Лідчук пабудаваў інавацыйную вібрамашыну для забівання паляў

“Праца з трубамі каналізацыі заўсёды складаная”, – расказаў Вітальд Аляхновіч “Лідскай газеце”. Часам сеткі знаходзяцца вельмі глыбока, а працу ўскладняе глеба, што асыпаецца зверху. Яе трэба ўмацоўваць, а на гэта можа сысці нават палова дня. Да таго ж ва ўмацаваных традыцыйным спосабам раскопах немагчыма працаваць экскаватарам.

 

Менавіта гэтыя акалічнасці падштурхнулі Вітальда Аляхновіча да прац над новай вібрамашынай. Яна выканае неабходну працу ўсяго за дзве-тры гадзіны.

 

Як тлумачыць сам майстар, галоўным матывам усіх яго прац з’яўляецца вырашэнне праблем, з якімі сустракаюцца калегі з вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі. Кожная ідэя – вырашэнне канкрэтнай праблемы аптымальным чынам. Цягам больш чым 35 год працы спадар Вітальд тое-сёе нават запатэнтаваў.

 

Паколькі часу не хапае, бо часта даводзіцца ліквідаваць аварыі, майстар абдумвае будучыя машыны нават у вольны час, напрыклад, на рыбалцы. Веды і досвед карысныя не толькі ў працы – Вітальд Станіслававіч кажа, што свае рацыяналізатарскія здольнасці выкарыстоўвае і на лецішчы.

 

Паводле Лідскай газеты