Да канца прыёму прац на Фестываль AD.NAK! застаюцца лічаныя дні!

|

Традыцыйна, найбольшая колькасць удзельнікаў далучаецца да Фестывалю ў апошнія дні, таму аргкамітэт спадзяецца, што ўсе канкурсанты, якія маюць чым падзяліцца з беларускай рэкламісцкай і культурніцкай грамадскасцю, паспеюць узяць удзел.

Сёлетні Фестываль AD.NAK! праходзіць пад слоганам “ТРЭНД BY AD.NAK УКЛЮЧЫ ВЫКЛЮЧНАСЦЬ”. Гэты слоган абазначае адметнасць сучаснай беларускамоўнай рэкламнай камунікацыі — трэндавасць камунікацыі са спажыўцамі на беларускай мове і адначасова выключнасць кожнай рэкламнай работы і майстра.

 

Удзел у Фестывалі AD.NAK!–2013, як і ў мінулыя гады, бясплатны. Канкурсантам прапануецца падаць свае работы на 4 конкурсы і 13 намінацый Фестывалю.

 

Галоўнае адрозненне НАМІНАЦЫЙ ад КОНКУРСАЎ у тым, што ў НАМІНАЦЫЯХ могуць узяць удзел толькі рэальныя праекты, якія былі зацверджаныя замоўцамі і рэалізаваныя. У межах КОНКУРСАЎ удзельнікам прапануецца стварыць работу згодна з умовамі, даслаць у аргкамітэт і ўдзельнічаць у праграме Фестывалю.

 

З навацыяў AD.NAK!–2013 — намінацыя “АФІША”, на якую можна падаць ужо выкананыя постары і афішы разнастайных мерапрыемстваў (канцэрты, выставы, культурніцкія, спартовыя, музычныя, літаратурныя вечарыны, тэатральныя пастаноўкі і г.д.). Таксама сёлета рэалізаваныя фотапраекты могуць паспаборнічаць у намінацыі “РЭКЛАМНЫ ФОТАЗДЫМАК”.

 

Традыцыйна на Фестывалі найгоршыя прыклады рэкламнай і візуальнай прадукцыі, што скажаюць беларускую гісторыю і сучаснасць, намінуюцца на антыпрэмію “КАША СУВОРАЎСКАЯ”.

 

Рэкламныя аматары сёлета могуць паспрабаваць свае сілы ў чатырох конкурсах. Для ўдзелу ў конкурсе “ЗРАБІ ZABOR” канкурсанты мусяць даслаць канцэпцыю прасоўвання выставы Zabor. Канцэпцыя мусіць складацца з праекту візуальнай камунікацыі, а таксама плану прасоўвання выставы. Пераможцы конкурсу атрымаюць каштоўныя прызы ад партнёра конкурсу — інвестыцыйнай кампаніі “Зубр Капітал

 

У межах конкурсу “KALILASKA” ўдзельнікам прапануецца стварыць друкаваную ці вонкавую рэкламу, графічны дызайн для інтэрнэт-рэкламы.

 

Галоўная задача конкурсных работ — прыцягненне ўвагі самых шырокіх колаў грамадства да сацыяльных пытанняў сіроцтва, праблем людзей, якія не маюць даху над галавой і/ці людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама да спосабаў дапамогі гэтым людзям, у тым ліку і ў межах праекта “KaliLaska”.

 

У межах конкурсу “AD.NAK ZНЯТА ТАК!” фатографам прапануецца даслаць свае працы (асобнае фота альбо серыю) на любыя з трох тэм: фотаздымкі прадуктаў харчавання і напояў беларускай вытворчасці, б’юці- і фэшн-фатаграфіі, а таксама фотаздымкі, у якіх беларускія мясціны паказваюцца як месцы прытулку для сучаснага еўрапейца.

 

Конкурс “AD.NAK ZНЯТА ТАК!” ладзіцца пры падтрымцы студыі ZНЯТА STUDIO. Для пераможцаў конкурсу прадугледжаны дадатковыя прызы:

 

— ад фотацэнтра “Востраў” — сертыфікаты па 500 000 беларускіх рублёў на друк фатаграфій;

— ад інтэрнэт-крамы фотатэхнікі Rakurs.by — флэш-карты для фотаапаратаў на 16 ГБ.

 

Таксама ўсе нерэалізаваныя ідэі і канцэпты можна дасылаць на адмысловы конкурс, у якім яны будуць разгледжаныя і ацэненыя — і хто ведае, можа, нарэшце дойдуць да свайго спажыўца.

 

Кожны ўдзельнік Фестывалю сёлета зможа ўзяць удзел у адукацыйнай праграме, спікерамі якой выступяць замежныя госці з Японіі і Італіі.

 

Фестывальны дзень AD.NAK! адбудзецца ў канцы першага летняга месяца — 27 чэрвеня. Ён будзе складацца з адметнага адкрыцця, адукацыйнай праграмы і ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў.

 

Па пытаннях удзелу ў Фестывалі звяртайцеся ў аргкамітэт па тэлефонах:

+375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21, альбо праз e-mail: [email protected].