Музей “На Траецкай” адчыніў новыя залы для наведнікаў

З’явіліся звесткі пра новую “праведніцу народаў свету” – Вацлаву Талочку, якая ратавала яўрэяў ад пераследу нацыстаў. У Гродне засталіся ў жывых толькі два чалавекі, якія маюць званне “праведніка народаў свету”.

Пра Вацлаву Талочку расказвае дырэктар музея Беніямін Ерузалім (на здымку):


– Выратавала дзяцей у гады Другой сусветнай вайны і з’яўляецца “праведніцай народаў свету”. Мы падрыхтавалі такі матэрыял для будучага стэнда музея. Сваё юнацтва яна правяла на хутары з бацькамі. У снежні 1943 года пастукаліся да іх два знясіленыя маладыя чалавекі – браты Хацкель і Барыс Фур’е. Папрасілі дапамагчы ім. І бацька Вацлавы, Зігмунд, ні хвіліны не разважаючы, сказаў: “Дачка, з гэтай хвіліны – гэта твае браты, якія патрабуюць дапамогі”.

 

Матэрыялы пра яе будуць змешчаны ў адмысловай экспазіцыі. Цяпер у музеі чатыры пакоі, якія апавядаюць пра жыццё яўрэяў на Гарадзеншчыне. Сярод іх – знакамітыя медыкі, навукоўцы, культурныя дзеячы нашага краю.

У канцы жніўня музей „На Траецкай” набудзе статус філіяла нацыянальнага Музея гісторыі рэлігіі, які размешчаны па вуліцы Замкавай.

 

Здымкі Савелія Малчанава