Знакамітай гравюры Цюндта-Адэльгаўзэра споўнілася 445 гадоў

У ліпені 1567 года нямецкі мастак Ганс Адэльгаўзер намаляваў карціну “Выгляд Гродна з выездам пасольстваў падчас сойма ў Гродне ў 1567 г.” Мацей Цюндт, нюрнербергскі мастак, картограф і гравёр зрабіў па гэтым малюнку гравюру “Праўдзівае адлюстраванне Гродна ў Літве”. Гравюра даволі доўгая – у метр шырынёй, некаляровая, на ёй шмат дэталяў. На сёння вядомыя ўсяго некалькі арыгінальных экземпляраў тае гравюры, адна з іх захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве. Гэта вельмі дарагая рэч і можа каштаваць некалькі дзясяткаў тысяч даляраў, – распавядае гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч.

 

У 2008 годзе Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей зладзіў спробу набыць гравюру Цюндта. Па рэдкі экспанат дырэктар музея Юры Кітурка паехаў на аукцыён антыкварных прадметаў у Варшаву. Аднак выніковы кошт гравюры для музея аказаўся непад’ёмным – з 45 тысяч злотых (каля 14 тыс даляраў) кошт гравюры ў выніку гандлю ўзняўся да 95 тысяч злотых, гарадзенцам ніхто саступаць не хацеў. У выніку гравюра з выявай старажытнай Гародні засталася ў Польшчы.

 

У 1575 годзе рэплікацыю гравюры Цюндта-Адэльгаўзера з меншай колькасцю дэталяў і ў колеры выдаў Георг Браўн у “Атласе гарадоў зямнога свету”, – кажа Андрэй Вашкевіч. – У гэтым выданні гравюра суправаджаецца тэкстам, дзе падрабязна апісваюцца падзеі, адлюстраваныя на выяве. Вядомыя тры моўныя версіі атласа – нямецкамоўная, франкамоўная і на лаціне. У Гродзенскім музеі захоўваецца некалькі арыгінальных гравюр з таго сама выдання Браўна. Пазней узнікла з дзясятак варыяцый гравюры Адэльгаўзера-Цюндта.


align=”” alt=”Гравюра ў выданні Брауна-Хохенберга, 1575″ sub=”Гравюра ў выданні Брауна-Хохенберга, 1575″ >

 

У ХІХ ст. адна з версій гравюры вісела ў кабінеце гродзенскага губернатара. Па словах гісторыка Алеся Госцева, у 1897 г. гродзенскі губернатар Дзмітрый Бацюшкоў набыў для Гродна рэпрадукцыю паменшанай копіі гравюры Цюндта-Адэльгаўзера з выдання Георга Браўна.

 

На сёння ёсць пытанне, ці з’яўляецца выява тагачаснай Гародні на гравюры Цюндта адвольным малюнкам, ці выява перадае дакладную геаграфічную сістэму. Гродзенскі краязнаўца Ігар Лапеха ў сваім артыкуле “Як і адкуль малявалі Гродна Ганс Адэльгаўзер і Тамаш Макоўскі” прапануе матэматычны аналіз, каб вызначыць месца, з якога рабіў эскіз мастак Адэльгаўзер. На аснове прыведзеных доказаў даследчык робіць выснову, што малюнак Ганса Адэльгаўзэра дастаткова дакладна перадае не толькі выгляд паасобных будынкаў, але і адлюстроўвае дакладную (фатаграфічную) панараму горада з месца, дзе знаходзіўся мастак.