Адкрыўся музей у Тэатры Лялек

| Без катэгорыі

Першая экспазіцыя прысвечаная творчасці найстарэйшага беларускага тэатральнага мастака Леаніда Быкава. Яе можна будзе ўбачыць на працягу некалькіх бліжэйшых месяцаў – згодна з канцэпцыяй музея экспазіцыі ўвесь час маюць змяняцца.

“Мне тут, напрыклад, адразу кідаецца ў вочы галава ідала, – звяртае ўвагу галоўны рэжысёр тэатра Алег Жугжда (на здымку), – з пастановы “Балада аб белай вішні”, пастаўленай у 1986 г. Гэта п’еса пра Гродна і нашае гераічнае мінулае. Ну а наогул, у сувязі з абнаўленнем рэпертуара, вельмі шмат лялек са старых пастановак неўзабаве апынецца ў музеі.”

Тэатральныя музеі – частка міжнароднай традыцыі. У Беларусі такі музей ёсць у Мінску, асобныя выставы лялек таксама ладзяцца ў Магілёве ды Віцебску. Плануецца адкрыць аналагічны музей у Брэсце. Напрыклад, музей лялек у Каўнасе нават возіць сваю калекцыю для выставаў у іншыя краіны.

Для таго каб патрапіць у музей лялек, трэба будзе замовіць экскурсію альбо наўпрост зазірнуць перад пачаткам чарговага спектакля.

 

Здымкі Яна Лялевіча