“Басовішча 2013”: падвяло толькі надвор’е

Сёлетняе “Басовішча” сталых наведнікаў не расчаравала: на сцэне сярод лесу апынуліся цікавыя і актуальныя гурты з абодвух бакоў мяжы, піва “Жубр” лілося рэкамі, а сярод дадатковых атракцый была магчымасць праявіць свае мастацкія таленты ці паглядзець кіно “Жыве Беларусь!”. Адно што надвор’е было не самым спрыяльным і абодва дні фэсту прысутным прыходзілася цярпець чаргаванне перыядычных халодных дажджоў і спякотнага сонца.

На відэа – фрагменты выступаў розных гуртоў

У гэтым годзе побач са сцэнай усталявалі два вялікія экраны. Праца відэарэжысёра заслугоўвала найвышэйшай пахвалы. Сцэна таксама была абсталявана багацей, чым год таму: і ў плане гуку, і ў плане святла.

Тут размясціўся і імправізаваны кінатэатр і веганская кавярня

 

У першы дзень дамінавалі гурты з Польшчы: сталы удзельнік апошніх “Басовішчаў”, калектыў падляшскіх беларусаў Ilo&Friends, сумесны інструментальны праект польскага мультыінструменталіста Уладзіміра Кінёрскага і акардэаніста Gurzfur Ягора Забелава, олдскульныя Kim Nowak ды эклектычныя Masala Soundsystem.

У перасоўным фотаатэлье можна было зрабіць сабе здымак рэплікай даўняй фотакамеры. Шкада толькі, здымак у адзінкавым экзэмпляры заставаўся арганізатарам.

Kim Nowak – сайд-праект братоў Ваглеўскіх, больш знаных як выканаўцы хіп-хопу. У межах гэтага праекту яны граюць гітарную музыку з бруднаватым гукам, яўна інспіраваную Джымі Хэндрыксам і іншай музыкай 60-70-х – блюз-рокам, псіхадэліяй ды крыху панкам. Канцэрт Masala Soundsystem, напэўна, задаволіў любы густ: музыкі выбітна спалучылі рагу, хіп-хоп, драм-н-бэйс з рокавымі і этнічнымі матывамі.

У намётавым мястэчку гулялі ў нешта падобнае да гарадкоў…

З беларускіх выступоўцаў можна было паслухаць Pomidor/OFF – на гэты раз не трыа, а з дадатковым гітарыстам у выглядзе квартэта; таксама зайграў папулярны на Падляшшы металічны Re1ikt.

Польскія артысты арганізавалі перформанс “Далучэнне Беларусі да Еўрасаюза”

На другі дзень сцэна “Басовішча” была ў большай меры аддадзеная беларусам. Пасля працяглага перапынку на яе вярнуліся гарадзенцы, ды зрабілі гэта ў выдатным стылі. Хаця на небе было яшчэ светла, а многія і не думалі ісці да сцэны, Dzieciuki змаглі цягам лічаных хвілін сабраць каманду адданых фанатаў, што адрываліся пад сцэнай ад першай да апошняй песні.

Адыграўшы выдатна свой сэт, Dzieciuki прэзентавалі новы твор – кавер на папулярную польскую песню з часоў камунізму “Czarny chleb i czarna kawa”. Што праўда, кава ў беларускім тэксце ператварылася ў гарбату, але сэнс застаўся той самы – ён апісвае жыццё ў турме ды прагу свабоды. Па-беларуску перастварыў тэкст Аляксандр Памідораў, які выканаў песню сумесна са сваімі гарадзенскімі сябрамі.

Колькасць людзей на фэсце не зашкальвала, але ў параўнанні з мінулым годам хіба што крыху павялічылася.

Малады мінскі гурт Clover Club (на фота вышэй), які скарыў музычных крытыкаў сваім дэбютным альбомам, пакуль што застанецца зоркай мінскіх клубаў – публіка “Басоў” такую музыку чамусці не ўспрыняла. Але ж і пасля Дзецюкоў нялёгка запаліць, граючы модны “ангельскі” індзі арыентаваны, ізноў жа, на рэтра-эстэтыку. Ды і касцюмы “тыповых хіпстэраў” не надаюць павагі ў вачах “тыповага наведніка Басоў”.

Цудоўнай ідэяй было запрашэнне на фэст цэлага клезмерскага аркестра з падляшскіх Сэйнаў. Спалучаючы габрэйскія ды балканскія матывы, аркестр стаў падарункам для сапраўдных знаўцаў.

Вядучаму фэсту Аляксандру Памідораву засталося толькі пашкадаваць, што ў Беларусі такая музыка не знаходзіць пакуль месца: ён узгадаў, які некалькі год таму з’ехаў у Штаты лідар клезмерскага калектыву Minsker Kapelye Зміцер Сляповіч, які паслядоўна аднаўляе музыку літвакоў – беларускіх і літоўскіх габрэяў.

Сонца хавалася за дрэвы, а на сцэне пачалі з’яўляцца каманды, якія можна было адносіць да хэдлайнераў. Першым з іх быў Vinsent, які выступіў крыху нечаканым складам: замест прывычных хлопцаў з Botanic Project, з вакалістам Зміцерам “Вінсэнтам” Папко на сцэну выйшлі музыкі фанкавай каманды Chiefs Band.

Гарадзенцам, напэўна, прыемна было пабачыць колішняга гітарыста Stop Time Паўла Трыпуця, які ўжо пэўны час жыве ў Мінску ды грае ў Chiefs Band i Naka. А характэрная манера паводзін на сцэне басіста Алеся Францішка Мышкевіча, якога многія павінны памятаць з колішняга bez Bileta ды сённяшняй Крамбамбулі, не мяняецца, незалежна ад таго якую праграму і з кім ён выконвае.

 

Толькі сам Вінсэнт выглядаў крыху блякла, хаця і стараўся ўвесь час паказваць баявы настрой ды штохвілінна звяртаўся да публікі па падтрымку. Апошняй песняй прагучаў кавер на Rage Against The Machine, але чамусці з яўна рэкламным тэкстам пра “Радыё Свабода”.

Адной з дадатковых атракцый быў “Кангрэс малявальшчыкаў” пад кіраўніцтвам польскага мастака Паўла Альтхамэра (таго самага, што прывез у Беларусь залатыя касцюмы для N.R.M.аўскай акцыі “Прамень сонца”). На вялікіх банерах кожны мог ад раніцы да позняй ночы маляваць што заўгодна.

Магілёўцы Akute, якія яшчэ некалькі год таму маглі сабраць пад сцэнай у лепшым выпадку некалькі дзясяткаў чалавек, гэтым разам выдатна справіліся з роляй зоркі. Ніхто ўжо даўно не абзывае іх “папсовымі”, а яны самі замахваюцца на святое, выконваючы каверы на Ulis.

 

Гарадзенцы адзначыліся яшчэ раз, калі бубнар Дзецюкоў Саша “Сыр” вымушаны быў замяніць бубнара украінскай Перкалабы. Той за некалькі гадзін перад канцэртам трапіў у паліцыю за язду на аўтамабілі пад градусам. Са сваёй роляй “Сыр” справіўся выдатна: абсалютная большасць прысутных, што не чула пра здарэнне, напэўна і не заўважыла падмены.

Украінскія госці сталіся сапраўдным упрыгожаннем свята і паказалі, што значыць сапраўднае шоў. Пасля іх запальваючага сэта, нават польскія зоркі Indios Bravos выглядалі неяк ніякавата.

 

Скончылася “Басовішча 2013” выступам яшчэ адных аматараў рэтра – The Toobes, якія, як аказалася, перабраліся жыць у Польшчу.

     
 

“Твой стыль” на Басах:

 

2012

2011

2010 (і яшчэ троху)

2009

 
     

Здымкі аўтара