Унікальныя канцэрты барочнай музыкі пройдуць у Мірскім замку

|

Міжнародная музычная акадэмія пачала працу 26 жніўня.

 

Каля 40 удзельнікаў – музыкі з Беларусі, Германіі, Галандыі, Расіі, Украіны і Польшчы сабраліся ў мурах Мірскага замка на майстар-класы, прафесійныя дыскусіі, канцэрты.

Тэма акадэміі – музыка эпохі барока, якая ўзнікла ў часы культурнага росквіту дрэздэнскага двара Аўгуста Саксонскага, у прыдворнай капэле якога гралі самыя вядомыя музыкі свойго часу.
Аздоба музейных залаў цудоўна гармануе з музычнымі тэмамі пачатку XVIII стагоддзя.

Музыкі змогуць скарыстацца аўтэнтычнымі інструментамі, вырабленымі каля 300 гадоў таму.

Мастацкія кіраўнікі летняй акадэміі – Сюзанна Рэгель (Германія, барочны габой) і Крыстафер Хаммер (Германія/ЗША, клавесін). З беларускага боку іх падтрымлівае Уладзімір Неўдах (клавесін).

Сярод выкладчыкаў – знакамітыя музыкі: Сінція Робертс (ЗША, барочная скрыпка, віёла), Фібі Карраі (ЗША, барочная віяланчэль), Аксель Вольф (Германія, лютня), Галіна Мацюкова (Беларусь, флейта, флейта-траверсо) і Крысціян Бойсэ (Германія, барочны фагот).

Сярод удзельнікаў – студэнты і прафесійныя музыкі.

 

Выніковыя канцэрты летняй акадэміі, якія пройдуць 30 і 31 жніўня. Будуць адкрытыя для ўсіх ахвотных.

 

Праект падтрымліваецца Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі, нямецка-беларускім эканамічным клубам і Польскім інстытутам у Мінску.

 

Паводле http://www.belta.by