Пара загару, акуляраў і… праблем

|

– Так! – Грозна сказала мая афтальмолаг. – Калі цёмныя акуляры зробіш? Хочаш зноў месяц з кроплямі важдацца?

Увогуле цёмныя акуляры здольныя надаць нам шарм і чароўнасць, зрабіць наш вобраз больш стыльным… А вось што мне распавяла доктар.

Першае. Ультрафіялетавае выпраменьванне (УВ) здольна пашкодзіць неабаронены крышталік, які пераламляе прамяні святла, і сятчатку (унутраную абалонку вока, якая змяшчае фотарэцэптарныя клеткі, а таксама нейроны, якія утвараюць зрокавы нерв), што можа прывесці да развіцця катаракты (памутнення крышталіка, пры якім парушаецца перадача малюнку). Таму якасныя «сонечныя» акуляры павінны абараняць вока ад ультрафіялету.

Другое. На жаль, большасць «сонечных» акуляраў зніжаюць яркасць і не прапускаюць значную частку бачнага святла. Пашкадаваўшы грошай на акуляры, мы не задумваемся, што зэканомленая «капеечка» здольна згуляць з намі злы жарт.

І трэцяе. Некалькі парад, як правільна абраць «абарону» для вачэй:

Лепш за ўсё правяраць якасць сонцаахоўнага пакрыцця пры штучным асвятленні: надзеньце акуляры, паглядзіце на лямпу на працягу 10-15 секунд. Калі ніякага дыскамфорту пры гэтым вы не адчуеце, значыць, выбар зроблены дакладна.

Змясціце акуляры на адлегласць выцягнутай рукі і праз лінзы паглядзіце на прамую лінію (напрыклад, на аловак. Павольна перамяшчайце акуляры наперад-назад, уверх-уніз, звяртаючы пры гэтым увагу на тое, перакрыўляецца лінія або не. У першым выпадку падобныя акуляры могуць выклікаць у вас нязручнасць. Лінзы, якія скажаюць лінію, не пашкодзяць ваш зрок, але могуць выклікаць галаўны боль.

Лінзы павінны паглынаць 75-90 адсоткаў бачнага святла, гэта значыць прапускаць толькі 10-25 адсоткаў светлавых промняў. Калі адпаведныя дадзеныя на этыкетцы адсутнічаюць, ведайце, што акуляры павінны быць настолькі цёмнымі, каб вы, надзеўшы іх, не змаглі ўбачыць у люстэрка свае вочы.

Лінзы павінны быць досыць вялікімі, каб абараніць вочы ад святла, якое пранікае збоку, зверху і знізу. Яны павінны шчыльна сядзець на пераноссі і не спаўзаць. Папулярнае таніраванне лінзаў у розныя колеры можа не забяспечыць дастатковага паглынання сонечных промняў.

І апошняе. Якасныя лінзы не могуць быць супер-таннымі, аднак і за нечуваныя грошы можна купіць глупства. Акуляры, якія мая доктар набыла сабе, каштуюць 48.000 бел. руб. Пайду сабе набываць…