На гродзенскім “Хімвалакне” з-за мадэрнізацыі скарачаюць амаль 200 супрацоўнікаў

Як патлумачыла “Ежедневнику” старшыня прафкама ВТК “Хімвалакно” Ніна Стасько, усіх мужчын можна будзе уладкаваць на працу на абноўленым участку вытворчасці. Жанчыны працаваць там не змогуць.

 

Ёсць таксама 35 вакансій у прадзільным цэху, аднак праца там больш інтэнсіўная, для некаторых гэта можа быць занадта цяжка.

 

У выніку мадэрнізацыі цэх гарачай выцяжкі стаў непатрэбным: ніць новай вытворчасці выходзіць ужо выцягнутай, таму няма патрэбы ў такім вялікім удзеле ў працэсе працоўных. Агулам гэта знізіць затраты на вытворчасць паліяміднай ніці на 5,2%.

 

Аднак гэта не радуе працоўных, якія не хочуць мяняць месца працы. У пятніцу 12 ліпеня на прадпрыемстве прайшоў сход, на якім кіраўніцтва абмяркоўвала з працоўнымі магчымасці пераводу на іншыя месцы.

 

Частка працоўных можа сысці ў гэтым годзе на пенсію. Некаторых прапанаванае ўладкаванне не па спецыяльнасці (дворнікам, прыбіральшчыцай, касірам) ці перакваліфікацыя не задавальняюць. Кіраўніцтва паабяцала, што бліжэйшым часам увесь спіс даступных вакансій будзе размешчаны на стэндзе ў фае.

 

Рэканструкцыя вытворчасці корднай і капронавай ніці – апошні этап абнаўлення прадпрыемства, якое пачалося яшчэ 10 год таму. Цяпер будуць запушчаныя ўстаноўкі сумешчанага фармавання, выцягвання і намоткі ніці: менавіта таму састарэлы цэх гарачай выцяжкі больш не спатрэбіцца.

 

Новыя тэхналогіі дазволяць знізіць энергазатраты на прадукцыю на 20% і адначасова павялічыць магутнасці вытворчасці амаль на 11 000 тон тэхнічных ніцей у год.

 

ВТК “Хімвалакно” арыентуецца на рынкі Расіі і Украіны, ЕС і Паўднёва-Усходняй Азіі. Прадукцыя разлічана на вытворчасць шын, гумоватэхнічных прадуктаў, дываноў і іншага.

 

Паводле ej.by

Здымак grodno-khim.by