Як пачыналася вайна

|

Аднак пра самы таямнічы, на мой погляд, выпадак, які адбыўся ў гэты дзень, я даведаўся з савецкага літаратурнага часопіса “Новый мир”. У першым і другім нумарах гэтага выдання за 1967 год друкаваліся ўспаміны Героя сацыялістычнай працы, члена-карэспандэнта Акадэміі навук СССР Васіля Емельянава “Пра час, пра таварышаў і пра сябе”. Гэты чалавек у даваенны час працаваў на розных інжынерных і кіруючых пасадах, быў датычны да стварэння шматлікіх буйных прамысловых прадпрыемстваў Савецкага Саюза.

 

Напярэдадні вайны ён атрымаў пуцёўку ў сочынскі санаторый і раніцай 22 чэрвеня 1941 г. накіраваўся на цягніку з Масквы да месца адпачынку. У дарозе ў другой палове дня ён даведаўся пра вайну. Успамінаючы тыя трывожныя гадзіны, Васіль Емельянаў пісаў:

 

“У Белгарадзе цягнік спыніўся і ў суседні вагон сеў новы пасажыр. Мы сталі распытваць яго пра навіны, і ён падрабязна расказаў нам усё, што ведаў сам.


-Сёння ў шэсць раніцы я сам слухаў радыёперадачу,  гаварыў ён. – У Германіі дзяржаўны пераварот. Гітлер арыштаваны. Да ўлады прыйшоў урад Рыбентропа. Савецкія войскі ўвайшлі ў Варшаву. Новы ўрад Германіі просіць перамір’я.


Мы слухалі яго і верылі ўсяму, што ён гаварыў. Верылі таму, што для нас вайна ўсё ж была поўнай нечаканасцю. Да таго ж, усе мы знаходзіліся пад уражаннем ваенных аперацый у Польшчы, якія так лёгка закончыліся”.


align=”” >

23 чэрвеня 1941 года. Немцы абстрэльваюць Гродна. 


Калі я ўпершыню прачытаў гэтыя радкі, то не паверыў сваім вачам. Вось гэта навіна пра вайну! Прычым у адкрытай савецкай крыніцы. У 1967 г. рэдактарам “Нового мира” быў Аляксандр Твардоўскі. Добра вядома, з якімі пастаяннымі цяжкасцямі выходзілі нумары часопіса. А тут такі абзац, надрукаваны без усякіх перашкод цэнзуры.

 

І яшчэ адна вельмі важная акалічнасць. На савецкім радыё нават невялікае паведамленне пра які-небудзь кароўнік у калгасе не магло прагучаць без дазволу начальства, тым больш у сталінскія часы. А тут – цэлая перадача.

 

Аднак, можа, чалавек у цягніку што-небудзь пераблытаў у гарачцы таго дня? І я, размаўляючы з ветэранамі (а такіх размоў былі дзясяткі), кожнаму з іх задаваў пытанне. Як ён сустрэў вайну, што канкрэтна запомнілася ў яе першы дзень? Таямнічая перадача нідзе не ўзгадвалася, пакуль у в. Барава Іўеўскага раёна я не сустрэўся з Віктарам Чакавым. Віктар Канстанцінавіч нарадзіўся ў 1919 г. у Сяміпалацінску, маленькім хлопчыкам бацька прывёз яго на сваю радзіму – Заходнюю Беларусь. У 1939 г. юнака прызвалі ў Чырвоную Армію.

 

– А ведаеш, – сказаў мне ветэран, – у нашым падраздзяленні пра вайну даведаліся ўжо раніцай 22 чэрвеня. Па радыё нешта такое перадавалі.


– Не з выступлення Молатава апоўдні? – удакладніў я.

 

Не, на раніцы было паведамленне. У нас у казарме гэтая “талерка” амаль ніколі не змаўкала.


Так я атрымаў падцвяржэнне таго, пра што ўпершыню даведаўся з успамінаў Васіля Емельянава. Віктар Чакавы прайшоў праз усю вайну, быў двойчы паранены, меў дзяржаўныя ўзнагароды.

 

Гэта менавіта яго аддзяленне зімой 1942 г. вызваліла падмаскоўную вёску Пятрышчава. Мясцовыя жыхары расказалі салдатам трагічную гісторыю маскоўскай партызанкі, якую немцы схапілі і павесілі. Байцы аддзялення дасталі цела дзяўчыны з-пад снегу, пахавалі і на магіле ўсталявалі першы сціплы драўляны помнік. Хутка яе імя – Зоя Касмадзям’янская – стала вядома ўсёй краіне.

 

Але вернемся да загадкавай радыёперадачы. 21 чэрвеня 1941 г. вядомага савецкага паэта Канстанціна Сіманава выклікалі ў Радыёкамітэт у Маскве і прапанавалі тэрмінова напісаць тэксты дзвюх антыфашысцкіх песень. Здавалася б, навошта? З Гітлерам на той момант – мір і сяброўства. Гэта калі прытрымлівацца афіцыйнай савецкай версіі. А калі згадзіцца з меркаваннем Віктара Суворава, што Сталін рыхтаваў “вызваленчы” паход у Еўропу ўжо ў 1941 г., то ўсё становіцца больш-менш ясным.

 

Цалкам магчыма, што адначасова з ударам Чырвонай Арміі, планавалася зрабіць пераварот у самой Германіі. І нават адпаведнае паведамленне для радыё паспелі падрыхтаваць. Прыйшла навіна пра пачатак вайны – і перадача пайшла ў эфір. Здаецца, ніхто і падумаць тады не мог, што вайна пачнецца вось так, нападам Гітлера. Таму нідзе потым афіцыйна гэту падзею і не ўзгадвалі.

 

Фота mk.ru, oldgrodno.com