Памёр Аляксандр Ларыёнаў

|

Аляксандру Ларыёнаву было 64 гады. Пяць апошніх, у выніку інсульту, ён правёў у ложку: не мог пісаць, размаўляць і, зразумела, маляваць, што ў выпадку творцы асабліва трагічна.

 

Выдатны мастак, які правёў больш за 50 персанальных выставаў па ўсім свеце (Расія, Польшча, Літва, ЗША…) працаваў у арыгінальнай манеры, якая спалучала ў сабе японскі мінімалізм і кропкавасць з маштабнасцю твораў Чурлёніса.

 

“Роля Ларыёнава ў гісторыі гарадзенскага мастацтва выключная, – распавядае ягоны сябар краязнавец Алесь Госцеў, – менавіта Ларыёнаў у 1984 годзе ажыццявіў своеасаблівы прарыў у нашым творчым асяроддзі, дзе перад гэтым пэўны час нічога не адбывалася. Тады ён зрабіў выставу, прысвечаную смерці свайго бацькі”.

Аляксандар Ларыёнаў быў своеасаблівым “самародкам”, бо не меў мастацкай адукацыі і да ўсяго даходзіў сам. Пры гэтым адрозніваўся не толькі мастацкім талентам, але і выключнай эрудыцыяй, што дазваляла яму чытаць лекцыі па гісторыі мастацтва ва ўніверсітэце.


“Ларыёнаў паказаў, што на свет можна глядзець па-іншаму, – працягвае Госцеў, – і ў палёце матылька бачыць цэлы сусвет…”

 

Развітанне з Аляксандрам Ларыёнавым адбудзецца ў панядзелак а 10 гадзіне ў корпусе мастацкага факультэту на плошчы Тызенгаўза. Мастак будзе пахаваны на гарадзкіх могілках па пр. Касманаўтаў.

 

Здымак grodnonews.by