“Кірмаш праектаў”: яшчэ ёсць час, каб заявіць свету пра тваю культурніцкую ідэю!

|

Калі Вы ведаеце, чаго бракуе ў культурным жыцці Гродна і вобласці, можаце аформіць свае думкі канструктыўна і перспектыўна, і больш таго – прадставіць праектную ідэю на суд неабыякавай публікі, запрашаем Вас да ўдзелу ў “Кірмашы праектаў”!

 

Тут вы зможаце атрымаць карысныя парады, патрэбныя кантакты і рэсурсы, а таксама дапаможаце іншым сваімі ўласнымі ведамі і сіламі!

 

Арганізатары, Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, вераць, што сіламі людзей,  аб’яднаных любоўю да роднага горада, можна рэалізаваць шэраг добрых і важных культурніцкіх ініцыятываў на агульную карысць.

 

Як падрыхтаваць прэзентацыю свайго праекта, можна пачытаць тут. Заяўкі прымаюцца да 14 мая ўключна на скрыню [email protected].

 

Пасля прэзентацый запрашаем да ўдзелу ў дыскусіі на тэму “Культурныя асяроддзі Гродна: чым мы можам быць карысныя адзін аднаму?”

 

Якія прыклады “міждысцыплінарнага” супрацоўніцтва ў галіне культуры і мастацтва існуюць сёння ў Гродне і ў іншых гарадах? Ці дастаткова супольных творчых праектаў робіцца сёння ў горадзе? Якія перашкоды ў гэтым існуюць? Як знаходзіць рэсурсы для сумеснай дзейнасці? Як звычайныя гарадзенцы могуць уключацца ў культурніцкія праекты, быць валанцёрамі на мерапрыемствах?

 

На гэтыя тэмы будуць дыскутаваць арганізатары вядомых культурніцкіх падзей і камунікацыйна-творчых пляцовак у Гродне, Віцебску і Мінску:

 

align=”left” alt=”броўка” >Дырэктар канцэртнай агенцыі “No logo promo”, адзін з арганізатараў культурніцкіх імпрэз у легендарным віцебскім “Веаtles club “Паддашак” Віталь Броўка

Больш за 10 год у Віцебску існуе некамерцыйная прастора, якая стала другім домам для фанатаў музыкі 60-70- х гадоў, і, як магніт, прыцягвае паэтаў, мастакоў ды іншых мясцовых і заезджых творчых людзей.

 

Музыка, дырэктар хостэла “Sky”, прадпрымальнік Пётра Клюеў

Гарадзенец па паходжанні, Пётра пачынаў кар’еру як класічны піяніст. Выступаў сольна і з вядомым джазавым гуртом “Stop Time”. Адыграўшы каля 200 канцэртаў у самых розных еўрапейскіх гарадах, Пётра вярнуўся ў Беларусь. Ён адзін з самых актыўных арганізатараў імпрэз у мінскай культурна-асветніцкай пляцоўцы “Арт-сядзіба”. У мінулым годзе ў Мінску ён адчыніў хостэл “Sky”.

 

Акторка гарадзенскага лялечнага тэатра, удзельніка танцавальнай кампаніі “NAЧALO”, Міжнароднай школы капоэйры “Ficag” Яўгенія Рамановіч

Без калектыва “NAЧALO” рэдка калі абыходзяцца адкрыцці самых розных выставаў у гарадзенскіх галерэях і праграмы гарадскіх святаў. Яўгенія вучыць харэаграфіі дзяцей і арганізоўвае майстар-класы па джаз-мадэрну, кантактнай імправізацыі ды іншых накірунках, каб усе жадаючыя гарадзенцы мелі шанец паспрабаваць сябе ў мастацтве танца.

 

Гісторык, адна з каардынатараў грамадскай ініцыятывы “Варштат ідэй” Таццяна Касатая

Яе часта можна пабачыць на вуліцах Гродна ў акружэнні груп турыстаў: Таццяна вядзе шмат экскурсій. Многія з маршрутаў распрацаваны ёй уласна. Напрыклад, экскурсія “Кіна-тэатральны Гродна” створана на аснове кнігі, якую Таццяна напісала ў суаўтарстве з краязнаўцам Віктарам Сапіяным. “Варштат ідэй” – гэта суполка людзей, якая прадукуе і прасоўвае ідэі, звязаныя з аховай спадчыны і развіццём нашага горада.

 

Аніматар, суарганізатар фестывалю “Таямніцы гарадзенскіх вуліц” Васіль Калач

Другі па ліку міні-фестываль вулічнага мастацтва сабраў некалькі дзясяткаў самых розных удзельнікаў. Толькі за адзін вечар у парку Жылібера выступілі танцоры, музыкі, тэатр пантамімы, фаершчыкі, фехтавальшчыкі – пералік усіх заняў бы шмат часу. Мы толькі дадамо, што Васіль сам часта пераўвасабляецца ў пірата альбо каўбоя з калегамі з каманды аніматараў “Маскарад”.

 

 

Запрашаем усіх зацікаўленых! Уваход на сустрэчу вольны, па папярэдняй рэгістрацыі: для гэтага дашліце сваё імя, прозвішча і кантактны тэлефон на скрыню [email protected] .

 

Калі: 16 мая 2013

Дзе: Кавярня “H2O”, Гродна, вул. Студэнцкая, 2

Пачатак: 18:00

 

Дадатковая інфармацыя:

Хрысціна Марчук, вядучая “Кірмашу праектаў” у Гродне (029) 784 32 21

Кацярына Раманчык, рэгіянальны каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” (044) 579 63 39