Фестываль AD.NAK! падоўжыў дэдлайн прыёму работ да 10 чэрвеня ўключна
Аргкамітэт Фестывалю вырашыў даць шанец тым, хто проста фізічна не паспеў даслаць свае творы ў раней пазначаны тэрмін, 3 чэрвеня. Такім чынам, ва ўдзельнікаў, якія думалі, што не паспелі з падачай работ, з’явіўся шанец уступіць у спаборніцтва за прызы.
Апошні тыдзень быў для аргкамітэта Фестывалю вельмі гарачым. Удзельнікі актывізаваліся. Па стане на раніцу 3 чэрвеня да ўдзелу ў Фестывалі было пададзена 130 работ.
Як заўсёды, найбольшай папулярнасцю сярод намінацый карыстаецца катэгорыя “Дызайн & Art Direction”. Акрамя таго, даволі актыўна падаюцца работы ў намiнацыю “Афiша”. Пакуль не актыўнічаюць удзельнікі намінацый “Рэкламныя, PR-кампаніі”, “Радыё- ці аўдыёрэклама”, а таксама “СМІ альбо медыяпраекты”.
Самым прывабным для ўдзельнікаў зраіўся конкурс на найлепшы рэкламны фотаздымак “AD.NAK ZНЯТА ТАК!”. Таксама карыстаецца папулярнасцю “Конкурс падрыхтаваных канцэптаў”. А вось на конкурс “ЗРАБІ ZABOR” на найлепшую канцэпцыю прасоўвання выставы Zabor, а таксама на конкурс “KaliLaska” пакуль пададзена не вельмі шмат заявак.
Нагадваем, што ад партнёра конкурсу “ЗРАБІ ZABOR” інвестыцыйнай кампаніі “Зубр Капітал” прадугледжаныя каштоўныя прызы.
Сёлетні Фестываль AD.NAK! праходзіць пад слоганам “ТРЭНД BY AD.NAK — УКЛЮЧЫ ВЫКЛЮЧНАСЦЬ”. Гэты слоган абазначае адметнасць сучаснай беларускамоўнай рэкламнай камунікацыі — трэндавасць камунікацыі са спажыўцамі на беларускай мове і адначасова выключнасць кожнай рэкламнай работы і майстра.
Удзел у Фестывалі AD.NAK!–2013, як і ў мінулыя гады, бясплатны. Канкурсантам прапануецца падаць свае работы на 4 конкурсы і 13 намінацый Фестывалю.
Сябры аргкамітэта Фестывалю заклікаюць удзельнікаў актыўна падаваць свае работы. Усе дасланыя на Фестываль работы будуць ацэненыя кампетэнтным журы, склад якога будзе абвешчаны на гэтым тыдні. Яно вылучыць найлепшыя творы ў кожнай намінацыі.
Фестывальны дзень AD.NAK! адбудзецца ў апошні чацвер першага летняга месяца — 27 чэрвеня. Ён будзе складацца з адметнага адкрыцця, адукацыйнай праграмы і ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў.
У адукацыйнай праграму ўпершыню возьмуць удзел замежныя спікеры з Японіі і Італіі: Qanta Shimizu, творчы дырэктар японскага агенцтва PARTY, і Alessandro Sabini, былы творчы дырэктар італьянскага агенцтва Ogilvy&Mather, які нядаўна адкрыў уласнае агенцтва Sabini+Cobianchi/Pocko ў Мілане.
Дакладная праграма Вялікага фестывальнага дня будзе абвешчаная найбліжэйшым часам.
Па пытаннях удзелу ў Фестывалі звяртайцеся ў аргкамітэт па тэлефонах:
+375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21, альбо праз e-mail: [email protected].