Бегуны ўзялі курс на Друскенікі

|

Марафон Сяброўства – першы ў гісторыі Еўрапейскага Саюза. Гэта самы маштабны марафонскі праект, у падрыхтоўцы і арганізацыі якога прынялі ўдзел 15 міністэрстваў, дэпартаментаў, рэспубліканскіх ведамстваў, органаў дзяржаўнай улады, грамадскіх аб’яднанняў, фізкультурна-спартыўных устаноў Беларусі і Літвы.

У марафоне прымаюць удзел усе жадаючыя не маладзейшыя за 18 год, якія маюць дзеючую беларускую ці літоўскую візу, і выплацілі стартавы ўнёсак.

 

Траса марафону атэставаная Міжнароднай федэрацыяй лёгкай атлетыкі і праходзіць праз лясныя тэрыторыі дзвюх дзяржаў. Каля 80% марафону пройдзе па тэрыторыі Беларусі, 20% – па тэрыторыі Літвы.

На трасе размешчаны пікеты, пункты харчавання і біяпрыбіральні. На пунктах харчавання ўдзельнікі могуць атрымаць пітную ваду, энергетычныя напоі і садавіну. Таксама тут будуць працаваць чатыры машыны хуткай медыцынскай дапамогі. За апошнім удзельнікам спаборніцтваў да фінішу будзе ехаць аўтобус.

Фінішуюць удзельнікі прабегу на цэнтральнай плошчы Друскенік, дзе атрымаюць памятны медаль марафону Сяброўства і сувеніры, пройдуць пашпартны і мытны кантроль.

 

Там жа яны змогуць атрымаць назад свае пашпарты. Таксама на фінішы ўдзельнікі змогуць скарыстацца распранальняй і душавымі.

Пасля заканчэння марафону на цэнтральнай плошчы Друскенік адбудзецца святочная праграма і ўзнагароджанне ўдзельнікаў.

 

Здымкі аўтаркі