“Нёман” дома прайграў “Мінску” з лікам 0:2

|

Гарачым ліпеньскім вечарам гарадзенцы ў сябе дома прымалі “гараджан” з Мінска. ФК “Мiнск” – адзін з прынцыповых супернікаў “Нёмана” на шляху ў шасцёрку мацнейшых.

 

Першы тайм застаўся за гасцямі, якія адкрылі лік незадоўга да перапынку. На 42-й хв. вызначыўся лідар “Мінска” Раман Васілюк.

 

Калі разглядаць першы тайм цалкам, то лепш выглядалі футбалісты “Нёмана”. Але ў гарадзенцаў зноў праблема з рэалізацыяй. І гэта пры двух нападніках! У цэнтры поля згулялі Савасц’янаў і Весялінаў.

 

У другім тайме “Нёман” зменшыў абароты. Толькі пасля другога прапушчанага мяча гарадзенцы нешта пачалі прыдумляць. Саладоўнікаў, каб выправіць сітуацыю, выпускае на поле трэцяга нападніка – Бомбеля, а пасля і дэбютанта Цімура Калiжанава.

 


Малады гулец выглядаў нядрэнна, ішоў наперад і пагражаў браме суперніка (на здымку ніжэй).

У канцы сустрэчы выйшаў і Сеалін, але гульні як такой не было. Былі моманты, але забіць не ўдавалася.

 

“Мінск” абыграў “Нёман” з лікам 2:0 і павёз тры каштоўныя ачкі. Пры гэтым “гараджане” падняліся на пяты радок у турнірнай табліцы, а гарадзенцы апусціліся на сёмы.

 

Пасля матчу Сяргей Саладоўнікаў казаў:

 

Цяжка казаць пасля такога выніку. Пасля такіх матчаў пачынаеш верыць у забабоны. Першы тайм быў цалкам нашым, камандзе чагосьці не хапала – поспеху, упэўненасці. Складана казаць, калі няма выніку, хай нават пры добрай гульні.

 

Першы гол у распранальню, у блізкі кут, а другі – мы прапусцілі контратаку. Вядома, поспех гасцей па справе. Я хачу аб’ектыўна ацэньваць дзеянні сваёй каманды. Мы імкнуліся і, на жаль, не здолелі забіць. Хоць моманты былі – той жа Савіцкі не трапіў у вароты з трох метраў

 

Сваімі ўражаннямі ад гульні з карэспандэнтам “Твайго стылю” падзяліўся гулец “Нёмана” Максім Вітус:

 

– Чаго не хапіла камандзе?

– Не хапіла майстэрства. Як кажуць, “аднаго жадання мала”. У “Мінска” адна талковая атака ў першым тайме і гол!

 

Учора кожны хацеў перамагчы, кожны хто быў на поле і па-за ім. Але ствараючы мноства момантаў і не рэалізуючы іх, станоўчага выніку не дамагчыся…

 

– У першым тайме каманда гуляла лепш, чым у другім. У чым прычына? 

 

– Магчыма адбіўся фізічны стан: усю гульню ў такое гарачае надвор’е гуляць у адным тэмпе немагчыма (ды і каманда праціўніка аддала тэрыторыю, стаўшы ўсёй камандай ззаду, і гуляла на контратаках.

 

Рубрыка “Па-за полем” 😉

Карэец Лі, які знаходзіцца на праглядзе, вырашыў разам з гледачамі паназіраць за матчам

 

Месі таксама не застаўся без увагі

 

Гульня супраць “Мінска”, магчыма, была для Мілаша апошняй у складзе “Нёмана” – славак едзе на прагляд у Нямеччыну…

 

Сустрэча старых знаёмых: Віталь Надзіеўскі і Раман Васілюк (зправа)

 

Здымкі аўтара