Дэрбі на Захадзе скончылася перамогай “Нёмана” з лікам 3:1

|

Здавалася б і выходны дзень, і матч сур’ёзны, таму людзі павінны быць. Але ў Гродне, відаць, разлюбілi футбол. На нядзельным матчы прысутнічала каля 2000 чалавек, з іх недзе 150 брэсцкіх заўзятараў. Але тыя, хто ў гэты дзень прыйшлі на футбол, не пашкадавалі: “Нёман” паказаў упэўненую і добрую гульню.

З самага пачатку гульні гарадзенцы далі зразумець суперніку, што настроены толькі на перамогу. Ужо на адзінаццатай хвіліне матчу “Нёман” здолеў адкрыць лiк. Аўтарам гола стаў Сяргей Лявіцкі, перадачу аддаў Эсаме. Пасля ўзяцця варот, гаспадары трохі аселі на сваёй палове і далі пагуляць “Дынама”. Але ў прыезджай каманды нічога не атрымлівалася. Тады “Нёман” перастаў адседжвацца ў абароне і зноў пачаў насядаць на вароты гасцей.

Як мінімум яшчэ два галы гарадзенцы павінны былі забіць у першым тайме, аднак падвяла рэалізацыя. Той жа Лявіцкі мог зрабіць дубль. Савіцкі, Эсаме і Зубовіч таксама былі блізкія да ўзяцця варот.

У другім тайме “Дынама” выглядала значна лепш, чым у першым. Пачатак застаўся за імі, але гэта быў толькі пачатак. Чарговы вуглавы каля брамы “Дынама” скончыўся голам, які забіў Павел Савіцкі. Далей “Нёман” знову асел, чаго і варта было чакаць. Берасцейцы асмялелі і стварылі шэраг нападаў, адзiн з якіх скончыўся голам.

Здавалася б, цяпер “Дынама” дацісне “Нёман”, але гаспадары не сталі глыбока апускацца, а проста пачалі трымаць больш мяч. У самым канцы сустрэчы гарадзенцы згулялі на контратацы і забілі трэці гол. Дубль аформіў Савіцкі, і дубль па перадачам у Эсаме.

 

Выніковы лік матчу 3:1 на карысць “Нёмана”. Гарадзенцы праходзяць далей у Кубку, пра суперніка даведаемся вельмі хутка.

Пасля матчу Сяргей Саладоўнікаў:

 

“Лічу, што абодва супернікі сёння гулялі ў футбол – гэта самае галоўнае. Гульня спадабалася заўзятарам, бо было шмат момантаў і інтрыга была да самага фінальнага свістка. Мы свядома гулялі як мага больш актыўна наперадзе ў апошнія хвіліны матчу, не далі суперніку ствараць ціск на нашы вароты, пакінулі трох гульцоў у лініі атакі.

 

Вядома, поспех у кубку вельмі важны, бо амаль уся каманда ў нас захаваецца на наступны сезон і мне вельмі хацелася перад сённяшнім матчам, каб гэтая каманда выступала ў чвэрцьфінале. Хочацца стварыць зубастую каманду, да якой будуць баяцца ехаць у госці.

 

Што тычыцца чэмпіянату, то лішняга ажыятажу, мне здаецца, не трэба. Мінчукі, напэўна, уражаны паразай у Бабруйску, нам таксама адступаць няма куды. У нас кожны матч вырашальны, так што нам, так бы мовіць, не прывыкаць.”

Гарадзенцы правялі добры паядынак, які спадабаўся гледачам. Калі справа далей так пойдзе, людзі усё ж падцягнуцца на футбол. Наступны, не менш сур’ёзны матч, “Нёман” правядзе таксама дома супраць “Дынама”, толькі ўжо мінскага, у рамках чэмпіянату. Матч пройдзе 1 верасня.

 

Здымкі Яраслава Ванюкевіча, прэс-служба ФК “Нёман”