![](https://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/styl/images/cms-image-000002641.jpg)
На Гродзеншчыне з’явяцца латвійскія кавярні
Латвійская рэстаранная сетка Lido зацікаўлена ў будаўніцтве аб’ектаў ля Гродна, на трасе паміж Польшчай і Масквой. Ужо прыгледжана месца, дзе на тэрыторыі ваеннага гарадка ёсць магчымасць арганізаваць стаянку для фур і рэстаран.
У Гродзенскім аблвыканкаме цяпер чакаюць прадстаўнікоў кампаній для дэталёвых перамоваў. Інвестарам прапануюць на выбар больш за тысячу месцаў з аб’ектамі, якія могуць быць ператвораны ў кавярні і рэстараны. Пачатковы кошт некаторых будынкаў – 15 долараў, праўда, і стан адпаведны.
Затое гродзенскія ўлады абяцаюць латвійскім бізнесменам падаткавыя ільготы.
Тым не менш замежныя кампаніі занепакоены няпэўным станам беларускага рэстараннага бізнеса, зніжэннем даходаў насельніцтва і жорсткім дзяржаўным рэгуляваннем бізнеса.
На фота: Інтэр’ер рэстарана Lido