Гарадзенскі міліцыянер, які фальсіфікаваў справы, асуджаны на 5 гадоў
Разгляд справы вёўся гарадзенскім вайсковым міжгарнізонным судом цягам некалькіх месяцаў.
20 лістапада Аляксандру Траўкову вынеслі прысуд. Адпраўленага ў турму міліцыянта пазбавілі таксама маёрскага звання, якое той атрымаў якраз пасля сфальсіфікаванай справы супраць Аляксандра Жарліцына і яшчэ трох маладых хлопцаў.
Апроч гэтага, пасля вызвалення Траўкоў яшчэ цягам 5 гадоў не зможа займаць былой пасады оперупаўнаважанага.
«Я не магу сказаць, што я вельмі радуюся прысуду, – распавёў Аляксандр Жарліцын, які ні за што адседзеў у турме 5 гадоў. – Але Траўкоў атрымаў тое, што заслужыў.
Прысуд, я лічу, справядлівы. Бо калі б болей далі… у яго дзеці маленькія, і іх нехта мусіць карміць».
Цяпер, дачакаўшыся выраку для несумленнага міліцыянты, Жарліцын плануе з’ехаць з Беларусі, дзе, як ён лічыць, занадта небяспечна жыць. «Пасля Новага года паспрабую з’ехаць з Беларусі, як і планаваў. Новы год яшчэ тут адсвяткую, а потым з’еду».
Аляксандра Жарліцына і яшчэ траіх маладзёнаў асудзілі ў 2007 годзе на 8 гадоў пазбаўлення волі за незаконнае захоўванне і продаж наркотыкаў.
Справу вёў оперупаўнаважаны групы наркакантролю гарадзенскай транспартавай міліцыі Аляксандр Траўкоў.
Праз 5 гадоў перагляд справы паказаў, што Траўкоў цалкам сфальсіфікаваў абвінавачанні з мэтаю паляпшэння паказнікаў сваёй службы. Хлопцаў вызвалілі ды цалкам апраўдалі, а ў дачыненні Траўкова пачалося судовае разбіральніцтва.
Траўкова абвінавацілі паводле часткі 3 артыкулу 426 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь – перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, што караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў з забаронаю займаць пэўныя пасады.
Здымак http://nv-online.info