай Францаўнай  і вучнямі Коматаўскай школы.

 

Асобы на фота паводле ўспамінаў Ганны Дзмітраўны Пузыні , 1928 г. н. Запісы 2010-2011гг.:

1 рад (прыляглі):

  1. 1. (злева – направа) Краўцэвіч Мікалай Іванавіч (Мігова, пазней у Гародні стане дырэктарам школы)
  2. 2. Амельяновіч Віктар Іосіфавіч (Коматава, сын святара, 1926г. н.)

2 рад:

  1. 1. Магчыма Слізевіч Пётр (з адкрытаю кнігай)
  2. 2. Шырко Насця, ці Надзея Пятроўна (Коматава, схавала жанчыну з дзецьмі з Мар’янаўкі ад фашыстаў)
  3. 3. Чаравач Зінаіда Ціханаўна(Агароднікі)
  4. 4. Пузыня Анастасія Трафімаўна ( правей святара, сястра мужа Пузыні Ганны  Дзмітраўны, з адной хаты)
  5. 5. Сідарчук Сяргей Пятровіч (Коматава)
  6. 6. Невядомы.

3 рад:

  1. 1. Мыслівец Іван Мікалаевіч(сціснуў вусны, магчыма з Мігова)
  2. 2. Паталета Алена Цімафееўна (Коматава)
  3. 3. Сідарчук Алена Мікалаеўна (Коматава, замужам у Шчачынаве)
  4. 4. Пушкевіч Марыя Іванаўна (Агароднікі, у матросцы, злева ад настаўніцы)
  5. 5. Ядзвіга Францаўна (Франчакоўна) (Пасля ўрокаў дзеці дзякавалі Богу па-польску на каталіцкім крыжы. Загадвала, каб дзеці дома гаварылі па-польску, бацька яе працаваў суддзёй у Варшаве. Звольнена з працы за крыж, які яна паставіла памерламу кату. Пасля яе, настаўніцай  працавала Галіна Шафраноўская з в.Жо(а)пнішкі Беластоцкага ваяводства).
  6. 6. Амельяновіч Іосіф (1886, Мельнік, Беласточчына‑1976, Коматава, Гродзеншчына) (Скончыў Бельскую настаўніцкую семінарыю і Віцебскі настаўніцкі інстытут. Святар і выкладчык. Яго праваслаўныя вучні разам з католікамі вучылі праваслаўную малітву па серадах і пятніцах. Былы афіцэр царскага войска, які выратаваў жыхароў Коматава ад растрэлу ў час ІІ Сусветнай вайны. Валодаў нямецкай, рускай, беларускай і польскай мовамі. Жыў у прыходскім доме, каля сям’і Маліноўскіх, пазней, у цэнтры вёскі Коматава)       
  7. 7. Козіч Вера Іванаўна (Коматава, з пацеркамі на шыі )
  8. 8. Крой Надзея Іванаўна (Мігова, пазней жыла ў Гародні)
  9. 9. Пілец Ніна (Пужычы)

4 рад:

  1. 1. Невядомы.
  2. 2. Шахно Ўладзімір Аляксеявіч (Коматава, з падцяжкамі)
  3. 3. Слізевіч Уладзімір Мяфодзьявіч (Пужычы, з  прыадкрытым  ротам)
  4. 4. Сідарчук Кацярына Лявонцьеўна (Коматава, у хустцы, муж Сідарчук Аляксандр Апанасавіч)
  5. 5. Сямко Марыя Дзмітраўна (Коматава, белявая, пазней у Польшчы)
  6. 6. Сямко Надзея Сяргееўна (Коматава)
  7. 7. Астружанская Ганна Арцёмаўна (Агароднікі, правей святара)
  8. 8. Пузыня Надзея Мікалаеўна (Коматава)
  9. 9. Слізевіч Марыя Сяргееўна (Коматава, ледзь відаць)
  10. 10. Магчыма Іван Пятровіч Галоўка,  (Агароднікі)
  11. 11. Пілец Міхаіл (Пужычы, вышэй і правей)
  12. 12. Пузыня Іван Фаміч (правей, з Коматава, забілі ў ІІ Сусв.)
  13. 13. Крой Аляксандр Іванавіч (Мігова, пазней жыў у Гародні )
  14. 14. Невядомы.

5 рад:

  1. 1. Невядомы.
  2. 2. Невядомы.
  3. 3. Пілец Леанід Філіпавіч (Пужычы, злева ад Сідарчук Кацярыны)
  4. 4. Чэравач  Іван Ціханавіч (Агароднікі, з правага боку ад Сідарчук Кацярыны)
  5. 5. Невядомы (з кнігамі).
  6. 6. Невядомы.

6 рад, апоші:

  1. 1. Севярын Міхаіл Іванавіч (Мігова, забілі ў ІІ Сусв.)
  2. 2. Шахно Іван Уладзіміравіч (з Коматава, злева ад Пузыні Мікалая)
  3. 3. Пузыня Мікалай Трафімавіч (самы высокі, муж Ганны Дзмітраўны)

     4.  Невядомы, магчыма  Галоўка Іван Пятровіч  (Агароднікі)

  1. 5. Белы Сяргей Аляксеявіч (Коматава)
  2. 6. Невядомы.

     

Эл.пошта і тэлефон: [email protected]; тэл.+375299435809 (velcome), Крой Алесь Ільіч.