“Міраслаў застанецца для нас сапраўдным героем”

На сваіх старонках сябры пішуць кранальныя радкі ды нават прысвячаюць Міраславу вершы. Яго лічаць сапраўдным героем, кажучы пра тое, што ён быў чалавекам з вялікай літары. А на старонцы яго дзяўчыны Лены застаўся допіс: “Закаханая ў Міраслава вельмі-вельмі моцна”. З фотаздымка глядзіць прыгожы, усмешлівы хлапец.

 

Трагедыя адбылася ў мінулую нядзелю на возеры каля вескі Павішні, што ў Ашмянскім раёне. Вадаём карыстаецца попытам ў мясцовых жыхароў. Ён узяты ў арэнду прадпрымальнікам і з’яўляецца адным з  самых папулярных месцаў адпачынку. Разынка вадаёма – размешчаны ў яго цэнтры востраў.

 

Правесці добра час сюды прыязджаюць не толькі з навакольных вёсак, але нават і з райцэнтра. Вось і ў той спякотны летні дзень на беразе вадаёма было шмат народу. Сярод іншых адпачывала сям’я: мама, тата, дзядуля і шасцігадовая дзяўчынка.

 

У нейкі момант бацька вырашыў асвяжыцца і разам з дзіцём на плячах кінуўся ў ваду ды паплыў, вырашыўшы, напэўна, пераадолець адлегласць паміж берагам ды востравам. Але не разлічыў свае сілы і пачаў тануць. Дзяўчынка, якая не ўмела плаваць, таксама апынулася ў вадзе.

 

Гэта ўбачыў Міраслаў, які быў бліжэй за ўсіх да тапельцаў. Ён, не думаючы, кінуўся іх ратаваць. Спачатку падтрымаў бацьку, даўшы яму магчымасць аддыхацца, а потым падхапіў дзяўчынку і літаральна выпіхнуў яе на бераг. Тут дзяўчынку ўжо падхапілі разгубленыя сваякі. Трохі пазней з возера самастойна выбраўся і бацька. У мітусні, што панавала на беразе, не адразу заўважылі знікненне Міраслава. Калі спахапіліся – было ўжо позна. Выбрацца на бераг ён ужо не змог.

 

“Цела маладога чалавека вадалазы знайшлі толькі праз гадзіну пасля здарэння. У тым месцы, дзе апошні раз відавочцы бачылі хлопца, вадалазы нікога не выявілі. Знайшлі цела ў 25 метрах ад берага”, – распавёў начальнік вадалазна-выратавальнай службы Гродзенскай абласной арганізацыі ТВВАД (Таварыства выратавання на вадзе) Юрый Касцевіч.

 

Практычна люстэркавы выпадак, які літаральна да дробязяў паўтарае тое, што адбылося на ашмянскім вадаёме, здарыўся некалькі дзён таму  за тысячы кіламетраў ад Беларусі, у расійскім горадзе Чыта. Там на беразе возера таксама сабралася кампанія – мама, бацька і таксама шасцігадовая дзяўчынка. І таксама як на возеры каля вёскі Павішні, бацька вырашыў пакупаццца разам з дачкой на плячах, але не разлічыў сілы ды пачаў тануць. Яго і дзяўчынку выратаваў 64-гадовы гараджанін, які выпадкова апынуўся побач. Але сам, гэтаксама як і ў беларусім выпадку, выратавацца не змог.

 

Ашмянскі раённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку здарэння. Міраслава пахавалі 2 ліпеня.

 

Выратавальнікі раяць

     
 

Што рабіць, калі на вашых вачах тоне чалавек?


1. Калі вы не ўмееце плаваць, кіньце чалавеку, які тоне, палку, вяроўку ці нейкі прадмет, які плавае. І клічце па дапамогу.

2. Чалавек, які тоне, знаходзіцца ў шокавым стане – крыку або падбадзёрвання можа быць дастаткова для таго, каб дапамагчы яму пераадолець разгубленасць і выбрацца з вады самастойна.

3. Калі вы дабіраецеся да пацярпелага ўплаў – улічвайце плынь ракі.

4. Калі той, хто тоне, не кантралюе свае дзеянні, трэба падплысці да яго ззаду і, захапіўшы за галаву, валасы або пад руку, накіравацца з ім у бок берага.