Украіна – гэта Беларусь 90-х

|

Галоўная рыса, якая кідаецца ў вочы беларусу, канешне, разняволенасць. Больш свабоды. Сёлетні выпадак у сяле Урадзіеўка (міліцыянты згвалцілі дзяўчыну, што выклікала беспарадкі з боку насельніцтва) з аднаго боку дзікі для Беларусі, з іншага – павучальны. З аднаго боку нашыя менты пакуль занадта даклікатныя, каб рабіць падобны “беспредел” сістэмным.  З іншага – беларусы занадта занятыя сваімі справамі, каб у падобным выпадку блакаваць райаддзел міліцыі ды закідваць яго “кактэйлямі молатава”.

Адзін знаёмы расказаў пра выпадак, калі ўкраінскі таксіст у адказ на прэтэнзіі з боку ДАІ, дастаў нож са словамі: “Вас двое – я адзін, але кола вам прабіць я паспею…”. Даішнік доўга не думаў: “…Да ты нармальны мужык!” Таксіст перамог: патэнцыйны хабар зменшыўся на палову. І воўкі сытыя, як кажуць…

Адсутнасць свабоды ды магчымасцяў самарэалізацыі разам з ціхай нянавісцю і жаданнем усім адпомсціць нараджае ў шматлікіх беларусаў неўрозы, якія пераходзяць у алкагалізм, хатнія істэрыкі, арганізацыю круглых сталоў па палітычных пытаннях… На дадзены момант ва Украіне больш палітвязняў, чым у Беларусі, разам з гэтым – менш неўрозаў.


Ёсць інтрыга – ёсць палітыка

 

Апазіцыі, з якой ты сутыкаешся штохвіліну на вуліцы (у выглядзе графіці, наклеек, партыйных намётаў са сцягамі), украінцы часта не давяраюць. Затое яна існуе. Беларускай апазіцыі за адсутнасцю альтэрнатывы вераць (асабліва перад выбарамі), нягледзячы на тое, што дэ факта яе няма. Цяжка казаць пра палітычную культуру ўкраінцаў, затое з дакладнасцю нельга назваць іх апалітычнымі: людзям цікавыя бойкі ў Вярхоўнай радзе, лёс Цімашэнкі, Мытны саюз. Крытыкуючы апазіцыянераў, украінец ведае іх па прозвішчах, пазнае ў твар.

Як улада, так і апазіцыя ва Украіне – персаналізаваная, гэта канкрэтныя людзі, тыпажы, характары, што і дазваляе адбывацца поўнавартаснай каляровай сцэнічнай дзеі. Інтрыга – тое, што ёсць ва ўкраінскай палітыцы розных узроўняў: ад пытання аб сланцавым газе да лакальнага канфлікту жыхароў з забудоўшчыкамі.

 

Улетку ў Львове перад пачаткам прэс-канферэнцыі літаральна на прыступках былі збітыя два актывісты: згодна з канонамі жанру, прафесійна спрацавалі хлопцы ў спартовых касцюмах. І на каго вы падумалі? “Крывавы рэжым”, СБУ? Не. Кіруючая “Партыя Рэгіёнаў”? Не! Пацярпелыя ў нападніках апазналі асабістых ахоўнікаў аднаго з народных дэпутатаў ад апазіцыйнага аб’яднання. А справа ішла за канфлікт вакол зносу жылой забудовы нейкім камерсантам…

Вы ўяўляеце, каб у Беларусі людзі Янукевіча збілі актывістаў Калякіна за тое, што тыя падбівалі да страйку працоўных заводу, які “крышуе” Народны Фронт?.. Згодзен, цяжка. Але, як лічаць некаторыя, гэта і робіць палітыку цікавай, а жыццё – паўнавартасным.


“Банда”

 

Карупцыя – тое, з чым сустракаешся паўсюдна: на мяжы, у паліклініцы, нават на могілках (калі раптам хочаш прайсці пасля 18-й на мемарыяльны комплекс ды не ведаеш усіх дзірак у агароджы, з цябе, як з лоха, начны вартаўнік у камуфляжы возьме 10 грывен).

Напрыклад, сайт польскага консульства, дзе можна падаць анкету на рэгістрацыю ў чарзе за візай, пастаянна заблакаваны. Разблакоўваецца раз на суткі, хвілін на 10-20, каб умоўна невядомыя асобы маглі зарэгістраваць сваіх кліентаў, якія башляюць ім за афармленне дакументаў.

 

Нават калі вы нейкім цудам змаглі патрапіць у гэты інтэрвал, зарэгістравацца, і ўжо прыходзіце шчаслівы ў консульства праз два месяцы, вас можа непрыемна здзівіць навіна, што замест кода пашпарта вы ўвялі асабісты код (праграма на сайце адмыслова перастаўляе дадзеныя), таму анкета была запоўнена няправільна – чакайце яшчэ два месяцы. Зусім забыўся, нейкім чынам акурат на гэты дзень ды час на прыём была запісана зусім іншая асоба…

Калі верыць “Хартыі”, у польскіх консульствах у Беларусі на выдачы візаў сядзіць КДБ, ва Украіне – тыя, каго прынята лаканічна называць “банда”.

 

Сутыкаючыся з “бандай” у штодзённым жыцці (ва ўніверсітэце, ЖЭСе, лякарні) украінцы часцяком згадваюць Аляксандра Рыгоравіча: “Ваш Лукашэнка бы іх усіх пастраляў!”, “Усе б сядзелі!”, “Ён там у вас па-казацку кіруе…” і г.д. Свабода – ключавое для ўкраінцаў паняцце, ужо ўвасобілася ў аднаіменнае палітычнае аб’яднанне. Але калі б давялося рэгістраваць партыю зараз, хто ведае, ці не назвалі б яе “Парадак” – людзі галасавалі б за назву.


“Сацыяльная дзяржава”

 

Дарэчы, сапраўдны “гонар” за Беларусь адчуваеш тады, калі нідзе не можаш памяняць яе валюту. Узімку давялося абыйсці ўвесь цэнтр Львова, пакуль фарбаваная пані з выглядам мецэнаткі памяняла 200 тысяч па ўдвая (!) меншым за беларускі курсе. Звярнуўшы ўвагу на тое, што я не адыходжу ад вакенца і ўсё яшчэ чагосці чакаю, фарбаваная пані кінула: “Больш наогул ніхто не бярэ” – “..Ведаю!”

Зноўку адчуваеш гонар за сваю родную “сацыяльную дзяржаву” падчас праезду ў прыватнай маршрутцы, які каштуе 2 грыўны (2 тысячы б.р.), для інвалідаў ды ветэранаў – бясплатна. Захаваліся ільготы і на іншыя катэгорыі транспарту: цягнік, аўтобус, тралейбус, трамвай, ад якіх беларусы паспелі ўжо адвыкнуць.


Бамжы

 

У Беларусі, памятаю, недзе ў 2006-м, у адной з вёсак Віцебскай вобласці сталася ЧП: раптам там з’явілася каля 40 бамжоў. На месца выехала група АНТ, участковы нешта тлумачыў, пачаўшы са словаў: “Это явление…”, нібы справа тычылася НЛА. А бамжоў тупа вывезлі з Мінска, каб не псавалі выгляд горада.

 

На вуліцах украінскіх гарадоў багата жабракоў (яшчэ адна рыса Беларусі 90-х) – бязрукіх, бязногіх, цыганак з дакументамі на хворых дзяцей, бабулек, якія нешта спяваюць, каб звярнуць на сябе ўвагу… У Львове адзін такі беспрытульны, якога я бачыў рэгулярна, днём сядзеў у інвалідным крэсле каля ўваходу ў супермаркет, а ўначы спаў на раскладушцы за 40 метраў ад яго. Гэтага каларытнага барадатага вуйка ў чорных акулярах, нечым падобнага да Хэмінгуэя, я назіраў некалькі месяцаў. Чамусці ніхто не ганяў яго і не вывозіў за горад.


Львоў-Мюнхен?..

 

Камусці Заходняя Украіна нагадвае Баварыю 1920-х: кансерватыўны рэгіён з вялікім і амбіцыямі ды слабой прамысловасцю, з багатай культурай і побытавай беднасцю, з дастатковай колькасцю “адарванага элементу”, які, зазвычай, і робіць усе рэвалюцыі. Паралель не новая, на яе не стамляюцца ўказаць расейскія СМІ, аб ёй не стрэмаюцца з гонарам пісаць у профілях сацсетак маладыя ўльтраправыя дэпутаты Вярхоўнай Рады.

Я б спыніўся ўсё ж такі на паралелі з Беларуссю 90-х. Гэта не абраза і не прыкмета адсталасці. Асабліва калі ўлічыць, што мы самі зараз знаходзімся нібы ў далёкіх “застойных” 70-х…