Вандроўка па старым Гродне. Частка ІV. Домік Элізы Ажэшкі і Марыінская гімназія

|

Старыя паштоўкі з кавалкам вуліцы Ажэшкі ад скрыжавання з Сафійскай (цяпер Леніна) ў бок Сацыялістычнай. Шкада, што ў кадр не трапіў пачатак вуліцы Леніна, але ў першых гадах ХХ ст. яе толькі пачыналі забудоўваць і яна “не каціравалася” адпаведным чынам у фатографаў. Хаця колісь там было вельмі цікава, бо з боку Ажэшкі вуліца Леніна пачыналася… дамбай, якая была перакінута праз Гараднічанку і абслугоўвала млын.

На Ажэшкі ж звяртае на сябе ўвагу якасны каменны брук з канаўкамі для дажджавой вады з бакоў і арыгінальныя драўляныя ходнікі, перакінутыя праз іх. Дарэчы, яшчэ ў 1880-х гг. ходнікі ў Гродне былі амаль усе суцэльна драўляныя. Гарадзенцы імі ганарыліся, але менавіта гэтыя канструкцыі, як кажуць, памаглі гораду выгарэць дашчэнту ў 1885 годзе.

Домік Элізы Ажэшкі. Яшчэ ў тыя часы, калі жыла пісьменніца, гродзенскія фатографы ўжо ўсведамлялі значэнне гэтага сціплага будынка і яе жыхаркі для нашага горада.

Ажэшка афіцыйна жыла ў гэтым доме з 1894 года, калі пабралася шлюбам са Станіславам Нагорскім, да смерці ў 1910 г. Аднак даводзілася ёй тут бываць і раней. Напрыклад, калі ў 1885 г. дом і маёмасць Ажэшкі на Татарскай вуліцы згарэлі ў вялікім пажары, Нагорскі выдзеліў ёй пакойчыкі пад дахам свайго дома, але пісьменніца аддала іх пацярпелым пры пажары.

Тут жа кіравала пісьменніца нелегальнай школай. Хаця на доміку і вісіць шыльда, што пабудаваны ён аж ў XVIII стагоддзі, гэта, насамрэч, навароб 1970 года пабудовы, складзены з вялікіх сілікатных блокаў. Арыгінальны дом істотна падгніў да таго часу і яго вырашылі разабраць, перанесшы ў глыб вуліцы. Металічныя дэталі ўсе засталіся арыгінальныя.

Дзіўна глядзець на гэтыя старыя паштоўкі, бо так і бачыш, як за закрытымі стаўнямі вялікая пісьменніца п’е гарбату, або піша новае апавяданне. Звярніце таксама ўвагу, што вуліца Ажэшкі на некаторых паштоўках называецца Мураўёўская. Так, кажуць, улады перайменавалі яе на злосць Ажэшцы, якая, як вядома, была ўдзельніцай паўстання. Але з часам усё стала на свае месцы.

Жаночая Марыінская гімназія ў Гродне была ўзведзена ў пачатку 1890-х гг. па праекце губернскага архітэктара Небальсіна (тое быў адзін з самых таленавітых гродзенскіх архітэктараў і ягонае імя мы яшчэ пачуем). Раней гімназія месцілася ў будынку былога “новага кляштару” дамініканаў па сучаснай Савецкай вуліцы.

 

Будынак гімназіі – класічны прыклад “цаглянай эклектыкі” – вылучаўся вялікімі памерамі. Будынак і сёння захаваўся. Будзеце мець час – падыйдзіце да літога чыгуннага ганка, там нават ацалеў ўнікальны для Гродна металічны скрабач для чысткі абутку. Адзінае, што не завахавася – цудоўная металічаня агароджа. Ну і таксама вінаград стаў неад’емнай часткай аблічча гэтага будынка.

Каштоўная і рэдкая выява гімназіі на фоне старадаўняй брамы XVIII стагоддзя, якая вяла да медыцынскай акадэміі (цяпер вайсковая камендатура). У тыя часы архітэктар арганізоўваў прастору так, каб быў не толькі будынак, але і прыгожы пад’езд да яго, найперш брама. Такія брамы былі ў нас яшчэ на Тэлеграфнай вуліцы, на сучаснай Дамініканскай, у іншых месцах. Ацалела толькі брама на Тэлеграфнай, якая вядзе да “дома масонаў”, які пабудаваў для сябе знакаміты архітэктар Джузэпэ Сака.

 

Здымкі Яна Лялевіча