Гродна возьме ўдзел у Еўрапейскіх днях назіранняў за птушкамі

|

У Гродне Еўрапейскія восеньскія дні назіранняў за птушкамі ладзяцца з 1999 года.

5 кастрычніка з 14 да 17 гадзін аматары птушак зноў збяруцца ў парку Жылібера.

 

Сябры грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” абсталююць спецыяльную пляцоўку.

Праз оптыку, падзорныя трубы і біноклі кожны ахвотны зможа паразглядаць птушак. Вызначыць від птушкі дэлетанту дапамогуць арнітолагі.

Тут жа пройдзе конкурс па зборцы птушак з канструктара “Лего” з прызамі для пераможцаў.

Фотаздымкі ўдзельнікаў назіранняў акцыі  з’явяцца на сайце АПБ.

 

6 кастрычніка  з 9.30 да 14.30 АПБ запрашае гарадзенцаў на экскурсію на вадасховішча каля вёскі Карозічы (каля 30 км ад Гродна).

Каля вадасховішча ў гэтыя дні можна назіраць да 40-50 відаў пералётных птушак, якія спыняюцца тут на адпачынак.

Удзельнікі экскурсіі змогуць больш даведацца пра птушак, што сустракаюцца на вадаёмах, у лясах, палях альбо горадзе і атрымаць кансультацыі арнітолагаў.

Мінулай восенню сябры Гарадзенскага аддзялення АПБ налічылі каля вадасховішча 44 віда птушак – больш, чым назіральнікі ў іншых беларускіх рэгіёнах.

Скончыцца экскурсія смажаннем каўбасак на вогнішчы.

 

Далучыцца да вандроўкі можна (пажадана на ўласным транспарце), патэлефанаваўшы на нумар МТС 688 75 89 (Дзмітры Вінчэўскі).

Кошт пачастунку для дарослых удзельнікаў – 35 тысяч, для непаўнагадовых – 25 тысяч рублёў.

 

Восеньскія дні назіранняў за птушкамі – штогадовая міжнародная асветніцкая акцыя.

Летась да яе далучыліся больш за 64 тысячы чалавек з усяго свету, якія назіралі 33 063 птушкі 112 розных відаў.

Удзельнічаць у Еўрапейскіх назіраннях за птушкамі можна і самастойна: выйсці на прыроду, адзначыць усіх сустрэчыт птушак, вызначыць іх віды і паведаміць у сакратарыят АПБ да 16.00 6 кастрычніка праз он-лайн форму на сайце (працуе з раніцы 5 кастрычніка), паведамленне на Facebook альбо VKontakte; паведамленне на эл.адрас [email protected]  альбо па тэлефонах (017) 263-06-13; Velcom (029) 101-68-87 МТС (029) 223-06-1.

 

Здымак http://birdwatch.by