Гарадзенская “Алімпія” атрымала трэцюю паразу ў Еўракубку

|

Сустрэча трэцяга тура Еўракубка праходзіла 21 лістапада ў Стамбуле. Турэцкая каманда, у складзе якой гуляюць некалькі баскетбалістак святовай класы, вырашыла лёс сустрэчы ўжо ў першай чвэрці, выйграўшы яе з лікам 29-9.

 

Далей турчанкі, у складзе якіх саліравалі амерыканкі Шэніз Джонсан (20 ачкоў) і Крыстэл Лэнгхорн (13 ачкоў) спакойна давялі гульню да перамогі.

 

Свісток арбітраў сустрэчы зафіксаваў перамогу гаспадынь з лікам 78-49.

 

Самай выніковай у складзе гарадзенак сталі канадка Джулі Сібрук (9 ачкоў) і ўкраінская цэнтравая Любоў Алёшкіна (8 ачкоў).

 

Такім чынам, у першай палове групавога турніра гарадзенкі саступілі ва ўсіх трох сустрэчах і практычна згубілі ўсе шансы на выхад у наступную стадыю турніра.

 

Цешыць сябе нашай камандзе можна хіба толькі тым, што дзякуючы ёй у Беларусь завітаюць такія моцныя каманды, як маскоўскае “Дынама” (28 лістапада) і турэцкі “Універсітэт” (12 снежня).

 

Вось толькі гарадзенцы гэтыя сустрэчы наўрадці ўбачаць, бо “Алімпія” прыймае сваіх супернікаў па еўрапейскіх турнірах у Лідзе…