На 690-годдзе Ліды пакажуць старыя ровары і матацыклы
Цяпер выстава знаходзіцца на стадыі распрацоўкі. Правядуць яе на базе перасоўнай выставы нацыянальна-гістарычнага музея “Два колы”, у якой ужо ёсць 10 экспанатаў.
Работнікі музея мяркуюць, што жыхары Ліды змогуць папоўніць экспазіцыю сваімі двухколавымі сябрамі. Таксама да ўдзелу запрошаны гарадскія і раённыя мота- і велаклубы.
Па словах навуковага супрацоўніка Лідскага гісторыка-мастацкага музея Мікалая Іоды, у склад выставы можа ўвайсці не толькі сучасная тэхніка, але таксама ровары і матацыклы савецкага часу.
“Першы мотапрабег Ліда-Варшава прайшоў ў 1937 годзе. Таксама вядома, што першы ровар з’явіўся ў Лідскім раёне ў вёсцы Зарачаны больш за сто гадоў таму.
У гэтым годзе шмат дат сабрана разам: Лідзе спаўняецца 690 гадоў, а лідскаму байкерскаму клубу “Пазбаўленыя правоў” – 15.
Наша выстава двух- і трохколавага транспарту будзе прыемным сюрпрызам для гараджан і гасцей горада”.
Таксама на выставе плануецца паказаць паштоўкі і старыя фатаграфіі гараджан з матацыкламі, веласіпедамі і самакатамі.
Усе экспанаты ад насельніцтва пасля выставы будуць вернутыя ўладальнікам. Па пытаннях прадастаўлення экспанатаў звяртацца па тэл. (80154) 53-22-94 (серада-нядзеля з 9.00 да 18.00) ці на e-mail: [email protected]
Ілюстрацыя Le Centaure magazine (Paris), Sept. 1868, Wikimedia Commons