У парку Жылібера назіралі за птушкамі

| Без катэгорыі

Сёння дзясяткі гарадзенцаў – у асноўным дзеці – мітусіліся з біноклямі ды падзорнымі трубамі на беразе Гараднічанкі, некалькі дарослых тлумачылі ім нешта, падмацоўваючы свае словы каляровымі буклетамі з выявамі птушак. Так арганізацыя “Ахова Птушак Бацькаўшчыны” адзначыла “Восеньскія дні назірання за птушкамі”.

Кожныя першыя выходныя кастрычніка адбываецца традыцыйная агульнаеўрапейская акцыя па назіранні за птушкамі. У панядзелак дадзеныя апрацоўваюцца і арнітолагі маюць дадзеныя аб колькасным і відавым складзе перыстых. У гарадах Беларусі гэтыя функцыі выконваюць сябры АПБ.


“Акцыя з’яўляецца адначасна і навуковай і папулярызатарскай, – тлумачыць дырэктар Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ Яўген Сліж, – мы хочам звярнуць увагу людзей на размаітасць птушак побач з намі, а таксама нагадаць, што яны патрабуюць аховы”.

 

У Гродне акцыя ўжо стала традыцыйнай: у першы яе дзень арнітолагі збіраюцца ў парку Жылібера, а ў другі выязджаюць экскурсіяй за горад.

“Качка-крыжанка, грак, шызы голуб, шпак, верабей, шэрая варона – вось асноўныя віды птушак, якія можна сустрэць у горадзе, – працягвае Яўген, – калі ж мы выедзем за яго межы, дык там зможам пабачыць больш за 40 відаў”.

Па словах арганізатараў акцыі, дзень атрымаўся ўдалым: дзякуючы сонечнаму надвор’ю прыйшло не толькі шмат людзей, але таксама прыляцела “пакрасавацца” шмат птушак.

 

Здымкі Яна Лялевіча