“Прынёманне” і “Гродна ’93” перамаглі сапернікаў у чарговым туры чэмпіянату Беларусі

|

Пачаць варта з пройдзенага матэрыялу. Калі аб гульнях “Гродна ’93” у горадзе апавяшчаюць хаця б рэдкія афішы, то аб гульнях “Прынёмання” можна даведацца толькі калі ты непапраўна павернуты на баскетболе або сярод тваіх родных і блізкіх ёсць такія. Так-сяк на дэбютную, паўнавартасна хатнюю, гульню “Прынёмання” такіх набралася каля чатырох дзясяткаў і вымушаныя яны былі туліцца ў сціплай спартовай зале ГрДУ імя Янкі Купалы па вуліцы Захарава. Са слоў галоўнага трэнера Віталя Анатольевіча Маклакова, гэтая пляцоўка і будзе хатняй для “Прынёмання” . Падрыхтоўка залы да першай афіцыйнай гульні вялася аж да стартавага свістка.

На баскетбольнай мапе Беларусі новы пункт – зала на Захарава

 

Гледзячы на размінаючыхся гульцоў “Прынёмання” і “Імпульс-БДУІР”, падсвядома разумееш, што будзе сустрэча дзвюх роўных каманд, паколькі склад іх напоўнены, у асноўным, студэнтамі. Сталічныя баскетбалісты нават арганізавалі невялікае “Данк шоў”, на працягу некалькіх хвілін выконваючы разнастайныя кідкі зверху.

З мячом Аляксандр Семянюк. У гэтай гульні ён аформіў чарговы дабл-дабл

 

Першая чвэрць прайшла ў цалкам роўнай барацьбе з частай зменай лідара і засталася за радэётэхнiкамi – 24-22 на карысць гасцей. Старт наступнай чвэрці атрымаўся на карысць “Прынёмання” і ўпершыню ў гульні яны адарваліся ад апанента на чатыры ачкі, але праз тры хвіліны перавага знікла і трэнер гаспадароў узяў хвілінны перапынак. Як аказалася, гэты тайм-аўт пайшоў на карысць: 42-36 на зыходзе першай паловы.

У атацы Юрый Глебовіч

 

Другая палова была перапоўненая сілавой барацьбой і, як следства, была багатай на фолы і беднай на колькасць набраных ачкоў (15-14 вынік трэцяй чвэрці). Растлумачыць гэта можна нежаданнем саступаць і стомленасцю гульцоў (пятая гульня за тыдзень для гарадзенцаў). Але варта адзначыць, што, авалодаўшы перавагай пасля першай паловы, “Прынёманне” змагло ўтрымаць яго на працягу ўсіх дваццаці хвілін, толькі аднойчы дазволіўшы наблізіцца да сябе ўшчыльную. Як вынік – першая перамога “Прынёмання” з вышэйшай лізе!

 

У гэты ж час у Мінску баскетбалісты “Гродна ’93” ўпэўнена перайгралі другую каманду сталічнага “Цмокі-Мiнск”. Больш-менш роўная барацьба назіралася толькі на старце першай чвэрці, затым каманда Андрэя Васілеўкі нарошчвала перавагу, якая да сярэдзіны трэцяй чвэрці склала 26 ачкоў. Праўда, да яе зыходу адрыў скараціўся да “+ 13” і захоўваўся на працягу ўсяго заключнага адрэзка.

 

У чацвёртым туры, які адбудзецца 1 лістапада, “Прынёманне” адправіцца ў Асіповічы, дзе згуляе з мясцовай “Свіслаччу”. А “Гродна ’93” згуляе на сваім паркеце з ужо знаёмым нам БДУІРам.

 

Здымкі Аляксандра Чугая