Гарадзенскі спорт: вікторыі на пусты страўнік

|

Ва ўсім свеце перамогі спартоўцаў прыносяць салідныя прэміяльныя, прыбыткі ад новых рэкламных кантрактаў і г.д.

 

Беларусь у гэтым сэнсе краіна асаблівая. Тут дабрабыт чэмпіёнаў цалкам залежыць ад волі дзяржавы. Федэрацыямі спорта (грамадскімі па сутнасці сваёй арганізацыямі) кіруюць чыноўнікі з розных міністэрстваў, КДБ, міліцыі, войска і г.д., адміністрацыйны рэсурс якіх мае забяспечваць развіццё таго альбо іншага віда спорта.

 

Ільвіная доля бюджэту футбольных ды хакейных каманд указам прэзідэнта фармуецца за кошт прымусовых спонсарскіх дадацый з боку дзяржпрадпрыемстваў, якія “прывязваюць” да канкрэтнай каманды. Варта было сёлета Лукашэнку спазніцца на некалькі месяцаў з падпісаннем указу аб дзяржпадтрымцы спорта, як нават лепшыя нашыя клубы апынуліся ледзь не на мяжы жабрацтва.

 

Возьмем, да прыкладу, актуальны стан гарадзенскіх каманд, чые поспехі гэтак нас радавалі ў гэтым сезоне.

 

Хакейны “Нёман” дагэтуль не выплаціў заробкі за сакавік, красавік, травень, прэміі за чэмпіёнства. Як паведамляе “Прессболл”, абяцаюць выплаціць на гэтым тыдні, “але хакеісты мала ўжо ў што вераць”.

 

Валейбалісткі “Нёмана”, якія сенсацыйна выйгралі сёлетні чэмпіянат краіны, з-за беднасці адмовіліся ўдзельнічаць у еўракубках.

 

Ад удзелу ў чэмпіянаце краіны ў другой лізе адмовіўся гарадзенскі футбольны “Белкард”. Прычына ўсё тая ж.

 

Мізэрныя бюджэты маюць баскетбольныя “Алімпія” (чэмпіён краіны-2013) і “Вікторыя”, “Гродна-93”, гандбольныя “Гараднічанка” і “Кронан”, валейбольны “Камунальнік”.

 

Сімвалам рэальнай галечы гарадзенскага спорта з’яўляецца дапатопны спартыўны комплекс “Вікторыя” на вул. Гагарына (на здымку).

 

Ужо больш за дзесяць год ідуць размовы пра будаўніцтва ў горадзе новага спартыўнага комплексу. Абяцаў Саўчанка, цяпер вось абяцае Шапіра, а ў выніку міжнародныя гульні нашыя гандбалісткі і баскетбалісткі гуляюць у суседняй Лідзе…

 

Імкненне дзяржавы паказаць, што і ў нас “спорт на ўзроўні” ужо ў хуткім часе можа прывесці да абвалу ўсёй сістэмы вялікага спорту ў краіне.

 

Нашая гаспадарка не настолькі моцная, каб у прымусовым парадку фінансаваць каманды, якія даўно “падселі” на дзяржпадтрымку ў выглядзе прэзідэнцкіх указаў і не ўмеюць зарабляць ні на рэкламе, ні на працы з заўзятарамі (на гульні баскетбольных, гандбольных, валейбольных каманд ходзяць па сотні гледачоў, футбольны стадыён запаўняецца ў лепшым выпадку на чвэрць). 

 

Багацеяў кшталту Чыжа (уладальнік футбольнага “Дынама-Мінск”) ці Капскага (БАТЭ) таксама на ўсіх не хапае, а больш дробны бізнес не спяшаецца актыўна спансараваць спорт, бо не мае ад гэтага аніякіх выгодаў.

 

Вось і атрымліваецца, што маем нібыта кучу прафесійных каманд у розных відах спорту, але спыні дзяржава іх фінансаванне – то і ў аматарскім спорце з іх застануцца толькі адзінкі, бо цяперашнія прафесіяналы імгненна паразбягаюцца па чэмпіянатах Азербайджана, Казахстана, ніжэйшых лігаў Расіі ды Украіны.