Славутасць Іўя – музей на паддашку

|

Так, самы сапраўдны музей з добра прадуманай экспазіцыяй, з мноствам цікавых і рэдкіх экспанатаў. Рэчы, выстаўленыя ў музеі, датычаць розных перыядаў гісторыі Іўеўшчыны, большасць з іх сабрана ў гэтым краі.

 

Мінулым родных мясцін Іван захапіўся яшчэ з ранняй маладосці, адтуль усё і пайшло. Першая старажытная манета, пажоўклая паштоўка, гадзіннік, які пачаў адлічваць час яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Рэчы для свайго музея Іван карпатліва збірае ўжо некалькі дзесяцігоддзяў.

Адначасова рабіў запыты ў розныя архівы, вёў перапіску з іншымі аматарамі краязнаўства з розных куткоў былога Савецкага Саюза, у розных крыніцах шукаў звесткі пра Іўеўскі раён. І ўсё гэта рабіў у вольны ад працы час і за свае грошы. Знаходзячыся ў музеі і размаўляючы з яго гаспадаром, не можаш не здзівіцца энергіі гэтага чалавека і яго захопленасці любімай справай.

 

Сёння ў Іўі ёсць два афіцыйныя музеі: асобны нацыянальных культур і, прысвечаны кнізе і наогул друку, у мясцовай бібліятэцы. Аднак райцэнтр ужо немагчыма ўявіць сабе без прыватнага музея Івана Буйко. Экскурсіі да краязнаўцы прыязджаюць з самых родных мясцін, нават з далёкага замежжа – пра гэта сведчаць запісы ў кнізе водгукаў. Час ад часу Івана наведваюць тэлевізійныя групы з розных, не толькі беларускіх, каналаў. Аднак, нават калі госць адзін, гаспадар не адмаўляе ў экскурсіі.

Каб трапіць у музей, трэба прайсці праз кладоўку, дзе стаяць звычайныя слоікі з марынаванымі гуркамі ды самаробнымі кампотамі, і падняцца на паддашак. Тут трапляеш у незвычайную атмасферу даўніны.

Вось нямецкі піўны куфаль пачатку мінулага стагоддзя. Яго можна патрымаць у руцэ (як, дарэчы, і ўсе астатнія экспанаты). Вось шкляны аптэкарскі посуд прыкладна з тых жа часоў. Вось першыя мадэлі патэфонаў – прадметы раскошы на момант з’яўлення. З папяровай капэрты гаспадар дастае кружэлку і патэфон ажывае. Ён і сёння ў дзейсным стане.

Ідзем далей. Вось прадметы часоў Першай сусветнай вайны, старыя фотаздымкі, паштоўкі, абутак. Трыццатыя гады мінулага стагоддзя, саракавыя… Плакат “Сталін і Маа – браты навек”. Якое б пытанне па гісторыі Іўеўшчыны я не задаваў, у Івана Буйко ёсць адказ. Ён імгненна дастае адпаведны сшытак, у якім ёсць адпаведны запіс, або папку з газетнымі выразкамі, або патрэбную кнігу.

Кніг тут таксама шмат, многія – з аўтографамі аўтараў. Гаспадар з гонарам паказвае выданне з запісам, зробленым Зянонам Пазняком. А вось першы нумар “Народнай волі” з аўтографам Іосіфа Сярэдзіча.

Дзве гадзіны гэтай незвычайнай экскурсіі праляцелі непрыкметна. У наш час вяртаемся па драўлянай лесвіцы, якая моцна рыпіць. Зноў праходзім міма слоікаў. Іншага памяшкання для гэтага музея пакуль што няма. Мясцовыя ўлады неяк прапанавалі Івану заняць будынак былой школы непадалёку ад Іўя. Буйко паглядзеў і адмовіўся: капітальны рамонт пацягнуў бы не адну тысячу долараў. Такіх грошай у яго няма.

 

Зараз Іван Буйко працуе ў Іўеўскім лясгасе, праз некаторы час пойдзе на пенсію. І вось тады марыць цалкам заняцца музейнай справай.

 

align=”left” alt=”Іўе, Іван Буйко, музей” >“У мяне нападалёку ёсць хутар, – гаворыць краязнаўца. – Там таксама розных гістарычных дробязяў хапае, ну, можа, менш каштоўных. Калі аб’яднаць гэту экспазіцыю і тое, што там, добрая рэч у выніку атрымаецца”. Усміхаецца і дадае: “Новы турыстычны маршрут будзе”.

 

Не магу з ім не пагадзіцца.